Старшынявала на мерапрыемстве лідэр мясцовых прадпрымальнікаў Ірына Яскевіч, кіраўніца стваранага прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам». У працы канфэрэнцыі ўдзельнічалі намесьнік старшыні АГП, эканаміст аналітычнага цэнтру АГП «Стратэгія» Леў Марголін і экспэрт «Лібэральнага клюбу» Антон Болтачка.
Робячы эканамічны прагноз на другое паўгодзьдзе, Антон Болтачка заявіў, што сытуацыя будзе вызначацца сыстэмнай стагнацыяй. Даходы насельніцтва будуць паступова скарачацца, прадпрыемствы будуць пакрысе звальняць працоўных, некаторыя прыватнікі будуць закрывацца, але адначасна нейкая частка прадпрымальнікаў будуць, наадварот, адкрывацца, прыбыткі прадпрыемстваў будуць падаць. Найвялікшай праблемай будзе адсутнасьць заўважных інвэстыцыяў. Тым ня менш значнага заняпаду і разбурэньня эканомікі чакаць ня трэба.
Стагнацыя дзяржаўных прадпрыемстваў будзе суправаджацца колькасным скарачэньнем, скарачэньнем замоваў, скарачэньнем выручкі. У выніку будзе ісьці паступовае адміраньне гэтага сэктару эканомікі, нават нягледзячы на дзяржпадтрымку. Найлепей будуць пачувацца прыватныя прадпрыемствы, што працуюць на экспарт. Ва ўмовах крызысу яны нават будуць мець шэраг перавагаў у выглядзе падзеньня выдаткаў на рынку працы. Падагульняючы свае развагі, Антон Болтачка зазначыў: «Самае страшнае, што для цэнтральна-эўрапейскай краіны гэткая стагнацыя можа цягнуцца гадоў дзесяць».
Не забыўся экспэрт узгадаць і пра дэнамінацыю, адзначыўшы, што дэнамінацыя дазволіць дзяржаве лепей кантраляваць грашова-крэдытную палітыку. Наяўнасьць ў абарачэньні мэталёвых грошай будзе спрыяць таму, што інфляцыя будзе адчувацца значна мацней. У гэтых умовах Нацыянальны банк павінен будзе праводзіць палітыку стрымліваньня інфляцыйных працэсаў.
Леў Марголін пераняў слова і патлумачыў, што падаўленьне інфляцыі само па сабе не спрыяе эканамічнаму росту, а зьяўляецца адным з чыньнікаў заахвочваньня да інвэстыцыйных укладаньняў. Успомніў ён і пра ўдалыя захады беларускай эканомікі ў мінулым. Некалі беларускім дзяржаўным прадпрыемствам, такім як «Атлант», «Гарызонт», «Брэстгазаапарат» удалося хутка наладзіць вытворчасьць і выдатна скарыстацца зь вялікага расейскага рынку. Але ў далейшым яны не падбалі пра стварэньне новых распрацовак і прыцягненьня замежных інвэстыцыяў. У выніку расейскі рынак занялі фірмы ўзроўню «Самсунга», зь якімі канкураваць досыць складана, бо калі на «Гарызонце» ў найлепшыя часы працавала 7-8 тысячаў чалавек, то на «Самсунгу» гэткая колькасьць спэцыялістаў займаецца толькі вынаходніцтвам і распрацоўкай новай прадукцыі. І цяпер ужо ня мы пастаўляем у Расею свае тэлевізары і лядоўні, а самі купляем прадукцыю, зробленую на расейскіх заводах.
Леў Марголін адзначыў, што тутэйшыя ўлады ня здольныя вучыцца: «У беларускай улады існуе гэткая аблуда, што калі ў расейскай эканоміцы сытуацыя палепшыцца, калі кошты на нафту вернуцца да колішніх, а санкцыі здымуць, то і для нашай эканомікі надыдзе палёгка. Не надыдзе! Не надыдзе з тае прычыны, што наша эканоміка ўпершыню сутыкнулася з канкурэнцыяй на расейскім рынку. І пры паляпшэньні сытуацыі на рынку суседняй дзяржавы пойдуць інвэстыцыі туды, дзе ўжо цяпер куды больш эканамічнай свабоды, чымся ў нас».
