Ад цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў у Віцебскай вобласьці пацярпела 35 дзяцей. У тым ліку ад гвалтоўных злачынстваў супраць полавай недатыкальнасьці (арт.166, 167 КК) – 21 непаўнагадовы, паведамляе абласная пракуратура.
У параўнаньні зь леташнімі лічбамі статыстыка суцяшальная: у 2018 годзе за такі самы пэрыяд было зафіксавана аж 39 злачынстваў, зьвязаных з сэксуальным гвалтам у дачыненьні дзяцей.
Сёлета за пабоі і наўмыснае прычыненьне болю і пакутаў сваім дзецям (ч.2 арт.9.1 КаАП) да адміністрацыйнай адказнасьці былі прыцягнутыя 22 чалавекі. Наагул жа, колькасьць асобаў, прыцягнутых да адказнасьці за прычыненьне пабояў і пакутаў у сям’і, сягае 3448 чалавек за 9 месяцаў (у 2018-м іх было 2737). 77% усіх зарэгістраваных злачынстваў учыняюцца ў стане алькагольнага ап’яненьня, адзначаецца.
У пракуратуры крымінагенную абстаноўку ў сфэры сямейна-бытавых дачыненьняў называюць «дастаткова складанай».
Чаму сацыяльна небясьпечнае становішча дзяцей выяўляецца неналежным чынам? Супрацоўнікі пракуратуры наракаюць на ведамасную раз’яднанасьць і «аслаблены стан ведамаснага кантролю за працай установаў адукацыі».
У гэтай сувязі пракурор Віцебскай вобласьці Вадзім Сушчынскі акцэнтаваў увагу на «пытаньні дысцыпліны ў школах вобласьці, маніторынг сацыяльных сетак, дзе прысутнічаюць падлеткі».
«Па выніках абмеркаваньня прынятае адпаведнае рашэньне, выпрацаваныя канкрэтныя меры, накіраваныя на павышэньне эфэктыўнасьці прафіляктычнай дзейнасьці. Рэалізацыя гэтых мераў узятая на асаблівы кантроль», – паведамляе пракуратура віцебскай вобласьці.
Яшчэ некалькі лічбаў
- За 9 месяцаў 2019 году колькасьць забойстваў на Віцебшчыне вырасла на 36% (сёлета – 34, летась – 25).
- Колькасьць «бытавых» забойстваў падвысілася ўдвая (сёлета – 8).
- Малалетнія дзеці ў 2019 годзе загінулі ў выніку гвалтоўных супрацьпраўных дзеяньняў сваіх нядбайных маці ў Лепельскім і Бешанковіцкім раёнах.
Зьміцер Міраш