“Рэалізацыя інвэстыцыйнага праекту ў якасьці рэзыдэнту СЭЗ “Віцебск” па мадэрнізацыі дзейнай вытворчасьці дазволіць адкрытаму акцыянэрнаму таварыству “Полацак-Шкловалакно” стварыць новыя вытворчыя магутнасьці, новыя працоўныя месцы, а таксама павялічыць экспартныя пастаўкі на рынкі краін далёкага замежжа на 100 адсоткаў”, – гаворыцца ў паведамленьні.
“На сёньня кампанія вырабляе каля 900 асартымэнтаў прадукцыі, якая пастаўляецца ў больш за 40 краінаў сьвету”, – сьцьвярджаецца ў прэс-рэлізе.
Атрымаўшы статус рэзыдэнта СЭЗ “Віцебск” полацкае “Шкловалакно” трапляе ў “спэцыяльны прававы рэжым”, які прадугледжвае льготныя ўмовы ажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай і інвэстыцыйнай дзейнасьці. Напрыклад, рэзыдэнты СЭЗ вызваляюцца ад выплат падаткаў на нерухомасьць і падаткаў на прыбытак (цягам 10 гадоў з моманту яе абвяшчэньня, а пасьля гэтага тэрміну плацяць толькі 9%), атрымліваюць шмат мытных прэфэрэнцыяў.
Між тым, кіраўніцтва ААТ “Полацак-Шкловалакно” працягвае праводзіць дыскрымінацыйную палітыку ў дачыненьні да суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ), які дзейнічае на прадпрыемстве.
Актывісты прафсаюзу заяўляюць аб парушэньні правоў працоўных на заводзе. Летась на прадпрыемстве быў заплянаваны страйк, але ў выніку забастоўка не адбылася, бо была прызнаная незаконнай Віцебскім абласным судом – праз адсутнасьць калектыўнай дамовы паміж прафсаюзам і кіраўніцтвам.
Сябры СПБ на “Полацак-Шкловалакно” дагэтуль церпяць перасьлед з боку кіраўніцтва прадпрыемства. У ліпені 2018 году была арыштаваная частка маёмасьці пяршоўкі СПБ.
Адзначым, што 3 верасьня рэзыдэнтам СЭЗ “Віцебск” стала таксама прадпрыемства “Віцебскдрэў”.
Зьміцер Міраш