Страйк мусіў мець форму папераджальнай, частковай, часовай адмовы працоўных ад выкананьня імі сваіх працоўных абавязкаў з 1 лістапада па 31 студзеня бягучага году, пра што СПБ папярэдзіў кіраўніцтва «Шкловалакна».
Інтарэсы кіраўніцтва прадпрыемства ў судзе прадстаўлялі юрысконсульт Алена Пракапёнак і намесьнік генэральнага дырэктара па кадрах, ідэалягічнай працы і сацыяльных пытаньнях Андрэй Кузьмін. Таксама на іх просьбу суд дазволіў далучыцца да ўдзелу ў судовым працэсе ў якасьці трэцяй асобы Тацяне Гуравай, старшыні прафсаюзнага камітэту Белхімпрафсаюзу.
Правы сяброў альтэрнатыўнага прафсаюзу адстойваў намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу беларускага Мікола Шарах.
Справу разглядала судзьдзя Натальля Хількевіч пры ўдзеле адказнага сакратара Натальлі Казлоўскай ды пракурора Ірыны Цітковай.
У ролі галоўнага выказьніка пазыцыі адміністрацыі ААТ «Полацак-Шкловалакно» ў судзе выступіла юрысконсульт Алена Пракапёнак. Вось асноўныя яе тэзы: інтарэсы працаўнікоў на «Шкловалакне» прадстаўляе першасная арганізацыя Белхімпрафсаюзу, а адказчык (свабодны прафсаюз) ня ўдзельнічаў у калектыўных працоўных зносінах і калектыўных перамовах; адказчык не падаў дакумэнтальных доказаў сваіх паўнамоцтваў на прадстаўленьне інтарэсаў працоўных прадпрыемства. Заявіла яна і пра тое, што на «Шкловалакне» ня маюць сьпісу сяброў Свабоднага прафсаюзу, а пералічэньні іх унёскаў праз бухгальтэрыю спыненыя 1 ліпеня 2016 году, з чаго зрабіла выснову, што «іх там няма».
Наконт апошняга Мікола Шарах зрабіў заўвагу, што сьпісы могуць быць агучаныя толькі пасьля таго, як у калектыўнай дамове для сяброў Свабоднага прафсаюзу будуць замацаваныя гэткія самыя правы, як і для чальцоў афіцыйнага прафсаюзу. А ўнёскі можна пералічваць і іншымі спосабамі.
Пасьля прамовы юрысконсульта Мікола Шарах патлумачыў суду, чаму ён не прызнае заяўленае ААТ «Полацак-Шкловалакно» пазоўнае патрабаваньне. Паводле яго словаў, працэдура правядзеньня страйку цалкам адпавядае беларускаму заканадаўству. А дыскрымінацыя сяброў Свабоднага прафсаюзу стала асноўнай прычынай канфлікту з адміністрацыяй, які тая ўжо некалькі гадоў адмаўляецца вырашаць празь перамовы. Ён прывёў у якасьці прыкладу бесканфліктнае суіснаваньне незалежных прафсаюзаў і адміністрацыі ў межах калектыўнай дамовы на іншых беларускіх прадпрыемствах. На «Шкловалакне» ж ціск на працоўных быў ад пачатку скіраваны на выцясьненьне яго чальцоў з прадпрыемства. І, тым ня менш, паводле Міколы Шараха, на першае студзеня 2017 году у шэрагах Свабоднага прафсаюзу знаходзяцца 369 працоўных прадпрыемства.
Далей слова ўзяла пракурор Ірына Ціткова. Яна заявіла, што ў адпаведнасьці з артыкулам 389 Працоўнага кодэксу рашэньне аб правядзеньні страйку прымаецца на сходзе або канфэрэнцыі працоўнага калектыву тайным галасаваньнем, а рашэньне лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала ня менш за дзьве траціны прысутных на сходзе ці дэлегатаў канфэрэнцыі. Яна паведаміла, што гэтае патрабаваньне з боку Свабоднага прафсаюзу не было выкананае.
Разгледзеўшы акалічнасьці справы, суд прыйшоў да высновы, што рашэньне аб правядзеньні страйку прынятае пры адсутнасьці калектыўнай працоўнай спрэчкі паміж бакамі калектыўнай дамовы. І гэта нягледзячы на тое, што Мікола Шарах на канкрэтных прыкладах даводзіў суду, што сутнасьць спрэчкі палягае ў розных формах дыскрымінацыі чальцоў Свабоднага прафсаюзу: ад ігнараваньні іх прапановаў наконт калектыўнай дамовы да розных формаў перасьледу адміністрацыяй аж да звальненьня. Ніводзін сябра альтэрнатыўнага прафсаюзу ня быў дапушчаны да ўдзелу ў складаньні новай калектыўнай дамовы, а каб пазьбегнуць звальненьня, рабочыя перасталі пералічваць прафсаюзныя ўнёскі праз бухгальтэрыю і афішаваць сваё сяброўства ў Свабодным прафсаюзе.
Выслухаўшы тлумачэньні бакоў, суд вырашыў у поўным аб'ёме задаволіць пазоўныя патрабаваньні ды пастанавіў прызнаць рашэньне, прынятае першаснай арганізацыяй Свабоднага прафсаюзу беларускага аб правядзеньні страйку, незаконным.
С. Горкі