Поўны амфітэатар
На ўрачыстым адкрыцьці форуму ў Летнім амфітэатры назіраўся бадай што аншляг. Ад такой неабыякавасьці і заангажаванасьці віцяблян можна было прыйсьці ў захапленьне. Але значную колькасьць крэслаў займалі хлопцы і дзяўчаты юнацкага ўзросту, якім, пэўна ж, было зусім нецікава, што прамаўлялі з эстрады. І гэта выклікала сумненьні. Прынамсі – у якасьці “мэтавай аўдыторыі”.
У амфітэатры перад адкрыцьцём форуму
Форум адкрыў старшыня Віцебскага аблвыканкаму Мікалай Шарсьнёў. У сваёй прамове ён запэўніў, што маштаб падзеі ды колькасьць удзельнікаў форуму штогод павялічваецца. У сёмым па ліку ўзялі ўдзел 42 дэлегацыі з 14 краінаў, а агульная колькасьць удзельнікаў і гасьцей склала больш за 5 тысяч чалавек.
Кіраўнік рэгіёну паведаміў, што “арганізацыямі вобласьці штогод прыцягваецца каля 1 млрд. даляраў інвэстыцый у асноўны капітал”.
“Мы ўпэўненыя, што посьпех магчымы перадусім у рэалізацыі буйных праектаў. Для Віцебшчыны гэта праекты па глыбокай комплекснай перапрацоўцы драўніны, здабыча і перапрацоўка торфу, вырошчваньне і перапрацоўка лёну і рапсу, будаўніцтва буйных таварных мясных і малочных комплексаў і рыбапітомнікаў”, –пералічыў пэрспэктыўныя накірункі Шарсьнёў.
Напрыканцы запрасіў патэнцыйных інвэстараў наведаць выставачны гарадок, які разьмясьціўся на пляцоўцы перад амфітэатрам.
Geely Atlas і Apple
Пра арыентальныя матывы ў дызайне выставачных палатак на інвэст-форуме ўжо добра пазубаскалілі ў сацсетках. Пацьвердзім: зьверху намёты выглядаюць як татарскія юрты. Такое ўражаньне, што ў цэнтры славянскай сталіцы атабарыўся Чынгісхан. Але гэта было памылковае ўражаньне.
Від на пляцоўку з боку Духаўскага кругліка
Перад кожнай экспазыцыйнай палаткай вас з гасьціннай усьмешкай сустракала прывабная беларусачка, апранутая ў сукенку зь гербам свайго рэгіёну. Гэта здымала ўсе пытаньні наконт таго, хто тут гаспадар. Азіятчынай тут і ня пахла. У паветры лунаў водар разагрэтага плястыку, мэталу, нафты і, дзе-нідзе, віна.
Асаблівай папулярнасьцю карысталася пляцоўка за палаткай Браслаўскага раёну, дзе была выстаўленая навюткая і бліскучая Geely Atlas. Самі ж браслаўчане з посьпехам прэзэнтавалі найбольш экалягічныя прадукты – “паляваньне і рыбалку”.
Суворыя талачынскія дзяўчыны ўжо гатовыя прыняць самых заўзятых дэгустатараў. Віно Apple - зь левага краю...
Кропкамі прыцягненьня былі і дэгустацыйныя стэнды з алькагольнымі напоямі. Прыкладам, Талачынскі кансэрвавы завод скарыў сэрцы многіх наведнікаў пладова-ягаднай “інавацыяй” пад назвай Apple. Адзначым, што да палічкі часьцей падыходзілі, як нам падалося, зусім не ўладальнікі крутых айфонаў.
Пакаштаваць, дарэчы, можна было і глыбоцкія напоі, і больш моцныя – ад “Славянскага прадукту”. Але мы абмінулі.
Сіліконавая даліна ў Віцебску
Зрабілі для сябе адкрыцьцё. Аказваецца, што ідэя стварэньня ў Віцебску “сіліконавай даліны” яшчэ жывая, і ў горадзе ўжо амаль паўгода дзейнічае “Віцебскі тэхнапарк”. Менавіта такі статус атрымаў Інкубатар малога прадпрымальніцтва “Закон і Парадак” ў сьнежні 2017 году. Разьмяшчаецца тэхнапарк на Броўкі, 50 (былы будынак СЭЗ). На першых трох паверхах ужо працуе 14 (!) прадпрыемстваў.
У намёце Віцебскага тэхнапарку
“На рамонт астатніх шасьці паверхаў ужо выдзеленыя грошы Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналёгіям згодна з нашым статусам тэхнапарку”, – паведаміў нам падчас форуму кіраўнік праекту Міхаіл Кейзераў.
Апошняя вядомая распрацоўка тэхнапарку – галаграфічны шлем ад прадпрыемства “Лігалэнд”. Калі ня верыце, што ў Віцебску ўжо ёсьць свая крэмніевая даліна – дык вось іх сайт.
Бешанковіцкая ГЭС? А што – хіба кепска будзе?
Адзіным чалавекам на выставе, які без усялякіх ваганьняў перайшоў у размове з намі на беларускую мову, быў старшыня Бешанковіцкага райсавету дэпутатаў Генадзь Шведаў. Запыталіся ў яго наконт Бешанковіцкай ГЭС: як ставіцца да таго, што ў выніку будаўніцтва загіне каля 100 га лесу.
“Гэтая лічба нейкая няправільная, узятая з паветра. Ну, 100 гектараў лесу там ніяк ня будзе. Трэба ўважліва глядзець. А што там у справаздачы сказана – што кепска будзе? Я ня маю такой інфармацыі пра лес. Наогул, пакуль абмеркаваньне не прайшло, камэнтароў даваць ня буду”, – сказаў Шведаў.
На пытаньне, навошта нам ГЭСы, калі будуем у Астраўцы АЭС, дэпутат папрасіў нас “вярнуцца ў гісторыю”.
“У нас раней на рачулках і азёрах стаялі маленькія электрастанцыі. Цяпер яны замарожаныя, але яны ёсьць. Слухайце, а чым Дзьвіна стане горш, калі будзе даваць электрычнасьць? Кажаце, што хопіць ад АЭС? Гэта ўжо іншае пытаньне. Але думаю, што для нас будаўніцтва ГЭС будзе дабром”, – падсумаваў Генадзь Шведаў.
Сёмы інвэстыцыйны форум “Інавацыі. Інвэстыцыі. Пэрспэктывы” скончыў сваю працу ў Віцебску 18 траўня.
Колькі інвэстыцый, на якія інавацыі і дзеля якой пэрспэктывы прыцягнуў рэгіён дзякуючы гэтаму мерапрыемству, нам пакуль невядома.
Зьміцер Міраш, фота аўтара