Сустрэча адбылася з ініцыятывы спадара Ооствэйна ў офісе пяршоўкі Свабоднага прафсаюзу работнікаў ААТ «Полацак-Шкловалакно».
«Беларусь актыўна гандлюе з нашай краінай. Гэта добра, але ў нас вельмі мала ведаюць пра Беларусь, таму нас таксама цікавіць сытуацыя з правамі чалавека і выкананьне правоў прафсаюзаў», – растлумачыў прадстаўнік Каралеўства.
Актывісты падзяліліся са спадаром Ооствэйнам расповедамі пра гісторыю незалежнага прафсаюзнага руху ў рэгіёне, расказалі пра стаўленьне адміністрацыі прадпрыемства і мясцовых уладаў да пяршоўкі і чальцоў Свабоднага прафсаюзу. Апячатаныя адміністрацыяй прадпрыемства электравыключальнікі і разэткі ў офісе надзвычай выразна пацьвердзілі сказанае.
Працаваць Свабоднаму прафсаюзу ў Полацку даводзіцца ў цяжкіх варунках. Сьведчаньнем парушэньня права на аб'яднаньне ў прафсаюзы ёсьць такія падзеі апошніх двух гадоў:
- Забарона на правядзеньне масавых мерапрыемстваў прафсаюзу
- Штрафы прафсаюзным актывістам за прафсаюзную дзейнасьць
- Ператрус у офісе Свабоднага прафсаюза рабочых заводу «Полацак-Шкловалакно»
- Затрыманьні прафсаюзных актывістаў са зьмяшчэньнем старшыні ў ІЧУ на трое сутак
- Паклёп і абразы прафсаюзных актывістаў у сацыяльных сетках
- Забарона на пералічэньне прафсаюзных унёскаў рабочымі заводу
- Арышт банкаўскага рахунку прафсаюзу і арышт маёмасьці прафсаюзу
- Адмова працадаўцы ад калектыўных перамоваў з прафсаюзам
- Забарона на наведваньне прадпрыемства прафсаюзнымі прадстаўнікамі.
«Мы будзем рады, калі ў Галяндыі даведваюцца пра Беларусь больш», – заявілі пасьля сустрэчы прафсаюзныя актывісты.
Спадар Паўл ван Oоствэйн паабяцаў праінфармаваць ўрад сваёй краіны пра пачутае.
У гэты самы дзень у часовага паверанага Нідэрляндаў у Беларусі ўжо адбыліся сустрэчы з кіраўніцтвам ААТ «Нафтан» і кіраўніцтвам Наваполацкага гарвыканкаму ды Полацкага ўнівэрсытэту.
Аляксандaр Марозаў