Дысцыпліна дэпутатаў
Пастановай Прэзыдыюму Савету Полацкага раёну ад 27 чэрвеня 2016 глду праца дэпутата Качаноўскага М.А. прызнаная нездавальняючай. У сувязі з гэтым дэпутат Савету Мікалай Качаноўскі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасьці. Пра гэта паведаміў Полацкі раённы выканаўчы камітэт грамадзяніну Н., адказваючы на яго скаргу. Грамадзянін скардзіўся ў Камітэт дзяржкантролю Віцебскай вобласьці, што дэпутат не адказаў на яго пісьмовы зварот. Зварот тычылася незаконнай сьпілоўкі дрэваў на тэрыторыі гораду Полацку.
Штраф для дэпутата
Камітэт дзяржкантролю пераслаў скаргу грамадзяніна для разбору ў Полацкі райвыканкам і дадаткова сам прыцягнуў дэпутата Качаноўскага да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне тэрміну разгляду звароту (паводле артыкулу 9.13 КаАП). Па гэтым артыкуле прадугледжаны штраф у памеры ад чатырох да дзесяці базавых велічынь. Дзяржкантроль не паведаміў у сваім адказе грамадзяніну, на якую канкрэтна суму аштрафаваны дэпутат. Пасьля спагнаньня дэпутат Качаноўскі ўсё-ткі адказаў лістом на скаргу выбаршчыка і папрасіў прабачэньня за несвоечасовы адказ.
Адказнасьць дэпутата прадугледжаная законам
Полацкі выканкам у сваім лісьце канстатаваў, што дэпутат павінен «прадстаўляць сваіх выбаршчыкаў у дзяржаўных органах і іншых арганізацыях». Згодна з законам аб статусе дэпутата ён «разглядае атрыманыя iм звароты грамадзян і юрыдычных асоб, робіць захады для іх поўнага, аб'ектыўнага, усебаковага і своечасовага разгляду». А закон аб мясцовым самакіраваньні прадугледжвае, што прэзыдыюм мясцовага савету мае магчымасьць выносіць «на разгляд паседжаньня прэзыдыюму Савету прапановы па пытаньнях прыцягненьня да дысцыплінарнай адказнасьці дэпутатаў Савету».
Аляксандар Марозаў