Паведамляецца, што ў трохпавярховым будынку апроч сучасных кабінэтаў, апэратыўна-дзяжурнай часткі і прасторнай актавай залі, зьявілася і трэнажорная заля. На прылеглай тэрыторыі паставілі навесы для службовага транспарту. Паўсюль усталяванае відэаназіраньне. Будаўнічыя працы выконвала прадпрыемства “Жылбуд”.
З нагоды ўлазінаў Юры Караеў падарыў ад імя МУС Першамайскаму аддзелу новы Geely Atlas.
“Але ў цэнтры вашай увагі заўжды мусіць быць чалавек. У аснове даверу людзей ляжыць перш за ўсё ўпэўненасьць, што іх правы і інтарэсы будуць абароненыя, а асабістая недатыкальнасьць і маёмасная бясьпека надзейна забясьпечаныя”, – сказаў падчас урачыстасьці Юры Караеў.
Прайшоўшы па памяшканьнях новага будынку РАУС, міністар унутраных справаў зазначыў, што ўсё зроблена якасна, не для галачкі, “з душой, для людзей”.
“Напэўна, і думкі ў такіх сьценах будуць сьвятлейшыя, і праца – лепшая”, – падзяліўся ўражаньнямі міністар.
Сымбалічны ключ ад будынку быў уручаны начальніку Першамайскага РАУС Віцебску Аляксандру Чарняўскаму.
Аддзел унутраных справаў Першамайскага раёну Віцебску быў утвораны ў 1922 годзе. Да 1998 году РАУС разьмяшчаўся ў будынку па вуліцы Чырвонагвардзейскай, 20. Пазьней – у даваенным будынку на праспэкце Чарняхоўскага, 29, які раней уваходзіў у комплекс віцебскага вайсковага аэрадрому.
Нагадаем, у сакавіку 2019 году новае аддзяленьне міліцыі (Першамайскі РАУС) адкрылі ў віцебскім мікрараёне Білева.