Гандляр: Ну што вам сказаць? Я гандлюю сэзонным таварам. Раней як было? Спачатку пакупнікі набывалі курткі ў майго суседа насупраць, а затым прыходзілі па мае швэдры. Цяпер гэтага няма. Яны не купляюць ані куртак, ані маіх рэчаў. Калі параўноўваць зь мінулым годам, дык тады нашы прыбыткі былі разоў у пяць вышэйшыя, цяпер жа прыбыткаў амаль зусім няма.
А пасьля Новага году давядзецца наогул зачыняцца. Падатковыя службы патрабуюць, каб на таварнай этыкетцы былі пазначаныя пэўныя дадзеныя. Я, напрыклад, важу свае рэчы з Масквы, з фірмы, якая шые гэтыя швэдры. На цэтліку ёсьць штрыхкод, іншая інфармацыя, датычная тавару: разьмер, склад, але няма адрасу юрыдычнай асобы. І за гэта з 1 студзеня – 36 мільёнаў штрафу. Паўплываць на тое, каб вытворцы пазначылі свой адрас, я ня ў стане.
У Расеі, напрыклад, існуе для справаздачы спрошчаная форма індывідуальнага прадпрымальніка. У іх разнастайныя ільготы. У іх гэта магчыма, у нас – нельга. Але ж калі на таварным цэтліку якой-небудзь «Чараўніцы» ці «Сьвітанку» не пазначаная ўся інфармацыя, якую ад нас патрабуюць, – гэта няважна. Вось такія падыходы.
А калі разабрацца – навошта мы ім? Урад займаецца іншым. З нас сьмяюцца ўжо ня толькі расейцы, самі ўжо сьмяёмся: ад нас ужо ананасы беларускія пайшлі на расейскі рынак, ківі беларускія... Абсурд нейкі! Але ж паглядзіце з другога боку: улетку зазвычай прыязджаюць у Віцебск гандляры з Туркмэніі – ім плошчы выдзяляюць у «Эўропе», у «Пірамідзе». Гандлююць без сэртыфікатаў, без дакумэнтаў, але ж не «за так» гэта адбываецца.
Гандлярка: Ніхто нічога не купляе. Дайце людзям грошы – тады яны прыйдуць і купяць. У людзей элемэнтарна няма грошай: на першым месцы цяпер харчы, а анучы ўжо потым, даношваюць старое. Ходзяць у старым, але да нас не ідуць. Апошнія тыдні тры зусім ніяк. Працаваць не даюць, дакумэнты трэба будзе афармляць. А за што? Як працаваць – ня ведаем. Гандлярам прыйдзецца зачыняцца, а куды людзям ісьці? Пад мост? Сытуацыя ў нас безвыходная. У мяне сястра працуе на прадпрыемстве: атрымоўвае два мільёны. Свой заробак яна дзеліць на тры часткі: на аплату за кватэру, на харчы і на лекі. З чым яна пойдзе да нас?
Гандляр: Гандаль – ніякі: прадаў – праеў. Параўноўваючы зь леташнім пэрыядам, прыбыткі зьменшыліся больш як напалову. А з улікам таго, што цяпер сэзон для рэалізацыі, то сытуацыя яшчэ горшая, чымся я сказаў. Мы ўжо ня можам гэтак часта езьдзіць за таварам, як раней. Ня можам зьвяртаць увагу на каньюнктуру рынку. Набываючы тавар, мы бяром тую дакумэнтацыю, якую нам дае вытворца, і ўносіць туды нейкія зьмены, якія ад нас патрабуюць кантралюючыя органы, ня можам. Я мяркую, што гэта права вытворцы, гэта мусіць быць ня наш галаўны боль, але ўрэшце адказваць прыйдзецца нам. Так не павінна быць. Да таго ж за ўсе гэтыя паперы прыйдзецца плаціць. І на іх афармленьне патрэбна нямала часу. Калі рабіць усё, што ад нас патрабуюць, то фактычна ў нас ня будзе часу займацца гандлем. Трызьненьне нейкае атрымліваецца.
Да таго ж адчуваецца, што пакупніцкая здольнасьць насельніцтва паменшылася катастрафічна. Грошай у людзей няма: яны пытаюцца пра кошты і сыходзяць. Цяпер сэзон: гандаль мусіць ісьці вельмі актыўна, але таго, што было раней, няма. Прыбыткі паменшыліся ў разы. Раней мы набывалі новы тавар кожны тыдзень з улікам памераў і мадэляў. Цяпер калі нават і захочаш давезьці нейкія памеры ці расфарбоўкі, то на гэта няма грошай. Няма гандлю – няма магчымасьці палепшыць асартымэнт. Атрымліваецца замкнёнае кола. Жывём сёньняшнім днём, пра будучыню стараемся ня думаць.
Гандлярка: Ніякага гандлю. Казаць няма пра што. У людзей банальна няма грошай. Сёньня зусім нічога не прадала. Зусім. Гэта добра, калі ў тыдзень пару адзінак прадасі. Поўны ступар, а далей, як мяркуем, будзе яшчэ горш.
