Падставай для абмеркаваньня стала сьмерць 13-гадовай школьніцы з Маладэчна на сельскагаспадарчых работах па зборы бульбы восеньню 2016 году. У дыскусіі ўзялі ўдзел 16 жыхароў Полацкага рэгіёну з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. Дыскусія працягвалася каля трох гадзінаў, у выніку было прынятае рашэньне накіраваць мясцовым уладам прапанову пра недапушчальнасьць накіраваньня навучэнцаў на сельгасработы пад выглядам навучальнага працэсу.
Сустрэча грамадзян з абмеркаваньнем супрацьпраўнасьці выкарыстаньня прымусовай працы вучняў у сельгасработах была арганізаваная Полацкім праваабарончым таварыствам. У дыскусіі ўзялі ўдзел жыхары Полацку і Наваполацку, не абыякавыя да парушэньняў элемэнтарных нормаў жыцьця ў цывілізаваным грамадзтве. Сярод удзельнікаў сустрэчы былі колішнія і цяперашнія настаўнікі, работнікі розных прадпрыемстваў, грамадзкія актывісты, пэнсіянэры.
На пачатку сустрэчы кіраўнік праваабарончай арганізацыі Мікола Шарах расказаў пра трагічны выпадак у Маладэчне, калі на калгасным полі загінула вучаніца 8-й клясы, патрапіўшы па колы грузавіка. Затым удзельнікі абмеркавалі факты і прычыны выкарыстаньня прымусовай працы школьнікаў і студэнтаў. Сярод прычын прымусовай працы называліся: неінфармаванасьць грамадзян пра іх правы; недастатковая ўвага бацькоў да кантраляваньня навучальнага працэсу ў школах; парушэньне ўладамі і чыноўнікамі ад адукацыі заканадаўства, якое забараняе дзіцячую прымусовую працу.
Кіраўнік Полацкага праваабарончага таварыства Мікола Шарах: «Грамадзянская дыскусія аказалася вельмі цікавай. Было выказана шмат прапаноў па выкараненьні прымусовай дзіцячай працы. Полацкай праваабарончай арганізацыі даручана пісьмова нагадаць гарадзкім уладам і адміністрацыям школ пра недапушчальнасьць прымусовай працы школьнікаў. Неабходна, каб бацькі і дзеці ведалі – прымусовая праца забароненая. Школьнікаў забаронена прыцягваць да работ на калгасных палёх. Забаронена адцягваць дзяцей ад навучальнага працэсу. Дзяржава павінна дбаць перш за ўсё пра здароўе дзяцей, каб яны расьлі адукаванымі, разумнымі і прыгожымі».
Праваабаронца Юры Бельскі: "У выніку дыскусіі было прынятае рашэньне накіраваць пісьмовы зварот на імя старшыні Полацкага райвыканкаму пра недапушчэньне дзіцячай прымусовай працы школьнікаў. А таксама зрабіць памятку для дзяцей і бацькоў аб правох дзяцей не прыцягвацца да работ да 14-ці гадоў, а з 14 гадоў – толькі з дазволу бацькоў. Таксама вырашана накіраваць тэкст звароту і памятку дырэктарам школ Полацкага раёну».
https://vitebskspring.org/news/pravy-dzicjaci/item/2200-palachane-zanepakoenyya-vykarystannem-vuchnyau-na-selgasrabotakh#sigProIdd9ac7a208d
Аляксандар Марозаў