Справа аб адміністрацыйным правапарушэньні, прадугледжаным ч.2 арт.22.9 КаАП РБ (Незаконны выраб і (або) распаўсюд прадукцыі СМІ), слухалася 14 і 15 сакавіка ў судзе Віцебскага раёну. Незалежнага журналіста вінавацілі ў тым, што 25 студзеня ён знаходзіўся ля прахадной вытворчага цэху “ОршаСырЗавод” у Сянно і нібыта незаконна браў інтэрвію ў працаўнікоў прадпрыемства. Вынікам інтэрвію стаў відэаматэрыял “Згортваецца апошняе прадпрыемства, якое дае працу ў Сянно”. Сюжэт зьявіўся на тэлеканале “Белсат”.
Без перакладчыка і адваката
На пачатку судовага паседжаньня Віталь Скрыль хадайнічаў аб запрашэньні перакладчыка, бо недастаткова добра валодае расейскай мовай. Хадайніцтва судзьдзя не задаволіў, назваўшы яго беспадстаўным. Выказаўся пра абавязак валодаць расейскай мовай.
Адвод судзьдзі таксама ня быў задаволены.
Тады віцебскі журналіст скарыстаўся сваім законным правам на абарону. Заявіў, што не пасьпеў дамовіцца зь менскім беларускамоўным адвакатам. Судзьдзя Зубеня параіў заключыць дамову зь віцебскім абаронцам. Быў абвешчаны перапынак, але і пасьля яго ў залі суду адвакат не зьявіўся. Адшукаць беларускамоўнага адваката так і не атрымалася.
Да справы прычынілася КДБ?
Найбольш часу (каля 2-х гадзінаў) заняло апытаньне 7 сьведкаў сеньненскага сырзаводу. Судзьдзя Зубеня высьвятляў у іх, ці быў 25 студзеня Віталь Скрыль сярод тых асобаў, якім ля прахадной заводу людзі давалі інтэрвію. З апытаных толькі двое апазналі Скрыля.
Пры гэтым абвінавачаны зьвярнуў увагу на тое, што судзьдзя, сваімі аднастайнымі пытаньнямі і празьмернай зацятасьцю нібыта дамагаецца ад сьведкаў патрэбных яму адказаў.
Адзін са сьведкаў заявіў, што яму тэлефанаваў супрацоўнік КДБ, які курыруе Сеньненскі раён. Менавіта ад яго мужчына і даведаўся, што ў Сянно прыяжджалі журналісты “Белсату”. Пра інтэрвію ён нічога ня ведаў, бо на той час знаходзіўся ў лякарні. Натуральна, у абвінавачанага ўзьнікла пытаньне пра дачыненьне да справы КДБ.
Апошнім апыталі старэйшага лейтэнанта Паўла Осіпава. Ён патлумачыў, што, праводзячы маніторынг СМІ ў сеціве па загадзе свайго кіраўніцтва, на сайце БАЖу адшукаў матэрыял, у якім згадваецца, што відэасюжэт “Згортваецца апошняе прадпрыемства, якое дае працу ў Сянно” Віталя Скрыля заняў другое месца ў журналісцкім конкурсе. Гэты факт нібыта і стаў падставай для працягу працэсуальных дзеяньняў па справе.
“Лічу гэта поўным абсурдам”
Адстойваючы сваю невінаватасьць, Віталь Скрыль зьвярнуў увагу на тое, што сеньненскія міліцыянты завялі супраць яго адміністрацыйную справу яшчэ да таго, як быў усталяваны сам факт правапарушэньня. Гэта адбылося толькі 28 лютага, калі міліцыянты атрымалі дакумэнт зь Міністэрства замежных справаў, які і пацьвердзіў, што ён не зьяўляецца журналістам ніводнага з акрэдытаваных у Беларусі замежных СМІ.
Вынікае, што заведзеная справа грунтавалася выключна на здагадках, бо праваахоўнікі ня мелі падставаў для фіксацыі факту правапарушэньня.
Сеньненскія міліцыянты вінавацілі Віталя Скрыля ў тым, што ён – журналіст замежнага тэлеканалу. Разам з тым, сам факт ягонай сувязі з тэлеканалам “Белсат” і працоўных адносінаў зь ім не даказаны. Наадварот, у матэрыялах справы ёсьць дакумэнт, які даводзіць, што журналіст не зьвязаны з тэлеканалам “Белсат” аніякімі працоўнымі адносінамі.
Журналіст пераконваў, што зьбіраць інфармацыю, у тым ліку здымаць на камэру са згоды людзей, не парушаючы заканадаўства, мае права любы грамадзянін Беларусі без усялякай акрэдытацыі. Акром таго, аўтар такога матэрыялу можа на законных правах прадаць выраблены ім матэрыял трэцяй асобе. Пасьля гэтага ўся адказнасьць за матэрыял пераходзіць на праваўладальніка.
“Чаму ў такім выпадку адказнасьць перакладаецца на таго, хто ўжо не валодае правамі на створаную ім прадукцыю? І чаму яго прызнаюць вінаватым у вырабе і распаўсюдзе СМІ? Я не разумею, у які момант той, хто прадаў матэрыял трэцяй асобе, становіцца вінаватым у вырабе і распаўсюдзе прадукцыі замежнага СМІ. Я лічу гэта поўным абсурдам, бо ня бачу ніякага правапарушэньня ў факце запісу чаго-небудзь у грамадзкім месьце са згоды прысутных”, – падсумаваў Скрыль.
Гэтыя развагі, як і многія іншыя, выказаныя ў сваю абарону журналістам, засталіся па-за ўвагай судзьдзі Зубені.
Аштрафавалі, але “распаўсюд” выключылі
Дасьледаваўшы ў сукупнасьці ўсе доказы па справе, суд палічыў вінаватасьць Віталя Скрыля ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ даказанай і аштрафаваў яго на 25 базавых велічыняў (637 рублёў 50 капеек).
Суд палічыў дастатковым для доказу вінаватасьці сьведчаньні двух з шасьці працаўнікоў сырнага заводу, якія засьведчылі, што 25 студзеня спадар Скрыль апытваў працоўных ля прахадной прадпрыемства. Таксама ў якасьці доказу залічылі і матэрыял, апублікаваны на сайце БАЖ, дзе прозьвішча журналіста згадваецца ў сувязі з другім месцам у творчым конкурсе.
Тое, што Скрыль прад’яўляў як парушэньне заканадаўства, суд прызнаў малаістотнымі недахопамі. Праўда, факт датычнасьці Віталя Скрыля да распаўсюду прадукцыі СМІ суд выключыў з канчатковай пастановы.
Нагадаем, у лютым 2018 году Віталь Скрыль ужо атрымліваў штраф за выраб прадукцыі замежнага СМІ без акрэдытацыі.
С. Горкі, фота аўтара