Амбасадар, які першы год працуе ў Беларусі, працягвае сваё знаёмства зь Віцебшчынай: нядаўна ён наведаў абласны цэнтар, напярэдадні быў у Шаркоўшчыне, а цяпер наведаў Глыбоччыну.
На пачатку мітынгу перад прысутнымі выступіў навуковы супрацоўнік глыбоцкага музэю Ўладзімер Мірончык. Ён прыгадаў трагічныя старонкі глыбоцкага гета, якое карнікі зьнішчылі ў жніўні 1943 году.
Потым выступіў амбасадар Дзяржавы Ізраіль Алон Шогам. Ён падкрэсьліў важнасьць захоўваньня міру на Зямлі, для чаго варта заўсёды памятаць пра бязьвінныя ахвяры, якія панёс габрэйскі народ падчас апошняй вайны, калі ад рук нацыстаў загінула больш за 6 мільёнаў габрэяў.
Удзельнікі мітынгу ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчаньня і ўсклалі вянкі і кветкі да абэліска, усталяванага на магіле.
Зьміцер Лупач, westki.info