Замаўляць цішоткі з вышыванкамі ды Пагоняй, беларускамоўныя паштоўкі і нацыянальныя сьцягі можна будзе цяпер толькі праз інтэрнэт.
“Сябры, паведамляем вам, што крама “Князь Вітаўт” з ГЦ "Марка-Сіці" ў Віцебску пераяжджае на прастору інтэрнэту, на адрас kniaz.by. Сайт ужо даступны для прагляду, дапрацоўваецца, кожны дзень дадаюцца новыя тавары і навінкі. Замовы пачынаем прымаць і дасылаць з 23 ліпеня”, – паведаміла 20 ліпеня адміністрацыя крамы.
Бонусам для віцяблян будзе бясплатная дастаўка тавару пры замове ад 30 рублёў.
У размове зь “Віцебскай вясной” адміністратары крамы паведамілі таксама, што плянуюць адчыніць у Віцебску пункт выдачы тавараў.
“Народу сюды ня вельмі шмат заходзіла. Ну і арэнда грошай каштавала. Таму і зачыняемся…” – патлумачылі.
За год працы ў Віцебску “Князь Вітаўт” пасьпеў стаць для гараджан чымсьці большым за “проста краму”.
Тут адбываліся літаратурныя сустрэчы і нават канцэрты. У “Вітаўце” выступалі Альгерд Бахарэвіч і Вальжына Морт, сьпявалі Dzieciuki, раздаваў аўтографы Лявон Вольскі і г.д.
Гэта была ці не адзіная крама ў горадзе, дзе можна было набыць беларускае па-беларуску. На жаль, “Крамы тваёй краіны” ў нашым горадзе фізычна больш не існуе. Спадзяемся – да лепшых часоў…
Зьміцер Міраш