Спадар Мікола, Скажыце некалькі словаў пра сябе і падзяліцеся з нашымі чытачамі, як жывецца Вам пасьля сыходу з прадпрыемства, якому вы аддалі шмат гадоў.
У 2016 годзе ААТ «Полацак-Шкловалакно» не працягнула са мной кантракт. Ніхто з адміністрацыі ня ўзяў пад увагу маё жаданьне працаваць далей. Давялося сысьці на льготную пэнсію, бо дзесяць гадоў адпрацаваў у шкодных умовах пры агульным стажы ў 30 гадоў. Апошнія гадоў 15 працаваў памочнікам майстра. Маю дзьве вышэйшыя адукацыі: тэхнічную (інжынэр-мэханік па эксплёатацыі машынаў і апаратаў хімічнай вытворчасьці) і юрыдычную (міжнароднае права).
Тады наймальнік праігнараваў і маю кваліфікацыю, і багаты працоўны досьвед, але сёньня я яму за тое ўдзячны. І хаця грошай стала меней, дадалося вольнага часу. Да таго ж пазьменная праца ды шкодныя ўмовы працы здароўя не дадавалі, а наадварот яго забіралі. Сёньня я пачуваюся нармальна. Зьявілася магчымасьць больш займацца грамадзкімі справамі. І гэта ня толькі прафсаюзныя справы, але і прававыя, і сацыяльныя.
Сёньня Полацак знаходзіцца ў занядбаным стане, што патрабуе ад грамадзянаў большай сацыяльнай актыўнасьці. З паніжэньнем статусу гораду прыйшло і паніжанае функцыянаваньне, і паніжанае фінансаваньне. Бюджэт невялікі, таму нічога для гараджанаў ня робіцца. Калі раней хаця б нешта зьмянялася ў цэнтры гораду, рамантаваліся дарогі, то цяпер і гэтага няма. У заняпад прыходзіць нават тое, што ў мінулыя гады было зроблена і куды цяпер грошы не ўкладаюцца.
Пагаршэньне сацыяльна-эканамічных умоваў дадае працы. Да нас пачало больш прыходзіць людзей, абцяжараных сваімі праблемамі, якія яны ня ў стане вырашыць самастойна. Гэта найперш тычыцца пэнсіянэраў, беспрацоўных, людзей, пакрыўджаных уладай. Я не скажу, што гэта актыўныя грамадзяне, але яны людзі, якія патрабуюць дапамогі. І мы працуем з гэтымі людзьмі.
Распавядзіце, з чаго складалася дзейнасьць прафсаюзнай суполкі СПБ падчас вашай працы на прадпрыемстве «Полацак-Шкловалакно», і што паўплывала на зьмяншэньне колькасьці вашых сяброў?
Калі мы зь Віктарам Стукавым (старшынём пяршоўкі) працавалі на «Шкловалакне», людзі кантактавалі з намі вельмі шчыльна. Прафсаюз праводзіў розныя акцыі і мог рэальна ўплываць на адміністрацыю. Зьбіралі подпісы за паляпшэньне ўмоваў працы, за падвышэньне заробкаў. Пяршоўка на прадпрыемстве існуе і сёньня, але яна не такая вялікая, як раней. Адміністрацыйны ціск і кантрактная сыстэма зрабілі сваю справу. Людзей урэшце запалохалі.
Напачатку, калі толькі пачалі ўводзіць кантрактную сыстэму, яна была даволі прыцягальнай. Заробак адразу падвысілі на 50 адсоткаў, і людзі былі вельмі задаволеныя, але чатыры чалавекі адмовіліся пераходзіць на кантракт. У той час мы гублялі недзе 50 даляраў пры агульнай месячнай заработнай плаце ў 200 даляраў. Мы не пагадзіліся з закладзенымі ў кантракце патрабаваньнямі ўдзельнічаць у суботніках і ў форс-мажорных абставінах атрымоўваць заробак прадукцыяй прадпрыемства. Мы пачалі патрабаваць выключэньня гэтых пунктаў з дамовы. Недзе паўгода мы змагаліся, але дамагліся, што гэтыя пункты ў нашых кантрактах ня будуць дзейнічаць. На суботнікі мы не хадзілі, і ніхто нас не прымушаў, як ўсіх астатніх. Гэтая акалічнасьць прымусіла людзей задумацца над тым, што пры жаданьні можна многага дамагчыся ад кіраўніцтва.
За гэтыя гады зьмяніліся чатыры ці пяць дырэктараў. Тыя першыя дырэктары былі бліжэй да народу, зь імі было прасьцей размаўляць. Ціску практычна ніякага не было, і офіс мы атрымалі бясплатна, на роўных умовах з афіцыйным прафсаюзам. Рост сяброў у нас тады быў значны (маем 369 заяваў).
Адток з прафсаюзу пачаўся пасьля запалохваньняў і перасьледу з боку адміністрацыі. Пасьля таго, як пачаўся ціск, некалькі чалавек напісалі заявы на выхад з прафсаюзу, але большасьць працоўных такіх заяваў не напісала. Дарэчы, у нашым статуце ёсьць магчымасьць захоўваць сяброўства ў прафсаюзе нават пры ўмове нявыплаты ўнёскаў.
