Судовы працэс над трыма навучэнцамі віцебскіх каледжаў – Вольгай Шамшурай, Ягорам Пафёравым і Іванам Ануфрыевым, працягваўся ўсяго два тыдні. Іх вінавацілі ў злачынствах, прадугледжаных часткамі 1 і 3 артыкулу 328 КК, Вользе Шамшуры інкрымінавалі таксама крадзеж наркатычных сродкаў (арт. 327 КК).
Падлеткі прызналі віну цалкам альбо часткова. Судзьдзя суду Чыгуначнага раёну Віцебску Дзяніс Аляксеенка палічыў віну маладых людзей даказанай.
У выніку Вольгу Шамшуру, якой на момант затрыманьня ў студзені 2019 году не было яшчэ 18-ці, асудзілі “па сукупнасьці злачынстваў” на 9,5 гадоў пазбаўленьня волі. 18-гадовы Ягор Пафёраў атрымаў 8,5 гадоў калёніі. Няпоўнагадовы Іван Ануфрыеў асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем тэрміну ў выхаваўчай калёніі.
Прысуды пакуль не набылі законную сілу.
8 гадоў за пару фотаздымкаў
Аляксандар Пафёраў, бацька асуджанага Ягора, лічыць, што “артыкул 328 зусім бязьлітасны ў дачыненьні да такіх дзяцей”.
“Так, яны вінаватыя, і адмаўляць гэта ня мае сэнсу. Але ж навошта ім даваць такія тэрміны? Тым больш у першы раз! Дзяржава павінна даць ім права выправіцца іншым чынам, ну праз нейкае альтэрнатыўнае пакараньне ці як... А то і праўда атрымліваецца нейкі генацыд…” – сказаў тата асуджанага хлопца.
“Вельмі жорсткія прысуды. Судзьдзя, канечне, даў па мінімальным парозе, але велічыня пакараньня неадпаведная. Мой сын атрымаў 8 гадоў толькі за тое, што зрабіў пару фотаздымкаў падчас закладкі…” – кажа бацька асуджанага няпоўнагадовага Івана Яўген Лагуноў.
Ён лічыць цынізмам караць гэтак жорстка на фоне таго, што адбываецца зараз навокал.
“Так, на фоне таго, што зараз у Беларусі небясьпечныя псыхатропы знаходзяцца, можна сказаць, у вольным доступе, дык лічу гэта нейкім цынізмам. І хочацца папросту запытацца ў кіраўніка дзяржавы, а ці ведае ён аб тым, што ў краіне можна лёгка купіць наркотыкі праз “Тэлеграм”. Хочацца, каб ён не перакідваў адказнасьць на МУС ды іншыя структуры, а асабіста выйшаў бы і пракамэнтаваў дадзены стан рэчаў”, – сказаў Яўген.
“Гэта ўрок для мяне, але тэрміны – неапраўдана вялікія…”
Адзначым, што актавая заля Віцебскага палітэхнічнага каледжу была амаль цалкам запоўненая навучэнцамі ўстановы. Адміністрацыя каледжу пакінула вольныя месцы для бацькоў і сваякоў падсудных, але была вельмі зьдзіўленая, што на адкрыты суд прыйшлі простыя грамадзяне (“А вы хто? А адкуль вы даведаліся пра суд?”).
Пасьля абвяшчэньня прысуду аднагрупніцы Вольгі Шамшуры прызналіся “Віцебскай вясьне”, што раней не заўважалі за Вольгай нічога дзіўнага, а пасьля яе затрыманьня да апошняга моманту ня верылі, што за такое могуць даць 10 год турмы. Дзяўчыны плакалі. Іх таксама вельмі ўразіла, што іх аднагрупнікі былі прыкаваныя ланцугамі да міліцыянтаў…
Яшчэ адзін навучэнец, які назваўся Максімам, сказаў, што для яго “гэта ўрок, канечне, але тэрміны – неапраўдана вялікія”.
На самым першым судовым паседжаньні ўсе трое абвінавачаных заявілі, што ніхто і ніколі – ні ў школе, ні ў тэхнікумах – ім не тлумачыў, якая канкрэтна адказнасьць можа наступіць за дзеяньні, якія яны рабілі.
Бацькі асуджаных паведамілі, што прысуды будуць абскарджаныя ў абласным судзе.
Зьміцер Міраш