LT News - шаблон joomla Оригами
Пятніца, 04 Жнівень 2017

Інспэкцыя працы хавае ад рабочых матэрыялы праверкі наймальніка

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Дырэкцыя ААТ «Полацак-Шкловалакно» вядзе псыхалягічны тэрор у адносінах да рабочых сябраў Свабоднага прафсаюзу Беларускага. А інспэкцыя працы імкнецца гэтага не заўважаць і ўтойвае ад працоўных матэрыялы адміністрацыйнага расьсьледаваньня дзеяньняў службовых асобаў заводу «Шкловалакно».

Віцебская абласная ўправа інспэкцыі працы лічыць, што няма падставаў для правядзеньня праверкі ААТ «Полацак-Шкловалакно» наконт «выкананьня заканадаўства аб працы і аб ахове працы». Пра гэта 31 ліпеня інспэкцыя паведаміла Свабоднаму прафсаюзу рабочых заводу «Шкловалакно» за подпісам намесьніка начальніка віцебскай управы Сяргея Ануфрыева. Пры гэтым Віцебская і Полацкая інспэкцыі працы адмаўляюцца знаёміць прадстаўнікоў прафсаюзу з матэрыяламі праверкі па адміністрацыйнай справе супраць службовых асобаў заводу, якая спыненая нібыта за адсутнасьцю правапарушэньня.

ІНСПЭКЦЫЯ ПРАЦЫ МІТУСІЦЦА

Свабодны прафсаюз патрабаваў разгледзець скаргу ў Віцебскай інспекцыі з удзелам прадстаўніка прафсаюзу. Намесьніца начальніка аддзелу нагляду за выкананьнем заканадаўства аб працы Віцебскай інспэкцыі працы Галай Галіна Анатольеўна па тэлефоне ў пятніцу ўвечары паведаміла старшыню пяршоўкі СПБ Віктару Стукаву, што ў панядзелак, 31 ліпеня, скарга прафсаюзу будзе разгледжаная. Аднак у нядзелю ператэлефанавала ды заявіла пра адмову разглядаць справу, і што будзе дадзены толькі пісьмовы адказ.

ПРАФСАЮЗ ЛІКВІДАВАЦЬ НЕЛЬГА

Тым ня менш у панядзелак старшыня прафсаюзу Віктар Стукаў прыбыў у Віцебскую абласную ўправу інспэкцыі працы, дзе адбылася размова з інспэктарамі. Намесьніцу начальніка аддзелу Галіну Галай цікавіла, чаму прафсаюз не дае дырэкцыі завода сьпісаў сябраў прафсаюзу. Інспэктар Галай лічыць, што гэта відавочная хіба беларускага заканадаўства, што яно не абавязвае прафсаюз даваць сьпісы чальцоў прафсаюзу, і шкадавала, што ў такой сытуацыі нельга прафсаюз ліквідаваць.

ПСЫХАЛЯГІЧНЫ ТЭРОР ПАВЕРНЕЦЦА НАЧАЛЬНІКАМ

Старшыня прафсаюзу патлумачыў, што за ўдзел працоўных у СПБ начальнікі на заводзе ААТ «Полацак-Шкловалакно» псыхалягічна ціснуць на працоўных. Псыхалягічны тэрор у выглядзе запалохваньня звальненьнем працаўніка і адкрытым падманам рабочых пра  нібыта адсутнасьць Свабоднага прафсаюзу Беларускага на заводзе. Калі такі тэрор з боку начальнікаў ня спыняць дзяржаўныя органы нагляду, то рабочыя ў адказ таксама могуць ужыць псыхалягічнае ўзьдзеяньне на начальнікаў па месцы іх жыхарства, што будзе цалкам законна і справядліва.

ПАРУШЭНЬНІ ДЫРЭКТАРА КАНТРАЛЯВАЦЬ НЯМА КАМУ

На думку прафсаюзьнікаў, дырэкцыя заводу «Шкловалакно» парушыла Генэральнае пагадненьне ўраду Беларусі з прафсаюзамі, не пускаючы прадстаўніка дзейнай на заводзе пяршоўкі СПБ да працы камісіі па калектыўных перамовах. Як мяркуюць сябры СПБ, дырэктар заводу парушае адміністрацыйнае заканадаўства, не паведамляючы інфармацыю, патрэбную Свабоднаму прафсаюзу для ўдзелу ў калектыўных перамовах.

Полацкая інспэкцыя працы, якая абавязаная прыцягваць дырэктараў за гэткае правапарушэньне, правяла праверку па скарзе прафсаюзу і закрыла адміністрацыйную справу за адсутнасьцю правапарушэньня. Аргумэнты начальніка Полацкай інспэкцыі працы Андрэя Крыўко былі такія: наймальнік заявіў, што рабочыя заводу ня ўдзельнічаюць у Свабодным прафсаюзе, а Свабодны прафсаюз не падаў сьпісаў рабочых, што знаходзяцца ў СПБ.

Намесьнік старшыні СПБ па Віцебскай вобласьці Мікола Шарах мяркуе, што рабочым ня варта спадзяецца на абарону сваіх правоў і інтарэсаў у інспэкцыі працы. Асабліва, калі наймальнік – дзяржаўнае прадпрыемства. Бо ў такім разе інспэкцыя працы заўсёды стане на абарону інтарэсаў дырэктара.

ПАРУШАНАЕ ПРАВА НА АБ'ЯДНАНЬНЕ Ў ПРАФСАЮЗЫ

А пакуль парушэньні на ААТ «Полацак-Шкловалакно» працягваюцца. З 1 жніўня ў акцыянэрным таварыстве пачала дзейнічаць новая калектыўная дамова з дыскрымінацыйнымі нормамі для рабочых за няўдзел ў Белхімпрафсаюзе – такая дыскрымінацыя забароненая Працоўным кодэксам і Ўказам прэзыдэнта аб сацыяльным партнэрстве.

Аляксандар Марозаў

Пакінуць камэнтар