З пачаткам першых звальненьняў і асабліва пасьля звальненьня Віктара Стукава, кіраўніка прафсаюзнай пяршоўкі, які актыўна адстойваў правы працоўных перад адміністрацыяй, пачаліся зьмены ў настроях працоўных. Людзей гэта вельмі напалохала. Выходзіла, калі можна звольніць прафсаюзнага лідэра, то што тады казаць пра шараговага чалавека. Пасьля гэтага працаўнікі забралі свае заявы з бухгальтэрыі аб пералічэньні ўнёскаў на рахунак прафсаюзу. Унёскі пачалі пералічваць гатоўкай без апавяшчэньня наймальніка.
І Вас, і Віктара Стукава адміністрацыя звольніла, але прафсаюзная праца ня скончылася, і вы па-ранейшаму абараняеце правы працоўных. Як гэта адбываецца ў такіх неспрыяльных умовах?
Мы абараняем правы ня толькі чальцоў нашага прафсаюзу, але і любога працаўніка «Шкловалакна», які да нас зьвяртаецца. Дасюль маем ліставаньні з адміністрацыяй адносна паляпшэньняў умоваў працы. Ведаем, што праблемы ўрэшце вырашаюцца. Пра гэта людзі нам рэгулярна паведамляюць. І хаця вырашэньне праблемаў зазвычай прысабечвае Белхімпрафсаюз, мы на гэта ўвагі не зьвяртаем, бо для працаўнікоў усё адно, хто палепшыў умовы іхнай працы.
За гэты час шмат было зроблена па аднаўленьні звольненых працаўнікоў на працы, асабліва калі звальненьне адбылося з парушэньнем прававой працэдуры. Мы абараняем усіх, бо прафсаюз – гэта афіцыйны адвакат, які абараняе грамадзянаў незалежна ад таго, што сабой уяўляе той ці іншы чалавек. Аднак прафсаюз – ня ўсёмагутная арганізацыя, асабліва з улікам таго, што законы ў краіне пішуцца на карысьць наймальніка.
Працуем цяпер і празь Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, празь менскія структуры, працуем і на міжнародным узроўні зь Міжнародным бюро працы, зь Міжнароднай арганізацыяй працы, маем дачыненьні з урадам.
Зь нядаўняга часу я зьяўляюся ўдзельнікам савету па ўдасканаленьні заканадаўства ў сацыяльна-эканамічнай і працоўнай сфэры. Кансультацыі адбываюцца з удзелам намесьніка міністра працы, прафсаюзаў і прадстаўнікоў Саюзу наймальнікаў. Сярод іншага савет абмяркоўвае зьмены, якія затым уносяцца ў Генэральнае пагадненьне. Праўда, рэальны ўплыў савету мінімальны. Як правіла, усё застаецца на ўзроўні абмеркаваньня. Я ўжо тры гады займаюся гэтым і бачу, што савет – бутафорская структура, створаная найперш дзеля справаздачы перад Захадам на патрабаваньне Міжнароднай арганізацыі працы.
Хацелася б пачуць ад Вас наконт пэрспэктываў разьвіцьця незалежнага прафсаюзнага руху на Беларусі. Што трэба зьмяніць у краіне, каб прафсаюзы сталі моцнымі і ўплывовымі?
У сёньняшніх умовах пэрспэктывы прафсаюзнага руху на Беларусі ўпіраюцца ў дзяржаўную ўласнасьць, таму пакуль ніякіх зьменаў да лепшага чакаць не даводзіцца. Пакуль уласнасьць і прафсаюзы належыць дзяржаве, ніякага прафсаюзнага руху ня будзе. Да таго ж тая самая дзяржава выступае яшчэ і ў ролі пасярэдніка ў спрэчках паміж прафсаюзам і наймальнікам, хаця сама тым самым наймальнікам і зьяўляецца. Рэальнага трохбаковага дыялёгу няма. Што ўжо тут казаць пра моцныя, шматлікія і ўплывовыя прафсаюзы.
Ёсьць пэўныя актывісты, якія паказваюць працоўным, як мусяць стварацца прафсаюзы, што гэта такое, як яны дзейнічаюць і якія міжнародныя нормы рэгулююць іх дзейнасьць.
У авангардзе стварэньня незалежных прафсаюзаў на Беларусі быў шахцёрскі рух у Салігорску, але праблемы і перасьлед ёсьць і там. Праблемы будуць да тае пары, пакуль у нас ня будзе нармальна разьвівацца бізнэс і пакуль не адбудзецца зьмена ўласьніка.
У прафсаюзнай працы ніякай адлігі ніколі не было. Трэба разумець, што прафсаюз – гэта не ягоныя лідэры, гэта самі працаўнікі. Толькі тады, калі людзі пераадолеюць свой страх, і паўстануць прафсаюзы. Мы можам навучыць, як змагацца, можам дапамагчы юрыдычна, інфармацыйна і адукацыйна, але змагацца за свае правы, патрабаваць іх выкананьня ад наймальніка павінны самі працаўнікі.
На сёньняшні час Беларусьсю падпісаныя 49 канвэнцыяў Міжнароднай арганізацыі працы, якія мусяць быць імплемэнтаваныя ў беларускае заканадаўства, але яны не выкарыстоўваюцца ў судох. Нават нормы, замацаваныя ў Генэральным пагадненьні і падпісаныя трыма бакамі працэсу, наймальнікам не выконваюцца. І мэханізму прымусіць яго гэта рабіць няма. Але гэта ня значыць, што нічога ня трэба рабіць. Трэба рабіць тое, што нам па сілах.
С. Горкі