Рэальныя прадстаўнікі працоўных
Мікола Шарах у гэтай радзе прадстаўляе дэмакратычныя прафсаюзы разам зь яшчэ двума калегамі – старшынём Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП) Міколам Зіміным і намесьнікам старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Сяргеем Антусевічам.
Спрэчка пра парадак дня
Паседжаньне 18 траўня пачалося са спрэчкі за парадак дня паміж прадстаўнікамі БКДП і астатнімі ўдзельнікамі ад ураду, наймальнікаў і ад старых прафсаюзаў Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ).
Тройца (урад – наймальнікі – прафсаюзы ФПБ) хацела абмеркаваць толькі тэорыю канцэпцыі ўдасканаленьня заканадаўства ў сацыяльна-працоўнай сфэры і пытаньне пра свае пэрспэктывы далейшага супрацоўніцтва зь Міжнародным бюро працы з паездкамі на замежныя сэмінары.
БКДП настойваў на абмеркаваньні чатырох пытаньняў: пра намер уладаў паменшыць абароненасьць працоўных новымі зьменамі Працоўнага кодэксу, пра зьмены ў пэнсійным заканадаўстве, пра парушэньні дырэктарамі прадпрыемстваў генэральнага пагадненьня і пра звальненьне кіраўніцтвам ААТ «Полацак – Шкловалакно» сябра Рады Шараха Міколы.
Пасьля нядоўгай сваркі паміж супрацьлеглымі бакамі пераўзыходзячая па колькасьці дзяржнамэнклятура (15 супраць 3 чалавек) пагадзілася дадаць да абмеркаваньня два апошнія пытаньні ад БКДП.
Паабяцалі разабрацца
Асаблівая ўвага падчас абмеркаваньня была зьвернутая на сытуацыю, якая склалася ў ААТ «Полацак-Шкловалакно». Генэральны дырэктар акцыянэрнага таварыства Андрэй Бунакоў адмаўляецца выконваць генэральнае пагадненьне і весьці калектыўныя перамовы з работнікамі пры ўдзеле Свабоднага прафсаюзу. Адміністрацыя заводу апраўдвала свае паводзіны тым, што перамовы нібыта апошнім часам не вяліся, хоць гэта не адпавядае рэчаіснасьці: перамовы ішлі, і ў калектыўную дамову ўносіліся зьмены, якія пагоршылі становішча працоўных заводу. А прадстаўніка СПБ ня толькі не ўключылі ў камісію па калектыўных перамовах, але і спынілі зь ім працоўныя адносіны, пайшоўшы на парушэньне нават указу прэзыдэнта аб працягу працоўных кантрактаў. Наконт гэтага пытаньня намесьнік старшыні Рэспубліканскай Асацыяцыі прадпрыемстваў прамысловасьці «БелАПП» Цімафееў Віктар Мікалаевіч паабяцаў правесьці расьсьледаваньне і разабрацца ў сытуацыі на заводзе.
Канцэпцыя ўдасканаленьня законаў
Удзельнікі паседжаньня выслухалі кандыдата юрыдычных навук Віктара Цімафеева пра канцэпцыю ўдасканаленьня заканадаўства ў сацыяльна-працоўнай сфэры, распрацаванай Цэнтрам працоўнага права Міжнароднага ўнівэрсытэту "МІПСА". У выніку рада большасьцю галасоў адмовілася прыняць гэтую канцэпцыю нават у якасьці асновы для паляпшэньня заканадаўства.
Як сказаў Мікола Шарах, «не гатовыя нашы прадстаўнікі ўраду і прафсаюзаў ФПБ, і нават прадстаўнікі наймальнікаў слухаць навукоўцаў. Яны лічаць, што лепш ведаюць, як і што мусіць разьвівацца, а погляды навукоўцаў – гэта нейкія выдумкі. Мне асабіста пытаньні, пастаўленыя ў канцэпцыі, спадабаліся; прынцыпы, паводле якіх павінна ўдасканальвацца працоўнае заканадаўства, там выкладзеныя слушна. Я спадзяюся, што супрацоўніцтва з гэтай групай навукоўцаў будзе працягнутае і іх распрацоўкі знойдуць сваё ўвасабленьне ў далейшым лёсе беларускага заканадаўства».
Непрынятыя прынцыпы
Прадстаўленая канцэпцыя паляпшэньня беларускіх законаў аб працы, якая не была прынятая радай, пабудаваная на такіх прынцыпах:
1. прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права над нацыянальным заканадаўствам;
2. канстытуцыйнасьці і законнасьці;
3. вяршэнства нормаў Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь у дачыненьні да супярэчных яму нормаў іншых заканадаўчых актаў у частцы рэгуляваньня працоўных і зьвязаных з iмi адносiн;
4. абароны правоў і свабод, законных інтарэсаў грамадзян, якая выяўляецца ў тым ліку і ў галіновым прынцыпе in favorem («у бок паляпшэньня прававога становішча работніка»);
5. сацыяльнай справядлівасьці;
6. навуковасьці, якая прадугледжвае абавязковае прыцягненьне ў працоўныя групы, якія распрацоўваюць праекты законаў вядучых навукоўцаў-юрыстаў, якія спэцыялізуюцца ў працоўным праве і праве сацыяльнага забесьпячэньня;
7. сыстэмнасьці і комплекснасьці прававога рэгуляваньня грамадзкіх адносін;
8. уліку меркаваньня сацыяльных партнэраў на стадыях распрацоўкі і абмеркаваньня праектаў законаў у сацыяльна-працоўнай сфэры з найбольш прадстаўнічымі рэспубліканскімі аб'яднаньнямі работнікаў н наймальнікаў.
ДАВЕДКА:
Рада па пытаньнях удасканаленьня заканадаўства ў сацыяльна-працоўнай сфэры створаная для дапамогі ўраду Беларусі ў добрасумленным выкананьні патрабаваньняў Міжнародных дамоваў, якія гарантуюць права працоўных на аб'яднаньне, для адстойваньня імі сваіх эканамічных інтарэсаў. З 18 удзельнікаў Рады толькі тры чалавекі рэальна прадстаўляюць рабочых, зьяўляючыся прадстаўнікамі дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі.
Аляксандар Марозаў