Год таму на суд гледачоў было прадстаўлена дзьве карціны. Цяпер жа праграма пашырылася да шасьці фільмаў.
У першы дзень фэстывалю была прадэманстраваная карціна «Наш новы прэзыдэнт». Зыходзячы з палітычнай сытуацыі ў Беларусі зь яе нязьменным прэзыдэнтам, можна было падумаць, што фільм прысьвечаны прэзыдэнцкім выбарам у нашай краіне. Але, як высьветлілася, ніякага дачыненьня да мясцовых рэаліяў карціна ня мае.
Галоўным пэрсанажам у фільме выступае Дональд Трамп. Таксама героямі стужкі сталі расейскія журналісты, якія працуюць на дзяржаўных тэлеканалах НТВ, «Расія», «Раша тудэй». Аўтары фільму паказалі, як расейскія прапагандысцкія рэсурсы, у тым ліку і інтэрнэт, маніпулююць сьвядомасьцю простых людзей, ствараючы розныя фэйкі і перакручваючы факты. І тое, як асьвятлялася прэзыдэнцкая кампанія ў Амэрыцы, стала яскравым прыкладам такіх маніпуляцыяў.
Па заканчэньні прагляду мусіла прайсьці дыскусія аб мэдыяпісьменнасьці. Каця Раманчык, каардынатарка праекту, паспрабавала падняць азначаную праблему. Але ці то гледачам праблема не падалася цікавай, ці то яны проста былі «ня ў тэме» – дыскусіі як такой не атрымалася.
9 лістапада дэманстравалася карціна «Дэбют» пра жаночую калёніі ў Гомелі. Яе аўтарка, беларуская рэжысэрка Настасься Мірашнічэнка, прысутнічала на паказе і распавяла аб працы над карцінай.
А завяршыўся фэстываль кінаноччу. Ад поўначы да 7-й раніцы гледачам прадэманстравалі адразу чатыры стужкі: «Белы сьвет вачыма Даліборака», «Спытай сэкспэрта», «Сільвана» і «Мастацтва супраціву ў Буркіна-Фасо».
Фэстываль прыйшоў да нас з-за мяжы. І гэта ня проста кінасэансы. Гэта яшчэ і камунікацыйная пляцоўка, на якой уздымаюцца тэмы, зьвязаныя з правамі чалавека. Першыя паказы Watch Docs прайшлі ў 2001 годзе ў Варшаве, затым пачынаючы з 2015 году яны сталі штогод праводзіцца і ў Беларусі. Гэта чыста валянтэрскі некамэрцыйны праект, які рэалізуецца намаганьнямі неабыякавых актывістаў. Грошы, як правіла, зьбіраюцца праз краўдфандынгавыя пляцформы. Усе арганізацыйныя працы выконваюць валянтэры. Уваход на кінапрагляды вольны. Таму ад гледачоў патрабуецца толькі паважлівае стаўленьне да правоў чалавека.
https://vitebskspring.org/news/pravaabaroncy/item/2985-filmy-pra-pravy-chalaveka-taksama-moguts-byts-tsikavymi#sigProId4c387dcaa2
Уладзімер Бяляўскі