Гандляр: Груба кажучы, ніякага гандлю, стаім проста так. Пакупнікі падыходзяць, пытаюцца кошты і сыходзяць. А ў нас, самі разумееце, падаткі якія! Цэны мы не падымаем таму, што бачым у якім становішчы людзі, якія заробкі. У мяне сын працуе, як малады спэцыяліст атрымлівае два з паловай мільёну. Як жыць? Кажуць: у працоўных добрыя заробкі – я ня ведаю такіх людзей. Таму нашы прыбыткі скараціліся адсоткаў на восемдзесят. Сьмела можна казаць. Ледзь-ледзь канцы з канцамі зводзім. Калі пасьля Новага году запатрабуюць працаваць па дакумэнтах, я працаваць ня буду. Самае жахлівае: нам дасюль ня могуць паказаць форму тых дакумэнтаў, якія ад нас патрабуюць, і ня могуць распавесьці пра канкрэтны альгарытм нашых дзеяньняў у новых умовах. Ня ведаю, ня ведаю...
Гандлярка: Які тут гандаль? На семдзесят адсоткаў продажы зьменшыліся. Калі падатковыя службы самі ня ведаюць, якія мы павінны ім прад'явіць дакумэнты, адкуль мы павінны гэта ведаць? Гэта адно. А другое – вось гатовы тавар, ён прайшоў усе неабходныя экспэртызы, у тым ліку і на адпаведнасьць гігіенічным стандартам, навошта дубляваць? Навошта нашы службы патрабуюць праходзіць другую праверку? Дзеля таго, каб мы іх кармілі? Там жа так і напісана: «паўторна» пацьвердзіць дабраякаснасьць тавару. Навошта гэты дубляж? Няхай робяць адразу тое, што трэба.
Гандлярка: У студзені гэтага году я была ў Эўропе. Потым яшчэ раз у красавіку была. Я хачу вам сказаць, што нам ня трэба крыўдзіцца на тое, як мы жывём. Эўропа жыве ня лепш за нас. Абсалютна. Рэч толькі ў тым, што ў жыхароў кожнай краіны свой мэнталітэт і сваё стаўленьне да таго, як яны жывуць. Эўрапейцы да гэтага падыходзяць так: што зарабляюць, на тое і жывуць. А мы хочам не зарабляць, а жыць так, як жывуць тыя, каму мы зайздросьцім. Не, прабачце, паважаныя! Дзеля таго, каб жыць, трэба працаваць!
Наконт гандлю я хачу вам сказаць наступнае: проста ў людзей памяняліся прыярытэты. Таму аб'ёмы гандлю і зьменшыліся. Раней, калі мы нічога лепшага ня бачылі, мы бралі грошы, беглі на рынак і куплялі дзесяць сукенак, дзесяць паліто... Цяпер ня так. У нас іншыя прыярытэты: мы хочам езьдзіць на прыгожых машынах, падарожнічаць, будаваць кватэры... Значыць, жанчына ўжо ня купіць сабе яшчэ адну модную сукенку, а зэканоміць – і набудзе прыгожы легкавік. Паглядзіце, наколькі ў нас павялічылася колькасьць падарожнікаў! Я пра сябе кажу: пасьля таго, як я зьезьдзіла ў Эўропу, хачу бачыць нешта новае. У мяне зьмяніліся прыярытэты. Натуральна, што гандаль некалькі зьменшыўся. Я ня веру ў тое, што ў людзей няма грошай! І я нікога не жадаю слухаць. Не, ёсьць у людзей грошы!
Я сама – эканаміст паводле адукацыі. Я атрымала кватэру ў 42 гады, а цяпер яны маюць кватэры ў 26 гадоў. Але яны маюць вялікія крэдыты: па пяць мільёнаў. Гэта вялікія грошы. Якія тут пакупкі на рынку? І вы хочаце сказаць, што мы дрэнна жывём? Які маладзён сёньня атрымлівае менш за пяць мільёнаў рублёў? А вы паспрабуйце зарабіць гэтыя пяць мільёнаў на Захадзе! Яны сядзяць у кафэ, п'юць філіжанку кавы, размаўляюць, міла пасьміхаюцца – мірнае жыцьцё... У іх сьняданак – рагалік і кава! Усё! Як сьнедаюць нашы людзі? Я сваёй краінай задаволеная.
Гандляр: «Няма каму прадаваць, хаця пакупніцкая здольнасьць насельніцтва вельмі высокая. Заробкі становяцца ўсё вышэй і вышэй. І гэта чыстая праўда! Пра гэта я кожны дзень чую ў навінах». Ну што мы можам яшчэ сказаць у гэтым стылі? – «Добры гандаль, шмат людзей – самі бачыце».
А наконт таго, пра што выказвалася папярэдняя жанчына, нібыта людзі будуюць жытло і таму нічога не купляюць на рынку – які працаўнік цяпер у стане збудаваць сабе кватэру? Мне вельмі падабаецца выраз: «Лягчэй выйграць, ніж купіць». Мы спадзяёмся на лепшую будучыню: на павелічэнне прыбыткаў з новага году, на зьмяншэньне падаткаў з боку дзяржавы...
С. Горкі, Віцебская вясна