Панядзелак, 18 Снежань 2017

Праваабаронца просіць пракуратуру гарантаваць бясьпеку палітвязьню Жамчужнаму

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Міхаіл Жамчужны Міхаіл Жамчужны

Праваабаронца Наста Лойка зьвярнулася ў пракуратуру Горацкага раёну з просьбай прыняць меры пракурорскага рэагаваньня да службовых асобаў папраўчай калёніі №9 па забесьпячэньні і ліквідацыі пагрозаў асабістай бясьпекі палітвязьня Міхаіла Жамчужнага.

Наста Лойка зьвяртае ўвагу на той факт, што ў дачыненьні да вязьня па калёніі былі распаўсюджаныя непраўдзівыя зьвесткі пра яго “нізкі статус”, у сувязі з чым яму сталі паступаць пагрозы з боку іншых асуджаных. У выніку зваротаў да адміністрацыі калёніі замест гарантаваньня мераў бясьпекі яго сталі садзіць у ШЫЗА, і на цяперашні момант вядома пра 14 бесьперапынных арыштаў.

“Наяўнасьць у асуджанага права на асабістую бясьпеку абавязвае начальніка ўстановы на заяву асуджанага або з уласнай ініцыятывы прыняць рашэньне пра перавод яго ў бясьпечнае месца або іншыя захады, якія ліквідуюць пагрозу асабістай бясьпецы асуджанага. Зьмяшчэньне ў ШЫЗА нельга расцэньваць як перавод у бясьпечнае месца у сувязі з тым, што ў гэтым выпадку на асобу накладаюцца істотныя абмежаваньні. Да таго ж кожнае зьмяшчэньне ў ШЫЗА афармляецца дысцыплінарным правапарушэньнем як “адмова ісьці ў атрад”, у выніку чаго Міхаіл Жамчужны можа быць пераведзены ў ПКТ, далей – на турэмны рэжым, а таксама можа быць заведзеная дадатковая крымінальная справа”, – адзначае ў сваёй скарзе Наста Лойка.

На цяперашні час высьветлена, што асуджаны Міхаіл Жамчужны на імя начальніка калёніі неаднаразова падаваў заяву с просьбай аб прыняцьці мераў па забесьпячэньні яго асабістай бясьпекі, аднак кіраўніцтвам установы ніякіх захадаў, што да пераводу асуджанага ў бясьпечнае месца, зроблена не было.

“У выніку неналежнага выкананьня адміністрацыяй установы ўскладзеных на яе абавязкаў па абароне гарантаваных дзяржавай правоў і законных інтарэсаў асуджаных, парушаецца прынцып законнасьці, а таксама права на бясьпеку, праз што Міхаіл Жамчужны мае падставы баяцца за свой далейшы лёс, жыцьцё, здароўе і асабістую бясьпеку”, – падкрэсьлівае праваабаронца і просіць пракуратуру Горацкага раёну прыняць меры пракурорскага рэагаваньня.

Акрамя таго, вядома, што на цяперашні момант пададзеная касацыйная скарга на рашэньне суду Горацкага раёну, які не задаволіў скаргу палітвязьня на першае вынесенае спагнаньне адміністрацыяй калёніі.

А таксама ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў Магілёўскай вобласьці накіраваныя скаргі яшчэ на тры спагнаньні, якія былі вынесеныя ў жніўні 1917 году і палягалі ў зьмяшчэньні ў ШЫЗА на 7, 10 і 7 сутак. 

Нагадаем, спагнаньні адміністрацыя калёніі ў Горках пачала выносіць Міхаілу Жамчужнаму за адмовы пераходзіць у атрад, сфармаваны зь вязьняў зь “нізкім статусам”. У сваіх тлумачальных, якія палітвязень прадстаўляе падчас атрыманьня спагнаньняў, ён указвае на сапраўдныя прычыны адмоваў “ісьці ў атрад” і патрабуе пераводу яго ў бясьпечнае месца. Вядома, што на заявы Міхаіла Жамчужнага аб зьмяшчэньні ў бясьпечнае месца адміністрацыя па-ранейшаму не рэагуе.

spring96.org