Кіраўнік місіі СААЗ Патрык О’Конар падчас сустрэчы ў Віцебскім аблвыканкаме, паведаміў, што да гэтага дэлегацыя працавала ў Кітаі і Гішпаніі. Падкрэсьліў, што сытуацыя ў кожнай краіне разьвіваецца па-рознаму і адзінага для ўсіх рэцэпту няма.
Важна, як адзначылі прадстаўнікі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, быць гатовымі да працяглай барацьбы з эпідэміяй, якая можа расьцягнуцца на 12-18 месяцаў. Таксама важна адцягнуць пік заражэньня, каб сыстэма аховы здароўя была гатовая даць рады.
Падчас сустрэчы зазначалася, што барацьба з COVID-19 – гэта ня толькі праблема аховы здароўя, але і органаў улады, прамысловасьці, бізнэсу, грамадзтва ўсьцяж. Перамагчы каронавірус можна толькі агульнымі намаганьнямі.
У сваю чаргу, кіраўнік Віцебскай вобласьці Мікалай Шарстнёў адзначыў, што кожная краіна выбірае для сябе аптымальны варыянт.
«Пазыцыя Беларусі – ня толькі змагацца з эпідэміяй, але і захаваць эканоміку. Аднак абарона людзей – першасная», – сказаў старшыня Віцебскага аблвыканкаму.
Пасьля сустрэчы ў аблвыканкаме дэлегацыя СААЗ пабывала ў мэдычных установах Віцебску. Свае меркаваньні міжнародныя экспэрты агучаць 11 красавіка падчас брыфінгу ў Менску.
Нагадаем, 9 красавіка афіцыйны прадстаўнік СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў, выступаючы перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, заклікаў улады ўзмацніць захады сацыяльнага дыстанцыяваньня. Ён падкрэсьліў, што зрабіць гэта неабходна яшчэ да таго, як надыдзе пік захворваньняў. Паводле міністра аховы здароўя Беларусі Ўладзімера Караніка, пік захворваньняў на каронавірус у Беларусі можа прыпасьць на канец красавіка – пачатак траўня.
На 10 красавіка, паводле Міністэрства аховы здароўя, агульная колькасьць пацьверджаных выпадкаў захворваньня каронавірусам у Беларусі складае 1962 (169 выздаравелых). Памерла 19 чалавек.