Адна з работніц будаўнічай фірмы распавяла, што сэртыфікаты на 800 000 рублёў ім выдалі на прадпрыемстве, узяўшы пры гэтым расьпіскі ў атрыманьні і згодзе на тое, што гэтая сума будзе адлічаная зь іх заработнай платы цягам трох месяцаў.
Паводле інфармацыі на сэртыфікатах, іх можна выкарыстоўваць у фірмовых крамах гандлёвай сеткі «Марка», прычым яны будуць прыдатныя толькі да 31 студзеня 2016 году. Дзякуючы таму, што сэртыфікаты не імянныя, шмат хто спрабуе іх прадаць, звычайна выстаўляючы цану ў 700 000 рублёў, то бок на 100 000 рублёў ніжэй за намінал. Частка ўладальнікаў гэтых купонаў, не спадзеючыся на продаж праз інтэрнэт, прапануюць сэртыфікаты пакупнікам наўпрост у абутковых крамах.
У сацыяльных сетках пад абвесткамі пра продаж такіх сэртыфікатаў віцебчукі жартуюць, што, мабыць, такім чынам «Марка» разьлічылася з «Жылбудам» за будаўніцтва новага лягістычнага цэнтру «OUTLET Marko». Гэты гандлёва-лягістычны цэнтар і цэнтар распродажаў на Бешанковіцкай шашы, разьмешчаны на месцы былой вёскі Паўлавічы, быў урачыста адкрыты 17 сьнежня. Будаўніцтва і абсталяваньне новага будынку абышлося ў 120 мільярдаў рублёў.
Сяржук Серабро, news.vitebsk.cc