Пасьля сходу, дзе было прынятае рашэньне пра візыт да ўладаў, прадпрымальнікаў у аблвыканкаме, здаецца, ужо чакалі. Прынамсі, ім арганізавалі сустрэчу з прадстаўнікамі цэлага шэрагу адказных службаў, кажа Ірына Яскевіч, кіраўніца аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам»:
«Прадстаўнікі гандлёвых цэнтраў „Эвіком“ і „Беларусь“, рынкаў „Паўднёвы“, „Полацкі“ і „Смаленскі“ сёньня, як і дамаўляліся ўчора на сходзе, наведалі аблвыканкам. Мы зьбіраліся пакінуць рашэньне сходу з тлумачэньнямі, чаму ўказ № 222 для нас невыканальны. Нас прыняў намесьнік старшыні аблвыканкаму Алег Мацкевіч, вельмі хутка сабраліся прадстаўнікі абласной падатковай інспэкцыі, аддзелу гандлю, дзяржстандарту і дэпартамэнту прадпрымальніцтва. Размаўлялі мы больш за гадзіну, прыблізна гадзіны паўтары. Нашы тлумачэньні выслухалі, нешта спрабавалі аспрэчыць. Мы перадусім тлумачылі, што нам больш не патрэбныя адтэрміноўкі і пераносы, бо сытуацыя ад гэтага толькі пагаршаецца. Мы папрасілі ўключыць у абласную раду па прадпрымальніцтве нашых прадстаўнікоў, у тым ліку з рэгіёнаў. Магчыма, нам дадуць там тры месцы, і тады ў радзе будуць людзі, якія змогуць прадстаўляць інтарэсы індывідуальных прадпрымальнікаў».
Праблему, зьвязаную зь дзеяньнем указу № 222, удалося толькі абмеркаваць. Прадпрымальнікі Віцебску і іншых гарадоў вобласьці так і не выходзяць на працу, спыніўшы яе 1 студзеня. Настрой у людзей кепскі – працаваць нельга, бо без дакумэнтаў пра сэртыфікацыю тавараў можна падпасьці пад вялікія штрафы ці нават канфіскацыі, кажа прадстаўнік рынку «Паўднёвы» Андрэй Закрэўскі:
«Пакуль настрой у нас ня вельмі добры. Трэба працаваць, а мы ня можам. Незразумела як. Дужа вялікія штрафы, а з дакумэнтамі, якіх патрабуюць ад нас, вялікія праблемы. Застаецца хіба спадзявацца, што неяк знойдуць выйсьце з гэтага становішча».
Паводле дэлегата ў аблвыканкам Руслана Буракова, старшыні рады прадпрымальнікаў «Полацкага» рынку, пытаньне пра ўказ № 222 павінна быць вырашанае не на ўзроўні аблвыканкаму, а вышэй:
«Прыемна, што ўлады нас пачулі, што прынялі. Бо першапачаткова нам прапанавалі проста пакінуць нашы дакумэнты ў прыёмнай. Але нас пагадзіліся прыняць. Мы выдатна разумеем, што на гэтым узроўні пытаньне не вырашаецца. На ўсе нашы пытаньні ў іх ёсьць, вядома, ужо гатовыя адказы. Але мы спадзяёмся, што нашы пытаньні абласныя чыноўнікі перададуць вышэй, і там, наверсе, будзе прынятае нейкае рашэньне. Хацелася б, каб зь ім не зацягвалі, каб вырашалі хутчэй. Бо мы ня хочам ніякіх мітынгаў, ніякіх стыхійных пратэстаў – мы проста хочам працаваць».
Пакуль што віцебскія прадпрымальнікі працы не аднаўляюць. Рынкі і гандлёвыя цэнтры будуць стаяць пустыя прынамсі да 12 студзеня. На гэты дзень прызначаны чарговы прадпрымальніцкі сход, на якім будуць абмеркаваныя вынікі паходу ў аблвыканкам, і будзе вырашана, што рабіць далей.