Заяўка Свабоднага прафсаюзу на пікет падавалася ў Полацкі райвыканкам. У заяўцы пазначалася, што ўдзельнікі імпрэзы выступяць з патрабаваньнем:
- адмяніць сыстэму кароткатэрміновых працоўных кантрактаў;
- ня ўносіць у Працоўны кодэкс нормы аб часовых працоўных кантрактах;
- спыніць дыскрымінацыю рабочых ААТ «Полацак-Шкловалакно» за ўдзел у Свабодным прафсаюзе Беларускім.
Ліст Полацкага райвыканкаму з адмовай работнікам праводзіць масавае мерапрыемства падпісаны намесьнікам старшыні па сацыяльных пытаньнях Пяткевіч Пятром Мяфодзьевічам. Тэкст ліста рыхтавала начальніца аддзелу ідэалягічнай работы і па справах моладзі Ганебная Натальля Ўладзімераўна.
Фармальнай прычынай адмовы названае тое, што заяўнікамі «ня выкананыя патрабаваньні пункту 3 Рашэньня Полацкага райвыканкаму ад 15.03.2013 году...» Гэтым пунктам мясцовыя ўлады абавязваюць арганізатараў масавага мерапрыемства, «калі арганізацыя масавага мерапрыемства адбываецца без удзелу органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня», далучаць да заяўкі дамовы зь міліцыяй, мэдыкамі і камунальнікамі па абслугоўваньні імпрэзы.
Распавядаюць прафсаюзныя актывісты: «Праз гэтае патрабаваньне ўладаў у Полацку за апошнія два гады без удзелу мясцовых уладаў не праводзілася ніводнага масавага мерапрыемства. Такую інфармацыю паведаміла начальніца ідэалягічнага аддзелу Натальля Ганебная. Апошні дазволены ўладамі пікет Свабоднага прафсаюзу ладзіўся 7 кастрычніка 2010 году на Сусьветны дзень дзеяньняў за годную працу».
У заяўцы на пікет Свабодны прафсаюз паведамляў пра свае забавязаньні па падтрыманьні парадку на пікеце, прыбіраньні тэрыторыі і аказаньні першай мэдычнай дапамогі ў выпадку неабходнасьці. «У паслугах ЖКГ, міліцыі і мэдыцыны ня маем патрэбы», – пазначана ў заяўцы.
Начальніца ідэалягічнага аддзелу прапануе рабочым заводу пацярпець да Новага году: маўляў, закон аб масавых мерапрыемствах зьменіцца, і можна будзе праводзіць пікет паводле заяўнага прынцыпу без узгадненьня зь мясцовымі ўладамі.
Аляксандар Марозаў