Як паведамляецца, перад пачаткам працы ўдзельнікі зьезду памаліліся ва Усьпенскім саборы. У сваёй пропаведзі настаяцель храму айцец Міхаіл Мартыновіч пажадаў “не забывацца на ўрокі гісторыі і зрабіць усё магчымае, каб Украіна вярнулася ў саюз Беларусі і Расеі”.
Петрушэнка: Ці будзе толк, пакажа жыцьцё
Устаноўчы зьезд ініцыятывы “Саюз” адкрываў (“па даручэньні арганізатараў”) расейскі палітык Сяргей Бабурын.
Як расказаў ВВ сябра беларускай левай партыі “Справядлівы сьвет” Мікалай Петрушэнка, ініцыятарам правядзеньня зьезду выступіў беларускі бок. Зь беларускіх палітыкаў на зьезьдзе прысутнічалі Алег Гайдукевіч (ЛДП), Мікалай Селівашка (“Справядлівы сьвет”), зь вядомых асобаў – прафэсар Леў Крыштаповіч ды “іншыя праславянскі настроеныя праваслаўныя атэісты”.
Сяргей Бабурын і Мікалай Петрушэнка. Фота: vk.com
“Сабраліся тыя, хто за саюз з Расеяй. Жыцьцё пакажа, ці будзе толк ад чарговай тусоўкі”, – падзяліўся ўражаньнямі Мікалай Петрушэнка.
4 цытаты з рэзалюцыі “Саюзу”
- “Толькі разам, абапіраючыся на патэнцыялы адзін аднаго, Беларусь і Расея змогуць рухацца наперад насуперак перашкодам, якія чыняць заходнія нядобразычліўцы”.
- “На наш погляд, ідэйным падмуркам беларуска-расейскай інтэграцыі павінна быць канцэпцыя агульнарускай цывілізацыі, у межах якой Беларусь і Расея разглядаюцца як часткі адной цывілізацыйнай прасторы…”
- “Імкнучыся дапамагчы кіраўніцтву Беларусі і Расеі ў справе саюзнага будаўніцтва, мы прынялі рашэньне ажыцьцяўляць асьветніцкую і інфармацыйна-аналітычную дзейнасьць, накіраваную на папулярызацыю ідэі Саюзнай дзяржавы ў грамадзтвах…”
- “Спадзяемся, што наша дзейнасьць дапаможа супрацьстаяць засільлю заходняй прапаганды ў інфармацыйнай прасторы Беларусі і Расеі…”
Зьміцер Міраш