Аўторак, 16 Красавік 2019

Эканаміст Яраслаў Раманчук ня выключыў, што мог бы ўзначаліць Віцебскую вобласьць

Ацаніць гэты матэрыял
(18 галасоў)
Яраслаў Раманчук у Віцебску Яраслаў Раманчук у Віцебску

Днямі вядомы беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук правёў у Віцебску сустрэчу зь мясцовымі бізнэсоўцамі – сябрамі “Асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў”. Пасьля імпрэзы карэспандэнт “Віцебскай Вясны” задаў Раманчуку некалькі пытаньняў.

“Віцябляне не гаспадары на ўласнай зямлі…”

– Нядаўна Лукашэнка ўчыніў праборку старшыням Магілёўскага і Віцебскага аблвыканкамаў. Адразу пасьля гэтага магілёўскі “губэрнатар” быў адпраўлены ў адстаўку, а віцебскі застаўся на сваёй пасадзе, хоць для Мікалая Шарстнёва гэта была ўжо другая прэзыдэнцкая вымова (першая – за “бардак у Воршы”). Як мяркуеце, ці Шарстнёў доўга яшчэ пасядзіць у сваім фатэлі?..

– Кадравыя прызначэньні ў старым рэжыме прыняцьця рашэньняў ня маюць аніякага сэнсу. Нават калі ўявіць сытуацыю, што кожны з кіраўнікоў раёнаў будзе ўзначальваць вобласьць, якасьць кіраваньня і сытуацыя ніяк ня зьменіцца. Таму што эканоміка рэгіёну, матывацыя начальства Віцебскай вобласьці ніяк не арыентаваная на тое, каб забясьпечыць доўгатэрміновы і ўстойлівы рост рэгіёну за кошт правядзеньня рэформаў.

Тут неабходная паўнавартасная рэгіянальная палітыка, дэцэнтралізацыя <…> каб рашэньні па маёмасьці, па актывах прымаліся менавіта тут, на месцы.

Таму што ўзровень недакапіталізацыі, невыкарыстаньня прыродных рэсурсаў на Віцебшчыне самы вялікі ў краіне. Мець Браслаўскія азёры, мець такую шыкоўную прыроду – і выкарыстоўваць яе на мізэр! Гэта паказчык таго, што тут занадта шмат дзяржавы і занадта мала ініцыятывы, а віцябляне не зьяўляюцца гаспадарамі на ўласнай зямлі.

“Пытаньне не ў пасадзе, а ў паўнамоцтвах…”

– Пасьля “Вялікай размовы” з Лукашэнкам вам прапанавалі ўзначаліць на выбар адзін са стратных калгасаў. І вы адмовіліся. А калі Шарстнёва адхіляць і вам раптам прапануюць узначаліць Віцебскую вобласьць? Пагадзіцеся?..

– Пытаньне не ў пасадзе, пытаньне ў паўнамоцтвах і кампэтэнцыі. Ты прыходзіш і кажаш, што я зраблю Віцебскую вобласьць цукеркай, але мне для гэтага трэба вось гэта, гэта і гэта. І калі Аляксандар Лукашэнка пагодзіцца на зьмену паўнамоцтваў, калі ён дасьць магчымасьць рэалізаваць тую канцэпцыю рэгіянальнай палітыкі, якую я стварыў, калы дасьць ажыцьцявіць мае ўяўленьні аб падаткаабкладаньні, кіраваньні маёмасьцю, інвэстыцыйных рашэньнях – тады я не выключаю такой магчымасьці…

Сытуацыя ў сельскіх раёнах – блізкая да катастрафічнай

– Якія эканамічныя праблемы бачацца вам найбольш актуальнымі і характэрнымі для Віцебскай вобласьці?

– Блізкасьць Расеі прадугледжвае ціск на падатковую і рэгулятарную сыстэму рэгіёну, таму што вы, як ніхто іншыя, востра адчуваеце канкурэнцыю з боку Смаленску, Бранску ды іншых расейскіх рэгіёнаў. І калі рэгулятарная і падатковая нагрузка вышэйшая, а стаўленьне да інвэстараў горшае, то пытаньне ператоку грошай і працоўнай сілы ў Расею – толькі справа тэхнікі. Як паказвае практыка, у Смаленску ледзь ня кожны другі бізнэс зьвязаны з Беларусьсю.

