Старшая памочніца пракурора гораду Вольга Каралёва:
– Школьніца належала да суполкі «Сіні кіт», зарэгістраванай у ВКонтакте. Крок за крокам яна праходзіла фатальны квэст: парэзала рукі лязом, пакінула перадсьмяротную запіску ў сацсетку з плянамі скінуцца з даху вышыннага будынку. Яе спынілі супрацоўнікі міліцыі. Эмацыйны стан падлетка было вельмі цяжкім: яна дужа бедавала, што не пасьпела дагуляць. Дзяўчынка праходзіць лекаваньне ў абласным цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі. Гарадзкім аддзелам СК распачатая крымінальная справа паводле часткі другой 146-га артыкулу КК – схіленьне да самагубства.
Падрабязнасьці гульні апісваюцца на шмат якіх сайтах. Дзяцей завабліваюць спачатку бяскрыўднымі заданьнямі – намаляваць кіта, пайсьці з урокаў, а потым прапануюць рэзаць вены, рабіць сабе балюча, узьбірацца на дах і да таго падобнае. Перад гульнёй зь дзіцем вядуць спагадлівы дыялёг, высьвятляючы, зь якой ён сям'і, якія стасункі з дарослымі. Удзельнікі гэткіх суполак асацыююць сябе з кітамі – высокаразьвітымі жывёламі, якія нібыта сьвядома зьдзяйсьняюць масавыя самагубствы, выкідваючы на бераг. Здольнасьць добраахвотна пайсьці з жыцьця прывязваецца да ўнутранай свабоды. Паводле правілаў суполкі, падлеткі павінны выконваць заданьні і адпраўляць фота ці відэа адміністратару.
Зь сярэдзіны мінулага году суіцыдальныя гульні ў сацсетках шырока абмяркоўваліся ў расійскіх СМІ. І хоць шмат хто ўспрыняў гэта як масавую гістэрыю, да праблемы падключыліся праваахоўныя органы. Тысячы сайтаў і суполак, якія распаўсюджваюць інфармацыю пра суіцыд, былі заблякаваныя. У лістападзе 2016 году СК Расеі прад'явіў абвінавачаньне ў давядзеньні да самагубства Піліпу Будзейкіну, які ў ВКонтакте высылаў падлеткам інструкцыі да сьмяротнай гульні. Сьледзтва выявіла 15 пацярпелых – падлеткаў, якія належалі да «суполак сьмерці» і пакончылі з сабой.
Мяркуючы па інфармацыі ў інтэрнэце, зараз гульня папулярная ў Расеі, Казахстане і Ўкраіне. У сярэдзіне лютага цэнтры інтэрнэт-маніторынгу сацсетак зафіксавалі рэзкі ўсплёск запытаў пра «сініх кітоў». Сотні дзяцей клікнулі па небясьпечных спасылках і чакаюць запрашэньня ў гульню, а хтосьці ўжо пачаў праходзіць гэты квэст. Літаральна на днях па ТБ паведамлялі пра дзьвюх дзяўчынак, якіх зьнялі з даху шматпавярховіку ў Кіеве, а ў казахстанскім Какшэтау васьміклясьніца атрымала заданьне выпіць воцат. У Віцебску ўдзельнікам таксама давалі заданьні, якіх няма ў сьпісах, што пашыраюцца ў сеціве.
Галоўны лекар абласнога цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі Алена Мартынава:
– Пра тое, што 17-гадовая дзяўчына разьмясьціла ў сацсетку перадсьмяротную запіску, нам паведаміла студэнтка мэдычнага ўнівэрсытэту. Мы адразу зьвярнуліся ў кампэтэнтныя органы, і дзяўчынку выратавалі. Цяпер яна практычна ў норме, рыхтуецца да выпіскі са стацыянару. Высьветлілася, што яе сакрэтнай задачай у квэсьце было парэзаць вены і трапіць у псыхіятрычную клініку. І яна гэта зрабіла. Прыкладна такія самыя гісторыі здарыліся ў Віцебску яшчэ з трыма дзяўчынкамі. Адна зь іх праходзіць лекаваньне амбуляторна.
Вольга Кручанкова, sb.by