Нядзеля, 09 Ліпень 2017

На Мёрскім ільнокамбінаце рэгулярна затрымліваюць выплату заробкаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У траўні завадчане чакалі зарплату толькі за сакавік. Такое становішча рэчаў іх мала задавальняе, і на «гарачую лінію» ў рэдакцыю газэты «Беларускi час» паступіў чарговы зварот.

Карэспандэнт газэты, каб высьветліць сытуацыю, зьвязалася са старшынём Мёрскага раённага аб'яднаньня прафсаюзаў Аляксандрам Барэйкам. Той пацьвердзіў, што праблема несвоечасовай выплаты заробкаў на льнозаводзе сапраўды існуе. Дый у цэлым эканоміка прадпрыемства пакідае жадаць лепшага. Празь некаторы час мы наведалі льнозавод разам з Аляксандрам Ігнатавічам. Запазычанасьць ужо была выплачаная, тым ня менш радасныя ноткі ў галасох работніц, зь якімі мы размаўлялі, не гучалі.

– Не было грошай, каб заплаціць за «камуналку», разьлічыцца за дзіцячы садок і з банкам за крэдыты, – распавядалі жанчыны. – А ў нас жа працуюць цэлыя сем'і і маці-адзіночкі... Вядома, мы разумеем усю складанасьць сытуацыі, але хто зразумее нас?!

Завадчане таксама паведамілі, што празь нявыплату запазычанасьцяў на прадпрыемстве пэрыядычна адсутнічала электраэнэргія і работнікам прапаноўвалі пісаць заявы на адпачынак без захаваньня зарплаты. Хоць паводле калектыўнай дамовы ў такіх абставінах прадугледжаны адпачынак з аплатай у дзьве траціны тарыфнай стаўкі.

– Працуем у шкодных умовах, але не атрымліваем адпаведных даплат, не даюцца дадатковыя адпачынкі, – абураліся жанчыны. – Пэрспэктывы досыць цьмяныя...

І нашы суразмоўніцы, здаецца, фарбаў не згушчалі.

Як распавёў вядучы аграном Мёрскага льнозаводу Анатоль Вашкель, прадпрыемству больш за 60 гадоў. Сёньня тут працуюць 65 чалавек: сеюць, вырошчваюць лён, займаюцца першаснай апрацоўкай трасты, выпрацоўкай і рэалізацыяй валакна. Некалькі гадоў таму быў далучаны Браслаўскі льнозавод, які знаходзіўся ў крытычным стане. У выніку на адно стратнае прадпрыемства ў вобласьці стала менш, аднак на Мёрскі льнозавод «павесілі» усе даўгі калег-суседзяў і выдаткі на ўтрыманьне будынкаў у Браславе. У мінулую ўборачную кампанію праз моцныя дажджы прапала 152 гектары лёну з 800. Зрэшты, і сабраны ўраджай дазволіў бы зьвесьці канцы з канцамі, як той казаў, калі б не яшчэ адна неспадзеўка – сёлета цэны на кароткае валакно (а менавіта такое вырабляюць у Мёрах) рэзка ўпалі. Сягоньня на складзе захоўваецца 19 тонаў ільновалакна № 2 на продаж. Леташні дзяржзаказ па пастаўках прадукцыі на Аршанскі льнозавод выкананы менш як на 10%. Сёлета ж Мёрскі завод і зусім не ўключылі ў дзяржзаказ. Значыць, давядзецца больш актыўна займацца рэалізацыяй прадукцыі самастойна.

– Чаму ня можам вырабляць больш якаснае льновалакно? – пытаецца Анатоль Вашкель і адразу ж адказвае: – Па-першае, абсталяваньне зношанае і фізычна, і маральна. Апошняя рэканструкцыя была яшчэ ў 1973 годзе. Адзіную новую лінію па перапрацоўцы валакна набылі больш за 10 гадоў таму. Капітальны рамонт неабходны кацельні. Па-другое, «паўночны ядваб» – культура капрызная, якая патрабуе да сябе адмысловага стаўленьня. Добры даўгунец вырасьціць няпроста, бо неабходна дакладна выканаць ўсю тэхналёгію, якая ўключае восеньскую узворваньне, хімпраполку, унясеньне дастатковай колькасьці ўгнаеньняў, рэгулятараў росту, мікраэлемэнтаў, фунгіцыдаў ад хваробаў... А на гэта патрэбныя немалыя сродкі. Мы ж выконваем мінімальны аб'ём работ і атрымліваем, адпаведна, нізкія нумары трасты. Наша валакно ідзе на мехавую тканіну, вяроўку, упаковачную пасму.

Дарэчы, аплату за прададзеную прадукцыю даводзіцца чакаць не адзін месяц. Так, галаўное прадпрыемства ААТ «Віцебскабллён», якое займаецца рэалізацыяй ільновалакна, зь лютага 2017-га завінавацілася міёрцам 27,4 тысяч рублёў. Словам, куды ні кінь, усюды клін. У выніку з пачатку году эканоміка прадпрыемства пастаянна мінусуе. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі за студзень-красавік у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году зьнізілася з 223 тысяч рублёў да 108 тысяч. Рэнтабэльнасьць рэалізаванай прадукцыі склала мінус 59,73%, чыстая страта – 99 тысяч рублёў. Адсюль і перабоі з аплатай за электраэнэргію, і несвоечасовы разьлік па зарплаце, і адсутнасьць выплат за работу са шкоднымі ўмовамі працы.

Што чакае работнікаў найбліжэйшымі месяцамі? Як распавёў дырэктар прадпрыемства Аляксандар Міхайлаў, у сувязі зь фінансавымі цяжкасьцямі заробкі за травень будуць выплачваць паэтапна. Спадзяюцца тут і на вяртаньне запазычанасьці «Віцебскабллёну». З 10 ліпеня большасьць работнікаў адправяцца ў працоўны адпачынак. У гэты час тэхнічны пэрсанал будзе займацца рамонтам кацельні і абсталяваньня, на што выдзеленыя сродкі з абласнога бюджэту. На больш глябальныя пляны – мадэрнізацыю вытворчасьці – у Мёрах пакуль не разьлічваюць.

Ігар Кузьняцоў, старшыня Мёрскага райвыканкаму:

– Лён мы сеялі і будзем сеяць. Важна вызначыцца ў двух момантах. Калі льнозавод працягне функцыянаваць, то спатрэбяцца немалыя грошы на капітальны рамонт асноўнай вытворчай лініі і кацельні. Раён іх ня мае, таму патрэбная сур'ёзная падтрымка на абласным узроўні. Калі прадпрыемства далучыць да аднаго зь дзейных у суседніх раёнах, то мы станем сыравіннай зонай і будзем займацца толькі вырошчваньнем лёну. Але такое рашэньне трэба прымаць на ўзроўні вобласьці, інакш праблемы толькі павялічацца.

Любоў Трапезьнікава, 1prof.by
Фота аўтара

Пакінуць камэнтар