Таму тут <…> трэба ствараць агульныя спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця рэгіёну, трэба сыстэмна падыходзіць да гэтай праблемы, рабіць адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу, аптымізаваць сыстэму кіраваньня, пачынаць паўнавартасную прыватызацыю – для таго каб максымальна поўна забясьпечыць умовы для працы грамадзян вобласьці.

Зараз мала таго што існуе адток з раёнаў у Віцебск, зь Віцебску ў Менск, з вобласьці ў Расею – дык ёсьць яшчэ вельмі сур'ёзная, блізкая да катастрафічнай, дэмаграфічная сытуацыя ў сельскіх рэгіёнах Віцебшчыны, дзе сярэдні ўзрост жанчын набліжаецца да 50 гадоў. То бок калі яшчэ гадоў 20 нічога не рабіць і ісьці па інэрцыі, то 75% жыхароў рэгіёну будуць жыць у чатырох гарадах – Віцебску, Полацку, Наваполацку і Воршы. Усё астатняе будзе неабжытым краем.

Аршанскі афшор. “Гэта плюс, але…”

– Зараз на слыху так званы “аршанскі экспэрымэнт”, ці, як яго яшчэ называюць, “аршанскі афшор”. Як думаеце, наколькі ён будзе пасьпяховым і што дасьць эканоміцы Віцебскай вобласьці?

– Калі ў рэгіён прыходзіць 2,5 млрд. даляраў, гэта ж усё адно павінна дзесьці асвойвацца. Таму гэта новыя працоўныя месцы, разьвіцьцё інфраструктуры, гэта міжнародны аэрапорт… Так што гэта ўсё, канечне ж, плюс. У бліжэйшыя тры-пяць гадоў, калі гэта будзе асвойвацца, будаўнікі атрымаюць сваё, транспартнікі сваё. Будуць нейкія патокі перанакіроўвацца – нічога дрэннага ў гэтым няма <…>.

Але дзе пацьверджаньні альбо пляны, згодна зь якімі прадукцыя гэтых прадпрыемстваў і паслугі дадзенага клястэра будуць запатрабаваныя ўнутры краіны альбо ў рэгіянальным разьвіцьці? І вось тут узьнікаюць вялікія пытаньні. Таму што насамрэч раздача такога кшталту льготных рэжымаў у асобна ўзятым рэгіёне краіны супярэчыць стратэгіі стварэньня адзіных правілаў гульні на агульнай прасторы – тэрыторыі Расеі, Беларусі, Казахстана, Армэніі і Кыргызстана і могуць выклікаць такія ж пытаньні, якія выклікаў, напрыклад, “Вялікі камень” <…>.

То бок, калі мы робім такую афшорную дзірку, то гэта адзін сюжэт. Ну так, мы можам атрымліваць тавары.

Але я думаю, што беларускія вытворцы першыя ўзвыюць, калі тавары, якія будуць паступаць праз аршанскі афшор апынуцца на рынку Беларусі.

А калі гэта будзе разьлічана толькі на рынак Расеі, то, я думаю, расейцы дастаткова ўважліва сочаць за тым, што робяць беларускія ўлады, каб потым стварыць неспрыяльныя ўмовы для працы ўсіх беларускіх вытворцаў на рынку Расеі.

Таму, калі гэты праект сапраўды будзе рэалізаваны, я за тое, каб ён зьдзяйсьняўся на грошы прыватнага інвэстара пры спрыяльным і роўным разьвіцьці ўсіх астатніх рэгіёнаў. Калі ж мы гаворым аб жыцьцёвых і стратэгічных інтарэсах РБ і прадстаўляем такі лягістычны праект, то для мяне чыста эканамічнай і фінансавай інфармацыі пакуль мала для таго, каб сказаць, што гэты праект будзе пасьпяховым.

Размаўляў Уладзімер Бяляўскі, фота аўтара

Залагініцца каб дадаць камэнтары