Пятніца, 08 Студзень 2021

Праваабаронцы сустрэліся з дэпутатам – дамовіліся аб правядзенні «круглага стала»

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Падчас сустрэчы Падчас сустрэчы

На днях, 5 студзеня, віцебскія праваабаронцы Павел Левінаў і Леанід Свецік сустрэліся з намеснікам старшыні пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў НС доктарам юрыдычных навук дэпутатам Аляксеем Ягоравым. Удзельнікі сустрэчы дасягнулі дамоўленасці аб правядзенні ў лютым «круглага стала» для абмеркавання прынцыпаў і нормаў закону аб мясцовым кіраванні і самакіраванні.

Дэпутат ад Віцебскай-Кастрычніцкай акругі № 20 расказаў пра сваю законатворчую дзейнасць, пра свой удзел у падрыхтоўцы новай беларускай Канстытуцыі і аб Усебеларускім народным сходзе. У прыватнасці, Аляксей Ягораў паведаміў, што на вясновай сесіі парламентарыі збіраюцца разгледзець закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні.

На думку праваабаронцаў, гэты закон вельмі важны для ажыццяўлення рэальнага ўдзелу грамадзян у кіраванні дзяржаўнымі справамі на мясцовым узроўні. Павел Левінаў і Леанід Свецік выказалі ўпэўненасць, што зацікаўленыя бакі – і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, і дэпутаты ўсіх узроўняў – мусяць узяць актыўны ўдзел у абмеркаванні праекту закона і, па магчымасці, уносіць у яго змены і дапаўненні.

На падставе агульнага разумення дэпутат і праваабаронцы дасягнулі дамоўленасці правесці ў другой частцы лютага 2021 году ў Віцебску «круглы стол» для абмеркавання прынцыпаў і нормаў закону аб мясцовым кіраванні і самакіраванні. Было вырашана запрасіць на мерапрыемства прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, палітычных партый і дэпутацкага корпусу Віцебшчыны.

Таксама ўдзельнікі сустрэчы абмяняліся думкамі пра палітычную і эканамічную сітуацыю ў краіне і рэгіёне, абмеркавалі ўзровень эфектыўнасці працы віцебскіх медычных установаў падчас пандэміі, а таксама тое, якім чынам бліжэйшыя кардынальныя змены ў заканадаўстве паўплываюць на жыццё звычайных грамадзян.

«Будаваць дыялог паміж грамадзянскай супольнасцю і дзяржавай надзвычай складана. Асабліва тады, калі цягам дзесяцігоддзяў ва ўладзе для такога дыялогу не было ані палітычнай волі, ані практычнай неабходнасці. Усё памянялася пасля выбараў, калі па краіне пракаціліся масавыя мірныя пратэсты, і пасля таго, як яны былі брутальна задушаныя ўладамі. Вынікам гэтых парушэнняў правоў і свабод грамадзян стаўся востры палітычны крызіс. Праз 5 месяцаў пратэстаў бакі канфлікту прыходзяць да таго, што выйсці з яго можна толькі праз адкрыты і сумленны дыялог паміж уладай і грамадствам. Мяркую, віцебскія праваабаронцы яго ўжо пачалі. Ці будзе працяг?.. Пакажа бліжэйшы час», – пракаментаваў вынікі сустрэчы праваабаронца Леанід Свецік.

Лявон Яфрэменка