Раней Шаўчэнка (на фота ён – у шапцы) ужо фігураваў у расьсьледаваньнях журналістаў як адзін з «выхавацеляў» пры «ваенна-патрыятычных» клюбах Віцебскай епархіі.
Цяпер гэты Аляксандар Шаўчэнка апублікаваў вялізны тэкст на сайце так званай «карпарацыі Енот», у якім прызнаў, што беларускія ўлады спынілі дзейнасьць сумнеўных дзіцячых клюбаў у Віцебску. Шаўчэнка абвінаваціў беларускія ўлады ў перасьледзе расейскіх арганізацыяў, а «Нашу Ніву»… у супрацоўніцтве з «Ісламскай дзяржавай».
«Найбольш абуральныя факты зьвязаныя зь перасьледамі прарасейскіх грамадзкіх арганізацыяў у выніку простых даносаў «Нашай Нівы», – апроч іншага, піша Шаўчэнка. – Кіраўнікі і ўдзельнікі патрыятычных клюбаў падвяргаюцца сыстэматычнаму ціску», – адзначае ён.
Напрыклад, дзіцяча-юнацкі ваенна-патрыятычны клюб з г. Віцебску, створаны ў 2011 чальцамі Віцебскага казацкага паста «Вароты Паазер'я» Тацянай Гаўрылінай і яе мужам Міхаілам Гаўрыліным, «усе гэтыя гады пасьпяхова працаваў, набыўшы папулярнасьць у мясцовай моладзі. Маючы цалкам афіцыйны статус, ён у розны час дзейнічаў у складзе розных дзяржаўных і грамадзкіх арганізацыяў. Сябры клюбу неаднаразова выяжджалі ў Расею для ўдзелу ў вайскова-патрыятычных мерапрыемствах». Паводле Шаўчэнкі, «ніякіх нараканьняў з боку афіцыйных уладаў праца клюбу не выклікала».
Далей Шаўчэнка расказвае, што сытуацыя зьмянілася пасьля таго, як дзейнасьць клюбу заўважылі журналісты: «У 2014 годзе без тлумачэньня прычын віцебскі клюб быў адхілены ад удзелу ў Друцкіх зборах, прычым ініцыятарам гэтай акцыі стаў настаяцель мясцовай друцкай праваслаўнай парафіі Алег Плаксіцкі. У 2015 годзе з-за схаванага і яўнага процідзеяньня царкоўных чыноўнікаў клюбу не ўдалося атрымаць афіцыйнага статусу ў рамках структур Віцебскай епархіі [насамрэч у 2015 годзе клюб «казакоў» яшчэ гастраляваў на Віцебшчыне па лініі Віцебскай епархіі, тут Шаўчэнка проста спрабуе адвесьці падазрэньні ад сваіх кантактаў – аўт.].
«Але пасьля вяртаньня з падмаскоўных збораў клюб зацкавала «Наша Ніва», да якой далучыліся афіцыйныя выданьні. Усьлед за гэтым афіцыйную праверку пачало Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Па яе выніках афіцыйна было абвешчана, што прэтэнзіяў да арганізатараў і ўдзельнікаў гэтай паездкі ў праваахоўных органаў няма, аднак у прыватнай гутарцы з кіраўнікамі клюбу было сказана, што яны ўсё адно застаюцца пад падазрэньнем, і ў выпадку, калі яны яшчэ раз дадуць такога кшталту «інфармацыйную нагоду» для «белапазыцыі», да іх будуць прынятыя меры, ажно да дэпартацыі зь Беларусі. Фактычна гэта азначала забарону на працу зь дзецьмі і моладзьдзю», – піша Шаўчэнка.
З гэтага часу тэлефоны членаў сям'і Гаўрыліных сталі праслухоўвацца, а электронная пошта – пэрыядычна ўзломваецца са зьнікненьнем дасланых лістоў, сьцьвярджае Шаўчэнка.
«У выніку дзейнасьць клюбу прыпынілася, і ён фактычна спыніў сваё існаваньне», – піша Шаўчэнка і дадае, што «ніводная з арганізацыяў расейскіх суайчыньнікаў, уключаючы казацкія аб'яднаньні, пратэсту супраць цкаваньня чальцоў клюбу не выказала. Абыякавымі засталіся і расейскія афіцыйныя асобы».
Пры гэтым Шаўчэнка піша, што той самы рэзанансны выезд адбыўся, калі клюб ужо перайшоў пад апеку віцебскай арганізацыі афганцаў, кіраўнік якой нават знайшоў сродкі, каб часткова пакрыць дзецям кошт паездкі.
Таксама Шаўчэнка глыбока прааналізаваў зьмест сайту «Нашай Нівы» і прыйшоў да высновы, што беларуская газэта зьвязаная са структурамі «Ісламскай дзяржавы» – пра гэта «сьведчыць» жнівеньскі перадрук з агенцтва Reuters пра паразу сілаў Асада пад Алепа.
Пры канцы свайго тэксту Шаўчэнка заклікае расейскіх дыпляматаў, спэцслужбы і паліцыю РФ зьвярнуць увагу на «спрыяньне беларускіх уладаў русафобскай дзейнасьці «Нашай Нівы», як і ўсёй беларускай апазыцыі».
Пад артыкулам Шаўчэнка падпісвае сябе як «старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту сацыялёгіі РАН, харунжы Маскоўскага казацкага атраду імя Сьв. блгв. вялікага князя Аляксандра Неўскага».
Арцём Гарбацэвіч, nn.by