Статус праблемных сем'ям надаюць адпаведныя дзяржаўныя органы, якія заўважаюць нешта нядобрае і ўмешваюцца. Яны ж адбіраюць дзяцей у нядбайных маці і татаў і адпраўляюць у прытулак, за ўтрыманьне ў якіх бацькі павінны сплачваць дзяржаве.
Дзяржаўныя выдаткі кампэнсуюцца далёка ня ў поўным аб'ёме. З 104 абавязаных асоб, якія пражываюць у раёне, сярэдні ўзровень пакрыцьця імі выдаткаў – усяго 38%.
Каб павялічыць адсотак папаўненьня сродкаў, у рэгіёне роябць канкрэтныя захады: 12 чалавек уладкавалі на працу, зь іх чацьвёра атрымалі больш-менш высокааплатныя месцы. Акрамя таго, як распавяла намесьніца старшыні камісіі па справах непаўналетніх раённага выканаўчага камітэту Людміла Грузьневіч, двум сем'ям вярнулі дзяцей.
Цалкам кампэнсуюць выдаткі дзяржавы на сёньня толькі 20 чалавек, яшчэ шасьцю вядзецца пагашэньне даўгоў, налічэньне бягучых плацяжоў у іх не ідзе. Яшчэ двое цяпер вышукваюцца. Астатнія ж ня ў стане кампэнсаваць выдаткі цалкам альбо ў прынцыпе нічога ня плацяць.
Падчас паседжаньня ўдзельнікі таксама абмеркавалі магчымыя варыянты павелічэньня заработнай платы работнікам, якія зьяўляюцца абавязанымі, і разгледзелі пытаньне наконт эфэктыўнасьці лекаваньня іх ад алькагольнай залежнасьці і накіраваньня ў ЛПП. Прысутныя на паседжаньні сышліся ў меркаваньні, што павелічэньне заробкаў абавязаным асобам магчымае толькі пры павелічэньні аб'ёмаў працы і належным кантролі за яе выкананьнем. Што тычыцца п'янства ў сем'ях, то, на агульную думку ўдзельнікаў, дзейнасьць па барацьбе з гэтай зьявай павінна быць актывізаваная.