У размове зь “Віцебскай вясной” Павал Левінаў удакладняе, што зьвяртаўся ў адміністрацыю выключна як прадстаўнік Рэспубліканскага праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня “Беларускі Хэльсынскі камітэт” (БХК).
“Разгледзеўшы просьбу аб уступленьні (…) у камісію па спрыяньні занятасьці, адміністрацыя Першамайскага раёну паведамляе, што задаволіць яе не ўяўляецца магчымым, бо ў мэтах выкананьня пункту 2 пастановы Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 сакавіка 2018 году №240 “Аб зацьверджаньні Прыкладнага палажэньня аб пастаянна дзеючай камісіі па каардынацыі работы па спрыяньні занятасьці насельніцтва” рашэньнем адміністрацыі ад 28 красавіка 2018 году №144 створаная пастаянна дзеючая раённая камісія, у адпаведнасьці з патрабаваньнямі заканадаўства зацьверджаны яе склад”, - гаворыцца ў адказе з адміністрацыі Першамайскага раёну.
Левінаў: “Камісія ўжо створаная? Ну і што?..”
Такі адказ не задаволіў праваабаронцу. “Камісія ўжо створаная? Ну і што? А дзесьці рэглямэнтуецца колькасны склад удзельнікаў камісіі? Не. Ну дык уключыце яшчэ аднаго чалавека, двух уключыце, ці пяцярых, у чым праблема? Я праблем ня бачу”, – абураецца Левінаў.
Паведамляе, што адразу пасьля атрыманьня адмовы накіраваў у адміністрацыю электронны ліст з просьбай даслаць яму тэкст рашэньня і сьпіс зацьверджаных сябраў камісіі.
“Каб можна было паглядзець, колькі вас і хто вы. Чакаю адказу”, – тлумачыць Павал Левінаў.
Апроч таго, праваабаронца зьвярнуўся за тлумачэньнямі ў Адміністрацыю прэзыдэнта. “Раней кіраўнічка Адміністрацыі казала, што ня бачыць ніякіх перашкод для ўключэньня ў склад камісіі ў тым ліку і прадстаўнікоў грамадзкай супольнасьці. Тое ж самае сьцьвярджаецца ў пастанове Саўміну “аб спрыяньні занятасьці”, але, як бачым, на справе апынаецца ўсё наадварот”, – камэнтуе наш суразмоўца.
“Камісіі не павінны ўмешвацца ў лёсы людзей”
Сваё жаданьне ўступіць у “камісію па дармаедах” Левінаў тлумачыць тым, што фактычна гэтая камісія мае быць грамадзкай, а яе праца – публічнай, адкрытай і празрыстай. “Другі момант: у мяне ёсьць вялікі досьвед працы ў гэтым накірунку, і я лічу, што магу быць карысным у працы дадзенай камісіі”, – кажа Левінаў.
Між тым, падкрэсьлівае, што створаным камісіям нададзеныя зараз занадта шырокія паўнамоцтвы.
“Лічу, што такія камісіі маюць права на існаваньне, але толькі ў якасьці назіральных, кансультацыйных органаў. І ніяк – не заканадаўча-выканаўчых. Яны не павінны мець права ўмешвацца ў лёсы людзей і ўплываць на гэтыя лёсы. Фактычна ж, з тымі паўнамоцтвамі, якія ім нададзеныя, гэтыя камісіі будуць парушаць правы грамадзян на свабодны выбар прафэсіі, на свабоду распараджацца сваім часам, будуць умешвацца, у тым ліку, і ў прыватнае жыцьцё грамадзян”, – мяркуе прадстаўнік БХК.
Якія правы маюць “камісіі па дармаедах”
Згодна з Прыкладным палажэньнем аб камісіі, у яе склад уваходзяць старшыня камісіі, яго намесьнік, сакратар ды іншыя сябры. За выключэньнем сакратара, ўсе сябры камісіі выконваюць свае абавязкі на грамадзкіх пачатках.
Адзначым тут толькі некалькі пунктаў, якія тычацца паўнамоцтваў камісій. Такім чынам, камісіі па спрыяньні занятасьці будуць мець права:
- Прымаць рашэньні аб поўным ці частковым вызваленьні працаздольных грамадзян, не задзейнічаных у эканоміцы, ад аплаты паслуг з поўнай кампэнсацыяй эканамічна абгрунтаваных выдаткаў у сувязі са знаходжаньнем у цяжкай жыцьцёвай сытуацыі.
- Накіроўваць працаздольных грамадзян, не задзейнічаных у эканоміцы, у органы па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне для садзейнічаньня ў працаўладкаваньні.
- Прымаць рашэньні аб накіраваньні працаздольных непрацуючых грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця, у лячэбна-працоўныя прафілякторыі.
- Запрошваць у дзяржаўных органаў ды іншых арганізацыяў незалежна ад формы ўласнасьці, службовых асобаў інфармацыю па пытаньнях, якія тычацца дзейнасьці камісіі.
- Ажыцьцяўляць іншыя правы ў адпаведнасьці з заканадаўствам.
Зьміцер Міраш