Пятніца, 20 Красавік 2018

Васьмярых віцяблян прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці за “сход” у прыватным памяшканьні

Ацаніць гэты матэрыял
(9 галасоў)
Падчас судовага паседжаньня Падчас судовага паседжаньня

Восем віцяблян сабраліся на дзень Канстытуцыі на прыватнай тэрыторыі, каб паразмаўляць аб жыцьці і космасе ды папіць гарбаты. Але празь некаторы час былі затрыманыя міліцыянтамі, дастаўленыя ў Кастрычніцкі РАУС і абвінавачаныя ў парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП РБ). Адміністрацыйную справу разгледзеў 19 красавіка суд Віцебскага раёну.

Як распавялі падчас судовага паседжаньня абвінавачаныя, у кватэру, дзе праходзіла сустрэча, нечакана ўвайшлі (дзьверы былі незачыненыя) пяцёра чалавек у цывільным адзеньні, прад’явілі пасьведчаньні супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУС і заявілі, што сабраныя парушаюць заканадаўства. Усіх папрасілі прайсьці ў аддзяленьне міліцыі для складаньня пратаколу.

Паведаміў ананім

Кіраваў гэтай “спэцапэрацыяй” старэйшы інспэктар аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Кастрычніцкага РАУС Сяргей Веракса, які выступіў у судзе ў якасьці сьведкі. Паводле ягоных словаў, інфармацыю аб тым, што ў пэўным месцы рэгулярна зьбіраюцца людзі, якія “вызнаюць нейкую філязофію”, ён атрымаў ад ананіма – нібыта жыхара таго самага дома, дзе праходзіла сустрэча.

“Прагучала назва “Сынтэз Фа”. Паглядзеў, што гэта такое, у інтэрнэце. І там жа, на сайце арганізацыі, знайшоў сьпіс, у якім фігуравалі 16 прозьвішчаў, 8 зь якіх належалі людзям, што ўдзельнічалі ў сходзе. Гэта і стала падставай”, – патлумачыў Веракса.

І падумаць не маглі, што гэта сход  

У сваю чаргу абвінавачаныя – усе людзі сярэдняга і сталага веку – заявілі ў судзе, што арганізацыя “Сынтэз Фо” ім невядомая і яны не зьяўляюцца яе сябрамі. Між тым, не аспрэчвалі той факт, што падчас сустрэч, якія здараліся раз ці два на месяц, абмяркоўвалі пытаньні сэнсу жыцьця і космасу. Маглі закранаць у тым ліку і нейкія аспэкты так званай “філязофіі сынтэзу”. Усё гэта адбывалася ў форме дыскусіі, мазгавога штурму.

15 сакавіка хацелі паразмаўляць пра розум і інтэлект, але, па словах адной з удзельніц, пасьпелі толькі абмеркаваць перамогу Домрачавай на этапе Кубка сьвету ды дакумэнтальны фільм, у якім Пуцін абяцаў паляцець на Марс, – як прыйшлі міліцыянты.

“Мы пра ўсё размаўлялі. А не зьвярталіся па дазвол, бо нават і падумаць не маглі, што гэта можна кваліфікаваць як несанкцыянаваны сход”, – сказала адна з удзельніц працэсу Сьвятлана, якую абвінавацілі ў арганізацыі масавага мерапрыемства.

“Калі вам адмовілі – навошта піць гарбату?..”

Паводле тлумачэньняў Сьвятланы, у 2016 годзе яны спрабавалі зарэгістраваць у Віцебску арганізацыю “Мэтагалактычны цэнтар Віцебск”, але ў рэгістрацыі ім адмовілі. Мэтай арганізацыі мелася быць філязофска-асьветніцкая праца. Пасьля гэтага некаторыя з заяўнікаў сталі сябрамі арганізацыі “Час жыць” (“Время жить”), але і яна праіснавала нядоўга.  

“Калі вы рэгістраваліся і вам адмовілі, дык навошта тады зьбірацца піць гарбату? Такая мая лёгіка”, – зазначыў на гэта інспэктар міліцыі Сяргей Веракса.

“Дзе наш інтэлект і нашае разьвіцьцё?”

Адна з абвінавачаных, жанчына сталага ўзросту, нават папрасіла судзьдзю паспрыяць у рэгістрацыі аб’яднаньня, на што той адно пасьміхнуўся.

