Нагодай падаць пазоўную заяву пра абарону правоў спажыўцоў стаў хібны, на думку Паўла Левінава, разьлік колькасьці цеплавой энэргіі за падагрэў вады. Паводле праваабаронцы, няправільны разьлік ёсьць ня чым іншым, як наўмыснай ашукай.
Пазоў быў пададзены ў суд Першамайскага раёну гораду Віцебску. Раёну, у якім прапісаны пазоўнік і ў якім фактычна знаходзіцца адказчык. Спасылаючыся на закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», а таксама на Грамадзянскі і Грамадзянска-працэсуальны кодэксы, праваабаронца папрасіў суд прызнаць паслугу адказчыка па разьліку колькасьці цеплавой энэргіі парушаючай яго правы, а таксама спагнаць з адказчыка немалую грашовую кампэнсацыю за прычыненую маральную шкоду – 85 000 000 рублёў (больш як 40 мільёнаў даляраў).
Судзьдзя Алена Савіцкая 16 ліпеня, разгледзеўшы пазоўную заяву, адмовіла ў распачынаньні грамадзянскай справы. Сваё вызначэньне яна абгрунтавала тым, што ў пазове месцам знаходжаньня адказчыка пазначаны адрас яго фактычнага знаходжаньня, тады як у статуце адказчыка пазначаны іншы адрас. То бок юрыдычны і фактычны адрасы не супадаюць.
Але спадар Павал на гэтым не супакоіўся. Ён вырашыў ісьці далей у пошуках праўды. На вызначэньне судзьдзі Савіцкай ім была пададзеная прыватная скарга ў Віцебскі абласны суд. У скарзе пазначыў, што «ў адпаведнасьці з артыкулам 47 Грамадзянска-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь пазоў аб абароне правоў спажыўца можа быць прад'яўлены па месцы жыхарства або знаходжаньня пазоўніка. Такім чынам, маю права зьвярнуцца з пазовам у суд як па месцы свайго знаходжаньня, так і па месцы знаходжаньня адказчыка, а ня толькі па мітычным адрасе, хай і паказаным у схаваным ад чужых вачэй статуце адказчыка».
І вось 16 жніўня абласны суд разгледзеў скаргу Левінава. Судзьдзя Натальля Хількевіч вынесла рашэньне: вызначэньне судзьдзі Савіцкай пакінуць бязь зьменаў. Сваё рашэньне яна абгрунтавала тым, што пазоўнік насамрэч знаходзіцца на тэрыторыі Кастрычніцкага раёну. А значыць, судзьдзя Савіцкая ўсё зрабіла слушна.
Такім чынам, з фармальных прычынаў і Першамайскі райсуд, і Віцебскі абласны суд адмовіліся разьбірацца ў сутнасьці справы. І высьветліць, ці справядліва абвінаваціў праваабаронца разьлікова-касавы цэнтар у наўмыснай ашуцы спажыўцоў, не ўдалося.
Уладзімер Бяляўскі