Нагадаем, зьяўленьне інфармацыі пра маючыя адбыцца ў лютым канцэрты Віктара Каліны ў шэрагу гарадоў вобласьці выклікала хвалю абурэньня сярод віцебчукоў. У прыватнасьці, жыхар абласнога цэнтру Сяргей Сясіцкі накіраваў ліст у аблвыканкам, у якім выступіў супраць правядзеньня канцэртаў шансанье Каліны, вядомага сваімі антыбеларускімі выказваньнямі і ўдзелам у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне на баку незаконных фармаваньняў сэпаратыстаў.
На зварот спадара Сясіцкага чыноўнікі аблвыканкаму адказалі, што Каліна ня мае дазволу на гастролі ў Віцебскай вобласьці, і што апошняму растлумачана пра недапушчальнасьць разьмяшчэньня рэклямы канцэртаў, на правядзеньне якіх няма адпаведнага пасьведчаньня. І вось цяпер шансанье – барацьбіт за ідэі «Рускага сьвету» неабходнае пасьведчаньне атрымаў.
Паводле словаў супрацоўнікаў аддзелу ідэалёгіі, грамадзяне праяўляюць цікавасьць да канцэртаў, і шмат ахвотных ім тэлефануюць і пытаюцца, ці адбудуцца яны. Паводле запэўненьня прадстаўнікоў улады, чакаюцца аншлягі, Каліна зьяўляецца цалкам законапаслухмяным і прыстойным грамадзянінам, і калі на канцэртах будзе гучаць антыдзяржаўная і антыбеларуская прапаганда, то канцэрты будуць спыненыя.
Атрыманьне дазволу сьпявак расцаніў няйначай як перамогу. Чамусьці, над беларускай апазыцыяй. Ён напісаў на сваім сайце: «Арганізавана іх апрычнікі пішуць скаргі на мяне, ажыўлена абвінавачваючы ва ўсіх грахох чалавецтва і сваіх няўдачах. Патрабуюць забараніць правядзеньне маіх канцэртаў у Беларусі. Першай пад іх пахабны ўдар трапіла Віцебская вобласьць. Пасьля прыведзенай праверкі іх абвінавачаньні ў дачыненьні да мяне не пацьвердзіліся. Хлусьня і паклёп – гэта іх зброя. Хлусьня і паклёп у дачыненьні да маёй Беларусі, хлусьня ў дачыненьні да кіраўніка дзяржавы, хлусьня аб сытуацыі».
Ці азначае гэта, што мясцовая ўлада падзяляе яго погляды, а сэпаратысцкія і антыбеларускія ідэі сталі часткай афіцыйнай ідэалёгіі ў Віцебскім рэгіёне? А мо і ва ўсёй Беларусі?
Уладзімер Бяляўскі