Разьвіваючы сваю думку, Леў Марголін падкрэсьліў, што, абмяжоўваючы эканамічную свабоду, дзяржава праводзіць вельмі недальнабачную палітыку. І тут адна прычына: кіраўнік дзяржавы даўно зразумеў, што прадпрымальнікі – гэта людзі, якімі цяжка кіраваць, бо яны маюць свае інтарэсы і ахвяраваць імі ня будуць. А вось трактарным заводам кіраваць лёгка: выклікаў дырэктара – і завод ідзе на выбары, трэба на суботнік – ідзе на суботнік.
Ірына Яскевіч у сваім выступе прапанавала дзеля вырашэньня пытаньняў сумнавядомага ўказу №222 два шляхі. Першы - прадпрымальнікі закрываюцца і арганізавана адстойваюць свае правы, і другі – гэта шлях кампрамісу і дамоваў, калі вытаргоўваецца нешта патрэбнае ўзамен іншага. У прыватнасьці, яна ўнесла прапанову пра тое, што прыватнікі пагаджаюцца браць на рэалізацыю беларускі тавар, як ім прапануе ўрад, але ў тых аб'ёмах, якія яны вызначаць самі. Яна лічыць, што найперш гэта мусіць быць суправаджальны тавар. Прыкладам, калі ты гандлюеш сукенкамі, то можна на продаж узяць беларускія калготкі, якія будуць прадавацца без нацэнкі. Гэткім спосабам прадпрымальнікі прадэманструюць дзяржаве сваё разуменьне цяперашняга стану беларускай эканомікі. Але ўзамен дзяржава мусіць даць магчымасьць прадпрымальнікам на нечым зарабіць.
І хаця прапанова дае нейкія магчымасьці для кампрамісу, прысутныя не пагадзіліся з прапановай свайго лідэра. Як яны патлумачылі, дзяржава ня будзе зацікаўленая ў забесьпячэньні прадпрымальнікаў якасным таварам. Маўляў, добры тавар на рэалізацыю дзяржава ніколі ня дасьць.
Працягваючы сваю прамову, Ірына Яскевіч адзначыла, што цяпер прыватныя прадпрымальнікі апынуліся ў становішчы, якое нагадвае становішча быдла на разьніцы: каровы, якіх гоняць на забой, разумеюць, чым гэта скончыцца, але нічога ня робяць. Яны плачуць, але ідуць. Кожны прадпрымальнік разумее, што любая праверка паводле новых патрабаваньняў прывядзе да штрафаў, але яны ідуць і гандлююць. Гандлююць ад безвыходнасьці.
Аналізуючы сытуацыю, Ірына Яскевіч акцэнтавала ўвагу яшчэ на адным важным аспэкце: «У цяперашні момант прадпрымальнік знаходзіцца ў стане паміж нармальнымі працоўнымі месцамі і біржай працы. На біржы нас не рэгіструюць, мы вымушаныя выжываць у існуючых гандлёвых цэнтрах, бо дзяржава не стварыла неабходнай колькасьці працоўных месцаў, якія б мы маглі заняць. Мы ня кажам, што за наш кошт фармуецца нейкая лёсавызначальная частка бюджэту. Мы кажам, што сацыяльная дзяржава мусіць дбаць пра сваіх грамадзянаў, таму мы чакаем, калі яна пабудуе для нас завод і запросіць нас на працу, бо ўсімі сваімі ранейшымі захадамі дзяржава зрабіла так, што прадпрымальнік ня здолеў назапасіць капітал, каб пабудаваць гэты завод».
Яшчэ адной прапановай лідэра віцебскіх прадпрымальнікаў сталася прапанова адмовіцца ад тэрміну «дробны бізнэс» і, зыходзячы з рэаліяў, называць рынкавых гандляроў «самазанятымі». Прыватнікам трэба дамагчыся пераводу іх у гэтую плашчыню, тады іх ня будзе тычыцца ніводзін з прынятых урадам дакумэнтаў. Гэта можа стацца адзінай выратавальнай саломінкай у варунках, калі дзяржава робіць усё дзеля таго, каб прыватнікі закрыліся і ціха сышлі. «Пакуль у нас няма магчымасьці іншага працаўладкаваньня, застаецца толькі адно патрабаваць: альбо пакіньце нас у спакоі, альбо дайце нам новыя працоўныя месцы», - зазначыла Ірына Яскевіч.
С. Горкі