Панядзелак, 14 Май 2018

ДМБ-2018. Віцебскія дэсантнікі разьвіталіся з вайсковай часткай – фотарэпартаж

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Вайскоўцы крочаць у цывільнае жыцьцё. Падчас імпрэзы Вайскоўцы крочаць у цывільнае жыцьцё. Падчас імпрэзы

Вайскоўцы тэрміновай службы 103-й асобнай гвардзейскай брыгады імя 60-годзьдзя СССР, якая разьмяшчаецца ў Віцебску, у панядзелак 14 траўня ўрачыста адсьвяткавалі сваё звальненьне ў запас.

Разьвітальны мітынг па традыцыі прайшоў на плошчы Перамогі.

На “апошнім парадзе” прысутнічалі камандаваньне вайсковай часткі, прадстаўнікі гарадзкіх уладаў і вэтэранскіх арганізацый, а таксама бацькі і сваякі безь пяці хвілін “дзембелей”.

Па вайсковай завядзёнцы, дэсантнікі пакланіліся баявому сьцягу брыгады – укленчылі перад ім, зьняўшы свае блакітныя барэты.

Дэмабілізаваныя прасьпявалі адзін куплет дзяржаўнага гімну і атрымалі блаславеньне на цывільнае жыцьцё ад праваслаўнага сьвятара. Блаславеньне і сьвятое знаменьне бацюшка падмацоўваў фатаграфаваньнем.

Вайскоўцы прамаршавалі апошнім парадам па пэрымэтры плошчы Перамогі і ўпэўненым крокам рушылі да сваіх зачаканых бацькоў і дзяўчат.

Адзначым, што месца правядзеньня мітынгу было ачэпленае супрацоўнікамі міліцыі. Непадалёку ад дзембельскага параду дзяжурыла карэта хуткай дапамогі.

“Віцебская вясна” далучаецца да віншаваньняў вайскоўцам з нагоды звальненьня ў запас.

Лявон Яфрэменка, фота аўтара