Экстрасэнсы, парапсыхолягі і біяэнэргетыкі распавядалі, як яны дапамагаюць тэлегледачам і іх сваякам выходзіць зь цяжкіх жыцьцёвых сытуацыяў і лячыць невылечныя хваробы. На экране быў нумар тэлефону, на які заклікалі зьвяртацца ўсіх, хто мае патрэбу ў падтрымцы. Хочучы дапамагчы дачцэ, віцябчанка на наступны дзень патэлефанавала на пазначаны расейскі нумар.
На тэлефанаваньне адказала жанчына, якая прадставілася памочніцай экстрасэнса. Уважліва выслухаўшы расказ, суразмоўніца сказала, што перадасьць сутнасьць яе праблемы біяэнэргетыку з сусьветным імем. Калі будзе прынятае рашэньне, якім чынам можна дапамагчы, ёй ператэлефануюць. Праз пару дзён пачуўся званок. Памочніца экстрасэнса паведаміла, што для вырашэньня праблемы трэба правесьці некалькі дарагіх магічных абрадаў. І назвала нумар банкаўскага рахунку, куды перавесьці грошы.
– Віцябчанка перавяла 1000 даляраў, – распавядае пракурор аддзелу пракуратуры Віцебскай вобласьці Арцём Заікін. – Паведаміла пра гэта па тэлефоне памагатай экстрасэнса. А тая ёй патлумачыла, як зьдзейсьніць магічны абрад. Трэба было ўзяць хлеб, яйка, соль. Пакласьці ўсё гэта каля ложка і легчы. А ў гэты час у Расеі экстрасэнс нібыта ёй ачышчаў аўру.
У далейшым на працягу паўгоду памочніца «знахаркі» рэгулярна давала віцябчанцы падобныя заданьні, прыкладам прасіла абліць сьвечку вадой або на вуліцы дайсьці да вакзалу і вярнуцца назад.
– Кожны раз суразмоўніца пераконвала прадпрымальніцу, што дзеяньне магічнага абраду наступіць толькі пасьля пералічэньня грошай, – працягвае Арцём Заікін. – І тая пакорліва падпарадкоўвалася. З сакавіка па сьнежань 2016 году яна ў агульнай складанасьці адправіла на банкаўскі рахунак «лекараў» больш за 110 тысяч долараў.
Час ішоў, а дачка жанчыны па-ранейшаму сварылася з мужам. Таму аднойчы віцябчанка наважыла наўпрост спытаць у «лекара», чаму дапамога ня дзейнічае. Зразумеўшы, што беларуска стала падазраваць іх у ашуканстве, памочніца экстрасэнса дала чарговае заданьне: купіць флякон атруты і выпіць яго. Пры гэтым патлумачыла, што такі рытуал ужываецца ў асабліва складаных выпадках і абавязкова дапаможа дачцэ наладзіць асабістае жыцьцё.
– Ашуканцы здагадваліся, што віцябчанка можа зьвярнуцца ў праваахоўныя органы, – распавядае Арцём Заікін, – і вырашылі ад яе пазбавіцца, прапанаваўшы скончыць жыцьцё самагубствам. Бо тады было б складана выявіць фактычныя абставіны падзеяў, што адбыліся. Балазе жанчына вырашыла распавесьці пра размову з «экстрасэнсам» свайму брату, які страпянуў яе і параіў пайсьці ў міліцыю.
Гэтая гісторыя не адзіны выпадак за апошні час, калі жыхары Віцебшчыны добраахвотна аддавалі велізарныя сумы варажбітам з тэлевізара. У нашай вобласьці пацярпелі 6 чалавек, кожны зь якіх выклаў за «дапамогу» ад 1-й да 20-ці тысяч даляраў. Пацярпелыя ў асноўным пэнсіянэры.
– Так, жыхары Полацку з хранічнымі захворваньнямі спрабавалі вылечыцца праз зносіны з экстрасэнсамі, рэкляму паслугаў якіх знаходзілі ў расейскіх і ўкраінскіх тэлеперадачах. – паведамляе Арцём Заікін. – Хтосьці займаў грошы ці браў крэдыт, некаторыя марнавалі апошні ашчадак на чараўнікоў і экстрасэнсаў.
Каб ня стаць ахвярай махляроў, Арцём Заікін раіць крытычна ўспрымаць інфармацыю з тэлевізара.
– Ня варта давяраць невядомым варажбітам, лепш за ўсё прыйсьці на прыём да псыхоляга або лекара, – кажа пракурор. – Пры гэтым, зьвяртаючыся да прыватных мэдыкаў, неабходна цікавіцца наяўнасьцю ў іх дакумэнтаў на права ажыцьцяўляць мэдычную дзейнасьць. Наяўнасьць іх – адна з гарантыяў аказаньня якасных паслугаў.
Па вышэй згаданых фактах пракурорамі Віцебску і Полацкага раёну распачатыя крымінальныя справы. Матэрыялы для арганізацыі расьсьледаваньня перададзеныя ва ўпраўленьне сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці.
Яўген Карпас, vitvesti.by