“Мы ж хацелі зарэгістраваць арганізацыю для разьвіцьця чалавека. Прэзыдэнт жа таксама гаворыць, што трэба разьвіваць свайго чалавека ў Беларусі, каб быў здаровы і разьвіты, культурны. А так – дзе наш інтэлект і нашае разьвіцьцё? Да нас з усяго сьвету прыяжджаюць на “Славянскі базар”. А сорамна бывае іншым разам паслухаць ды паглядзець на нашага беларуса…” – казала пэнсіянэрка.

“Мы прыйшлі на сустрэчу сяброў адзначыць сьвята Канстытуцыі. А сходы ды мітынгі – гэта не для нас, мы гэтым не займаліся і не займаемся. Нічога забароненага мы ня робім”, - дадала. І прызналася, што пасьля візыту ў аддзяленьне міліцыі (першае ў ейным жыцьці!)  “ўвайшла ў дэпрэсію і захварэла”.

Папярэджаньні і штраф

“Так, людзі па-рознаму ўладкоўваюць сваё жыцьцё, па-рознаму ўзаемадзейнічаюць. Але што атрымліваецца? Калі хлопец прызначае спатканьне дзяўчыне і яны сустракаюцца ў загадзя вызначаным месцы і загадзя прызначаны час – то гэта масавае мерапрыемства ці сход? Я ня думаю, што закон прыдуманы менавіта для такіх сытуацый. І калі вы прызнаеце нас вінаватымі, то атрымліваецца, што зараз у гэтым складзе мы ўжо ня маем права сустракацца зь сябрамі, бо ў кожны момант нас могуць прыцягнуць да адказнасьці? Я ня ведаю, на чым будуецца гэтая лёгіка”, – ужо перад самым вынясеньнем пастановы выказала сваё меркаваньне віцяблянка Сьвятлана.

У выніку судзьдзя Міхаіл Зубеня, прызнаў віцяблян вінаватымі ў правапарушэньні, прадугледжаным ч.1 арт. 23.34 КаАП РБ (Парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Улічыўшы, што ўсе яны прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці ўпершыню, семярым удзельнікам сустрэчы вынес папярэджаньні. А Сьвятлану, як меркаванага арганізатара сходу, пакараў штрафам у памеры 20 б.в.

Павал Левінаў: Гэта абсурд абсурдаў

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў назваў рашэньне суду абсурдным.

“Апынаецца, што прыйшоў час, калі беларускія грамадзяне ня могуць сустрэцца, каб абмеркаваць жыцьцё і свае справы, нават на прыватнай тэрыторыі. Бо рызыкуюць быць абвінавачанымі ў парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Але абсурд яшчэ і ў тым, што, паводле беларускіх законаў, атрымаўшы адміністрацыйныя пакараньні, гэтыя 8 віцяблян яшчэ цягам 1 году ня будуць мець права падаць заяву на рэгістрацыю аб’яднаньня, каб пазьбегнуць такой сытуацыі ў будучым. Замкнёнае кола…”

Зьміцер Міраш

    

4 камэнтары

  • Спасылка на Камэнтар Наста Пятніца, 20 Красавік 2018 Дадаў Наста

    Так гэтаж сяктанты!

    Паскардзіцца
  • Спасылка на Камэнтар WIK Пятніца, 20 Красавік 2018 Дадаў WIK

    А "СВИНГЕРАМ" ТОЖ НЕЛЬЗЯ ТУСИТЬ ??? ВМЕСТЕ :)))

    Паскардзіцца
  • Спасылка на Камэнтар Воўк Пятніца, 20 Красавік 2018 Дадаў Воўк

    Зараз нікому нельга збірацца, а тым больш нейкай секце. А свінгерам АСАБЛІВА))))

    Паскардзіцца
  • Спасылка на Камэнтар Виктор Субота, 21 Красавік 2018 Дадаў Виктор

    статья 25 Закона РБ "Об органах внутренних дел": входить беспрепятственно, при необходимости с повреждением запирающих устройств и других предметов, в любое время суток в жилые помещения и иные законные владения граждан, помещения и иные объекты организаций и осматривать их при преследовании подозреваемых (обвиняемых) в совершении преступлений либо при наличии достаточных оснований полагать, что там совершается или совершено преступление либо находятся подозреваемый (обвиняемый), скрывшийся от органа, ведущего уголовный процесс, лицо, уклоняющееся от отбывания наказания и иных мер уголовной ответственности, а также беспрепятственно входить в жилые помещения и иные законные владения лиц, находящихся под превентивным надзором" - никакого преследования не было, поднадзорных лиц тоже - оборотней привлекли к ответственности за превышение власти и незаконное проникновение в жилище?!!!

    Паскардзіцца

Пакінуць камэнтар