Інтарэсы прадпрыемства ў судзе прадстаўлялі выканальніца абавязкаў начальніка бюро па кіраваньні маёмасьцю Вольга Малахоўская і юрысконсульт Аляксандра Фаміна. Адказчыкам у судзе выступіў старшыня СПБ Мікола Шарах.
Перад пачаткам слуханьняў судзьдзя Анатоль Гурэеў паведаміў бакам пра магчымасьць прымірэнчай працэдуры. У выпадку згоды суд мусіў прызначыць прымірыцеля, які б паспрабаваў урэгуляваць спрэчку ў дасудовым парадку. Напачатку пазоўнік ад працэдуры замірэньня адмовіўся, але потым дадаў, што мог бы на яе пагадзіцца пры ўмове задавальненьня патрабаваньняў, высунутых адказчыку. Са свайго боку старшыня СПБ нагадаў, што падобная працэдура існуе ў межах працоўнай дамовы паміж наймальнікам і прафсаюзам, і што ён ня супраць вырашыць справу гэткім шляхам.
Патрабаваньні пазоўніка агучыла юрысконсульт Аляксандра Фаміна. Яна нагадала, што тэрмін дзеяньня дамовы на арэнду памяшканьня ў адміністрацыйным корпусе акцыянэрнага таварыства «Полацак-Шкловалакно» скончыўся 31 кастрычніка 2018 году. У сваім ліставаньні з арэндатарам прадпрыемства заяўляла пра свой намер не працягваць зь ім арэндных адносінаў. Юрысконсультка заявіла, што адказчык дагэтуль з памяшканьня ня выселіўся і не вярнуў яго ўласніку па акце прыёму-перадачы. Зь яе словаў, гэтая акалічнасьць і стала прычынай звароту пазоўніка па судовую абарону.
Сваё бачаньне канфлікту агучыў і спадар Шарах. Што тычыцца дамовы на арэнду памяшканьня, то з пункту гледжаньня прафсаюзу ўсе стасункі з наймальнікам мусяць строіцца на аснове сацыяльнага партнэрства і адпаведных нарматыўна-прававых актаў. Паводле пункту 49 Генэральнага пагадненьня наймальнік абавязаны выдзяляць памяшканьне ў арэнду на бязвыплатнай аснове, і арэндныя адносіны не выходзяць за рамкі працоўных стасункаў. Пра гэта гаворыцца і ў Канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы.
Прафсаюз не аднойчы выказваў прапановы вырашаць спрэчныя пытаньні наконт арэнды празь перамовы. Аднак адміністрацыяй прадпрыемства усе яны былі адрынутыя. У выніку прафсаюз быў вымушаны нават распачаць працэдуру страйку, якая была прыпыненая ў судовым парадку. Адным з патрабаваньняў страйку было ўраўнаваньне ў правох Свабоднага прафсаюзу з Белхімпрафсаюзам, які таксама дзейнічае на прадпрыемстве і якому выдзяляецца памяшканьне без аплаты за арэнду. Розны падыход да розных прафсаюзаў ёсьць нічым іншым, як праявай дыскрымінацыі ў дачыненьні да сяброў СПБ. Да сёньняшняга часу высунутыя прафсаюзам патрабаваньні наймальнікам не выконваюцца. Дзьверы арэндаванага памяшканьня заблякаваныя і апячатаныя. У выніку прафсаюз вымушаны здымаць памяшканьне ў іншым месцы паводле камэрцыйных коштаў.
Патлумачыў суду Мікола Шарах і неправамернасьць адмовы ў заключэньні новай дамовы на арэнду, бо на прадпрыемстве маецца шмат памяшканьняў, якія не выкарыстоўваюцца.
Зварот наймальніка ў суд кіраўнік Свабоднага прафсаюзу наогул лічыць неправамерным, бо эканамічны суд разглядае спрэчкі гаспадарчых суб'ектаў, зьвязаныя з эканамічнай дзейнасьцю. Прафсаюз жа гаспадарчай дзейнасьцю не займаецца, што, на думку Міколы Шараха, дае суду права адмовіць у задавальненьні пазову празь яго непадведамнасьць.
