Падставай для такой высновы сталі вынікі судовай экспэртызы, праведзенай напрыканцы 2016 году. Паводле заключэньня экспэртаў, геном бацькоў зьніклага амаль на 100% супадае з геномам мужчыны, цела якога са сьлядамі гвалтоўнай сьмерці было знойдзенае яшчэ ў 2000 годзе на возеры Сосна пад Віцебскам. Пры гэтым экспэртыза, якую рабілі за два гады да гэтага (у 2014-м), зафіксавала цалкам супрацьлеглыя вынікі. Чаму так адбылося – вялікае пытаньне.
Нагадаем, што крымінальная справа аб зьнікненьні бязь вестак 32-гадовага Аляксандра Жыгулова была распачатая толькі ў 2011 годзе. Да гэтага, цягам 12 гадоў (з 1998 году), ён знаходзіўся ў вышуку як злачынца, абвінавачаны ва ўдзеле ў разбойным нападзе на камэрсантаў увесну 1998 году пад Стоўпцамі. Выканаўцаў таго налёту так і не знайшлі, а справу прыпынілі, асудзіўшы на 3,5 гады адного з “наводчыкаў” – Пчолава. Як сьцьвярджае бацька Аляксандра, да таго нападу ягоны сын ня меў ніякага дачыненьня, абвінавачаньне было зьнятае празь недаказанасьць віны.
Экспэрты пераблыталі біяматэрыял?..
Паводле пастановы, зацьверджанай сьледчым Віцебскага гарадзкога аддзелу СК Міхаілам Манькоўскім, яшчэ ў 2000 годзе ў возеры Сосна недалёка ад вёскі Доўжа Віцебскага раёну быў знойдзены труп мужчыны з прыкметамі гвалтоўнай сьмерці. Як вызначылі экспэрты, мужчына быў забіты стрэлам у галаву. Стралялі зь пісталету. Паводле сьледзтва, знойдзеная куля “была вырабленая заводзкім спосабам”. Акрамя таго, як даведаўся ў размове са сьледчымі сам Уладзімер Жыгулоў, да трупа была прымацаваная бэтонная пліта.
Тады ж пракуратура распачала крымінальную справу і прызначыла геномную экспэртызу, а генатып ДНК забітага трапіў у адмысловую базу. Але толькі праз 14 гадоў (і праз тры гады пасьля таго, як абвінавачаньні супраць Аляксандра Жыгулова былі скасаваныя і была ўзбуджаная справа па факце яго зьнікненьня) у межах расьсьледаваньня ў бацькоў Аляксандра былі ўзятыя ўзоры сьліны для атрыманьня генатыпаў і параўнаньня іх з генатыпам забітага. Аднак вынікі экспэртызы біялягічнага сваяцтва не пацьвердзілі.
Нарэшце, у 2016 годзе пасьля эксгумацыі парэшткаў была праведзеная дадатковая судовая біёляга-генэтычная экспэртыза, ініцыяваная чамусьці Кобрыньскім аддзяленьнем СК. Паводле заключэньня экспэрта, “невядомы мужчына, косткавыя парэшткі якога былі вынятыя падчас эксгумацыі на могілках “Копці”, можа зьяўляцца біялягічным сынам Жыгуловых. Імавернасьць сваяцтва складае 99,9999998%”.
Як магло атрымацца, што экспэртыза, праведзеная два гады таму, дала цалкам іншыя вынікі? У пастанове, якую атрымаў Уладзімер Жыгулоў, тлумачыцца, што “пры дасьледаваньні біяматэрыялу, які трапіў на экспэртызу ў 2001 годзе, быў выяўлены генатып, цалкам адрозны ад генэтычных характарыстыкаў трупа, атрыманых падчас экспэртызы ад 8 сьнежня 2016 году”.
“Гэта сьведчыць пра тое, што падчас выкананьня названых экспэртызаў быў дасьледаваны біялягічны матэрыял двух розных людзей”, - гаворыцца ў пастанове.
Як можна было пераблытаць біяматэрыялы і ці панёс хто-небудзь за гэта адказнасьць, застаецца таямніцай. У размове ж з бацькам зьніклага сьледчы спаслаўся на недасканаласьць тэхналёгіяў у 2001 годзе, праз што нібыта і была зробленая памылка ў выяўленьні генатыпу.
У кожным разе, на падставе вынікаў апошніх дасьледаваньняў, СК аб’яднаў абедзьве крымінальныя справы ў адну і спыніў яе ў сувязі “са сканчэньнем тэрмінаў даўнасьці”.
Жыгулоў: “Калі майго сына сапраўды застрэлілі, то хто забойца?..”
78-гадовы Ўладзімер Жыгулоў прызнаецца, што атрыманая ім пастанова выклікае недавер і шмат пытаньняў, на якія пакуль няма адказаў.
