Серада, 22 Красавік 2020

Завод «Прыдзьвіньне» вырабляе штодзень 5000 літраў сьпірту для дэзынфэктараў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота: giladiskon.com Ілюстрацыйнае фота: giladiskon.com

Віцебскі лікёра-гарэлачны завод «Прыдзьвіньне» штодзень вырабляе да 5000 літраў сьпірту для вытворчасьці сродкаў дэзынфэкцыі. Пра гэта паведаміў намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктар Глушын у адказе на зварот актывісткі БХД Тацяны Севярынец. Чыноўнік сьцьвярджае, што на сёньня ўсе ўстановы аховы здароўя гораду забясьпечаныя лекавымі сродкамі ў поўным аб'ёме.

«У цяперашні момант установы аховы здароўя гораду Віцебску забясьпечаныя ў поўным аб’ёме лекавымі сродкамі ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі нарматыўных дакумэнтаў. Сродкі індывідуальнай засьцярогі і вадкасьці для дэзынфэкцыі ёсьць у дастатковай для захаваньня санітарна-эпідэміялягічнага рэжыму колькасьці, запасы папаўняюцца. Пытаньне вытворчасьці і забесьпячэньня пастаўкі ў аптэчную і гандлёвую сетку сродкаў індывідуальнай засьцярогі знаходзіцца на штодзённым кантролі ў гарвыканкаме», – паведаміў Віктар Глушын.

Паводле пададзенай у адказе інфармацыі, прадпрыемствамі і арганізацыямі гораду за суткі вырабляецца больш за 100 тысяч мэдычных і бытавых масак. Вытворчасьць сродкаў індывідуальнай засьцярогі для сыстэмы аховы здароўя арганізаваная на пяці прадпрыемствах, у тым ліку на ААТ «Труд-Віцебск», ПП «Матэкспром», ААТ «Канструктарскае бюро «Дысплэй» ды інш.

«ААТ «Віцебскі лікёра-гарэлачны завод «Прыдзьвіньне» за суткі вырабляе да 5 тысяч літраў сьпірту, які пастаўляецца ў сыстэму «Фармацыя» для вытворчасьці сродкаў дэзынфэкцыі. УП «Палімерканструкцыя» арганізавала вытворчасьць дэзынфэкцыйных сродкаў для апрацоўкі офісных і вытворчых памяшканьняў, адкрытых вытворчых плошчаў», – паведаміў чыноўнік.

У звароце ў Віцебскі гарвыканкам Тацяна Севярынец уздымала таксама пытаньні навучаньня школьнікаў і студэнтаў падчас пандэміі, падвышэньня коштаў на садавіну ды іншыя.

«Зьвяртаем вашую ўвагу, што эфэктыўнасьць мер, якія прадпрымаюцца, залежыць непасрэдна ад асабістай адказнасьці кожнага чалавека ў стаўленьні да сябе і людзей побач зь ім», – падсумаваў у адказе на зварот Віктар Глушын.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.