Аспрэчваючы выказаныя прафсаюзным лідэрам аргумэнты, юрысконсультка прадпрыемства настойвала на тым, што наймальніку не прад'яўлены афіцыйна пацьверджаныя зьвесткі пра наяўнасьць на прадпрыемстве сяброў свабоднага прафсаюзу. Таму яна палічыла некарэктнымі абвінавачваньні ў дыскрымінацыі.
Сваю адмову азнаёміць наймальніка са сьпісам сяброў прафсаюзу Мікола Шарах патлумачыў як адсутнасьцю такой нормы ў прававых актах, так і тым, што калісьці адміністрацыя акцыянэрнага таварыства ўжо скарысталася такім сьпісам у сваіх мэтах. Ён нагадаў, што раней прафсаюзныя ўнёскі пералічваліся праз бухгальтэрыю, але пасьля пагрозаў і ціску на чальцоў прафсаюзу тыя былі вымушаныя адмовіцца ад паслугаў бухгальтэрыі і пачалі пералічваць ўнёскі па ведамасьці.
Прадэманстраваў Мікола Шарах суду і копію пасьведчаньня аб рэгістрацыі пяршоўкі Свабоднага прафсаюзу працаўнікоў ААТ «Полацак-Шкловалакно» ў Полацкім гарвыканкаме.
Заканчваючы сваё тлумачэньне, адказчык заявіў, што Свабодны прафсаюз не адмаўляецца добраахвотна вывезці свае рэчы з заблякаванага адміністрацыяй памяшканьня. І пагадзіўся здзейсьніць тое адразу па выдзяленьні прадпрыемствам неабходнага для гэтых мэтаў транспарту, тым больш што раней такая практыка існавала: адміністрацыя не аднойчы забясьпечвала прафсаюз машынай пры пераездзе з аднаго памяшканьня ў другое, і ніякіх пытаньняў ніколі не паўставала. Гэтым разам наймальнік не пайшоў насустрач, чым і справакаваў канфліктную сытуацыю.
Зразумеўшы пазыцыю кожнага з бакоў, судзьдзя Анатоль Гурэеў завяршыў папярэдні разбор ды вызначыўся з прызначэньнем справы да судовага паседжаньня. У пэрыяд да вызначанай даты (29 студзеня) бакі канфлікту могуць правесьці перамовы па ўмовах вызваленьня арэндаванага памяшканьня і, зьявіўшыся на судовае паседжаньне, заключыць дамову аб парадку замірэньня.
Па сканчэньні судовага паседжаньня лідэр Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікола Шарах пракамэнтаваў карэспандэнту ВВ сытуацыю, якая стала прадметам судовага разбору:
– 500 рублёў толькі мыта наймальнік не пашкадаваў заплаціць, а вось бясплатна машыну, каб вывезьці маёмасьць свабоднага прафсаюзу, ня даў. Я размаўляў са спадарыняй Маслоўскай і казаў ёй, што мы ня супраць, але дайце машыну. У межах гораду гэта будзе каштаваць максымум дваццаць рублёў. Генэральны не пашкадаваў пяцьсот рублёў дзяржаўнай пошліны, ня маючы гарантыяў, што выйграе справу, і ня думаючы па тое, што ён можа згубіць гэтыя грошы. Гэта ягоная пазыцыя: каб зьнішчыць прафсаюз, ніякіх дзяржаўных грошай дзяржаўнаму прадпрыемству не шкада. Але ж гэта марнатраўства. І гэта ў той час, калі паўтара паверха адміністрацыйнага будынку стаяць пустыя. Яны не выкарыстоўваюцца, хаця знаходзяцца на балянсе «Шкловалакна». Прадпрыемства аплачвае амартызацыю, ацяпленьне і ўсё астатняе са свайго рахунку. Мы гатовыя ўзяць у іх памяшканьне і плаціць за яго арэнду, але нам не даюць. І гэта грошы, якія недаатрымлівае дзяржаўны бюджэт.
С. Горкі