“Самі падумайце, як я магу на сто адсоткаў быць упэўнены, што гэта парэшткі менавіта майго сына, калі іхная экспэртыза робіць такія памылкі? Сьледчы запытаўся ў мяне: вы давяраеце міліцыі? Я сказаў – не. Зь іншага боку, калі ня верыць гэтым пацьверджаньням, дык што ж тады застаецца рабіць. Што, з Амэрыкі выклікаць экспэртаў? Ці, зрабілі кобрынскія, дык цяпер лепельскім даць паспрабаваць? На жаль, каб зрабіць незалежную экспэртызу, грошай я ня маю”, – кажа бацька.
“Пытаньняў, сапраўды, застаецца шмат. Чаму, напрыклад, справу аб зьнікненьні сына прыпынялі і ўзнаўлялі з 2011-га па 2016 гады ажно 11 разоў? Якія новыя абставіны вымушалі сьледчых рабіць гэта? Пытаньняў безьліч, і галоўнае такое: калі майго сына сапраўды застрэлілі, то хто выканаўца? Бо ані справа аб разбойным нападзе пад Стоўпцами, ані аб забойстве – не раскрытыя! Сапраўдныя злачынцы і забойцы не пакараныя і знаходзяцца на свабодзе. Як такое магчыма?..” – задае рытарычнае пытаньне Ўладзімер Хведаравіч.
Сьледчыя: “Знойдзем труп – будзеш пацярпелым…”
Уладзімер Жыгулоў кажа, што амаль за 20 гадоў пошукаў і змаганьня зь невядомасьцю і чыноўніцкай абыякавасьцю ён прайшоў праз усе пякельныя кругі. Напісаў сотні лістоў, заяваў і скаргаў у самыя розныя інстанцыі, але ў адказ атрымліваў толькі фармальныя адпіскі. Лісты, адрасаваныя ў Генпракуратуру, перасылаліся адтуль назад у Віцебск – у абласную пракуратуру.
“Неяк дабіўся візыту да абласнога пракурора Дыско, дык маіх прадстаўнікоў ён проста не прапусьціў у габінэт. З такім нялюдзкім стаўленьнем сутыкаўся паўсюль”, - узгадвае Жыгулоў.
Сьцьвярджае, што ўвесь час, аж да 2014 году, “ніхто са службовых асобаў нават і ня думаў дасьледаваць вэрсію магчымага забойства сына”. А ўласна “вышук быў чыстай фікцыяй”. Свае стасункі з праваахоўнымі ворганамі называе “зьдзекам бяз тэрміну даўнасьці”.
Адзначым, што ад самага пачатку Ўладзімер Жыгулоў прасіў сьледчых надаць яму статус пацярпелага, але заўсёды атрымліваў адмовы. Маўляў, “знойдзем труп – будзеш пацярпелым”. “Труп знайшлі, зрабілі пацярпелым і справу спынілі. Якая цяпер з гэтага карысьць?” – пытаецца бацька забітага.
Аляксандар Жыгулоў. Фота зь сямейнага архіву.
Хто і за што забіў Аляксандра Жыгулова – на гэтае пытаньне адказу няма. Уладзімер Жыгулоў не выключае нават вэрсіі, што сына застрэлілі, каб адпомсьціць бацьку. Бо напрыканцы 90-х ён праводзіў шмат журналісцкіх расьсьледаваньняў, якія тычыліся міліцэйскага самаўпраўства і беззаконнасьці, і мог, як кажа, моцна “пакрыўдзіць” кагосьці з высокіх чыноў. Параўноўвае зьнікненьне сына са зьнікненьнямі ў той жа пэрыяд вядомых беларускіх палітыкаў і бізнэсоўцаў. Зьвяртае ўвагу, што і падчас нападу пад Стоўпцамі, і ў выпадку забойства былі выкарыстаныя так званыя “чыстыя ствалы”.
“Цалкам магчыма, што яшчэ ў 1998-м, калі абвінавацілі сына ва ўдзеле ў разбойным нападзе, яны ўжо ведалі, што ён забіты. Паверце, я не згушчаю фарбы. Калі хто з гэтым сутыкаўся, ведае, што ў гэтай краіне можа здарыцца ўсё…” – падкрэсьлівае Ўладзімер Жыгулоў.
Маці ў заключэньне экспэртаў ня верыць
Цяпер галоўны клопат для бацькі – як перахаваць парэшткі сына. Уладзімер Жыгулоў кажа, што праз хваробу і немач (некалькі гадоў таму перанёс цяжкі інсульт) наўрад ці дасьць сабе рады.
“Месца для пахаваньня на могілках у Копцях у мяне ёсьць. Туды можна пакласьці, але хто гэта цяпер будзе рабіць? Сьледчы кажа: маўляў, зьвяртайцеся да нас – мы вам дадзім паперу, пойдзеце зь ёй у спэцкамбінат, купіце некалькі пляшак гарэлкі для капачоў, і вам там усё зладзяць…” – расказвае Ўладзімер Хведаравіч.
“Цяжка гэта ўсё насамрэч, - дадае пасьля паўзы. – Тым больш, што жонка дагэтуль ня верыць ніякім “заключэньням экспэртаў” і лічыць сына жывым…”
Зьміцер Міраш