Нядзеля, 10 Студзень 2021

На сустрэчы з праваабаронцамі старшыня гарсавету выказаўся пра фінансаванне мясцовых ініцыятыў

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Напярэдадні праваслаўнага Раства 6 снежня праваабаронцы Павел Левінаў і Леанід Свецік сустрэліся са старшынём Віцебскага гарадскога Савету дэпутатаў Уладзімірам Бялевічам. На сустрэчы абмяркоўвалася ўзаемадзеянне праваабарончых арганізацыяў і ініцыятыў у новым 2021 годзе.

Асноўны час быў затрачаны на абмеркаванні сумесных праектаў у галіне мясцовага кіравання і самакіравання. Таксама ўдзельнікі сустрэчы абмеркавалі перспектывы ўдзелу віцяблян у кіраванні дзяржаўнымі справамі ва ўмовах абласнога цэнтру.

На думку старшыні гарсавету, у Віцебску практычна адсутнічаюць арганізацыі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (АТГС), а існыя таварыствы ўласнікаў жылля, якія паспяхова ствараюцца і працуюць у горадзе, у поўнай меры не адпавядаюць патрабаванням дзейнага закону «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь».

Уладзімір Бялевіч вядомы тым, што ў апошнія гады паказвае сябе гарачым прыхільнікам падтрымкі мясцовых грамадзянскіх ініцыятыў у Віцебску. На сустрэчы з праваабаронцамі старшыня гарсавету выказаўся пра тое, што перспектыўным напрамкам з'яўляецца фінансаванне лепшых мясцовых ініцыятыў з гарадскога бюджэту пад кантролем дэпутатаў.

На думку чыноўніка, для гэтых мэтаў можна было б вылучаць невялікую частку бюджэтных грошай, да 1%, што складала б каля 2-3 мільёнаў рублёў на год.

Аднак гэтая прагрэсіўная ідэя далёкая да ажыццяўлення. Для гэтага неабходна ўнесці адпаведныя змены ў некаторыя нарматыўна-прававыя акты краіны.

«Калі б планы Уладзіміра Іосіфавіча ажыццявіліся, то гэта быў бы крок наперад у сацыяльным і культурным пераўтварэнні гораду. Бо гэта выдатна, калі б у кожнага актыўнага віцябляніна, які мае добры сацыяльны праект, зʼявіўся б шанец правесці яго ў жыццё на карысць гораду», – выказаў падтрымку ініцыятыве ўладаў праваабаронца Леанід Свецік.

Лявон Яфрэменка