Пятніца, 16 Сакавік 2018

У сацыяльных сетках – чарговы выкід «кампрамату» на праваабаронцу зь Віцебшчыны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Васіль Берасьнёў Васіль Берасьнёў Фота: svaboda.org

Аб’ектам «творчасьці» невядомых асобаў стаўся аршанскі сябра БХК Васіль Берасьнеў. У сеціве зьявіўся відэаролік зь нібыта «кампраматам» на актывіста, які распаўсюджваюць з фэйкавых акаўнтаў.

Зьяўленьне роліку «Васіль Берасьнеў. Аршанскі актывіст прафсаюзнай арганізацыі. Як пражыць дармаеду ў Беларусі» заўважылі супрацоўнікі незалежнага сайту orsha.eu. Паводле рэдактара Ігара Казьмерчака, у роліку згадваюцца непраўдзівыя факты зь біяграфіі спадара Берасьнева. Іх агучвае мужчынскі голас, зьменены з дапамогай адмысловай праграмы. А што да зьместу відэа, то ўсе фотаздымкі і відэафрагмэнты ўзятыя з інтэрнэту, кажа актывіст.

«12 сакавіка мы прыгадвалі, што прамінуў год з падзеяў аршанскіх масавых пратэстаў. І ў сфабрыкаваным відэароліку можна ўбачыць, як Васіль Берасьнеў выступае на мітынгу, як вядзе калёну да райвыканкаму, як зьвяртаецца да аршанскіх рабочых. Пасьля акцыяў пратэсту Берасьнеў быў затрыманы і асуджаны на 10 сутак арышту. Асамблея НДА назвала рэгіянальныя «Маршы недармаедаў» пераможцамі ў намінацыі «Рэгіянальная падзея году», і Васіль Берасьнеў уручаў дыплёмы ўсім ахвотным удзельнікам тых падзеяў. Гэта таксама трапіла ў ролік», – гаворыць Ігар Казьмярчак.

Актывіст падкрэсьлівае, што аповед «за кадрам» зьмяшчае шмат хлусьні – пра сям’ю спадара Берасьнева і пра тое, што ён нібыта прысвойвае грамадзкія грошы. І што ўвесь «выкід кампрамату» вядзецца ад імя чалавека, які ніколі ня жыў у Воршы. Гэта Ўладзімер Мунякін, пад імем якога створаныя фэйкавыя канал на youtube.com і старонка «УКантакце», дзе разьмешчаны відэаролік.

Уладзімер Мунякін – віцяблянін, які ў 2013 годзе прапаноўваў стварыць у абласным цэнтры ўласны «Галівуд» – збудаваць у парку Тысячагодзьдзя Віцебску здымачныя павільёны і 76 элітных катэджаў для работнікаў. Прапанова не ўвасобілася ў жыцьцё, і цяпер спадар Мунякін займаецца прасоўваньнем іншых фантастычных праектаў. Стваральнікі відэароліку ўзялі за аснову ягоны аповед пра адзін з такіх праектаў, але выдалілі гук арыгіналу, уклаўшы ў вусны апавядальніка зусім іншы тэкст.

Уладзімер Мунякін заявіў, што ня мае дачыненьня да стварэньня роліку, і нават ня ведае, хто такі Васіль Берасьнеў. Што да аршанскага праваабаронцы, то ён успрыняў сытуацыю з пэўнай доляй гумару.

«Усё маё жыцьцё прайшло сярод людзей. Каля 20-ці год я быў дырэктарам навучальнай установы, і належны тэрмін адпрацаваў старшынём Аршанскага райвыканкаму. І ўсе ведаюць, што басэйна каля хаты ў мяне няма, і што мае сыны прыстойныя людзі. Дык што дарма стараліся гэтыя правакатары, якім так карціць зьняважыць праваабаронцаў!» – сказаў Васіль Берасьнеў.

У мінулым месяцы невядомыя спрабавалі падобным спосабам дыскрэдытаваць віцебскага праваабаронцу Паўла Левінава. Пра яго таксама зрабілі паклёпніцкі відэаролік, які выклалі на фэйкавых акаўнтах у сацсетках. Васіль Берасьнеў не выключае, што гэта мэтанакіраваныя спробы прынізіць людзей са сьвядомай грамадзянскай пазыцыяй, якія карыстаюцца аўтарытэтам у рэгіёне.

БС, svaboda.org