У якасьці прыкладу, які б ілюстраваў унівэрсальнасьць правоў чалавека для ўсіх грамадзянаў, незалежна ад іх перакананьняў ці прыналежнасьці да таго ці іншага палітычнага лягеру, юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Алег Агееў абраў справу аўтараў расейскага інфармацыйнага агенцтва Рэгнум. Дзьмітры Алімкін, Юры Паўлавец і Сяргей Шыптэнка, якія апублікавалі крытычныя матэрыялы, датычныя беларускіх спэцслужбаў і Аляксандра Лукашэнкі, былі абвінавачваныя ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу) і ўжо год знаходзяцца пад вартай.
Так, што тычыцца Юрыя Паўлаўца, то, як распавёў юрыст БАЖ, дзьве праведзеныя экспэртызы распальваньня нацыянальнай варожасьці ў яго тэкстах ня выявілі. Ніякіх абразаў ды заклікаў да гвалту паводле нацыянальнай прыкметы экспэрты ў тэкстах не знайшлі, а такое слова, як нацыянальнасьць, ён не выкарыстоўваў наогул. У сувязі з гэтым перад праваабаронцамі паўстала пытаньне аб прызнаньні Юрыя Паўлаўца палітзьняволеным, бо фармальна ў сваіх тэкстах чалавек усяго толькі рэалізаваў сваё права на свабоду слова.
«З выказанымі сьцьверджаньнямі Паўлаўца можна не пагаджацца. Але ўтрымліваць за гэта чалавека ў месцах несвабоды, значыць перасьледаваць яго па палітычных матывах. Калі мы хочам, каб за нашу свабоду слова нас не каралі і не трымалі ў турмах, то мы мусім прызнаць права на свабоду слова і для тых грамадзянаў, з высновамі якіх мы не пагаджаемся. Я ня згодны з напісаным Паўлаўцом, але я гатовы яго абараняць, каб ён ня трапіў у турму», – зазначыў Алег Агееў.
Гэтыя словы выклікалі бурную дыскусію. Меркаваньні прысутных падзяліліся.
З ідэяй прызнаць Паўлаўца палітвязьнем не пагадзілася актывістка БХД Тацяна Севярынец. Яна пераконвала, што ягоныя тэксты нясуць у сябе прапаганду «рускага сьвету». Акрамя таго, цяжка паставіць знак роўнасьць паміж палітзьняволеным Міхаілам Жамчужным і Палаўцом.
Журналіст і грамадзкі актывіст з Гарадка Леанід Гаравы адзначыў, што названыя беларускія грамадзяне рыхтавалі публікацыі для расейскіх СМІ за расейскія грошы. Мабыць, у тэкстах рэгнумцаў і няма мовы варожасьці, але там няма і павагі да нашай незалежнасьці, да нашай гісторыі, да нашай культуры, а такое стаўленьне ўскосна распальвае варожасьць у краіне.
У беларускіх уладаў ёсьць нейкі свой пакет каштоўнасьцяў, а нязгодных зь ім улады ўціскаюць, канфіскуюць тэхніку, штрафуюць, саджаюць у турмы, уводзяць іншыя абмежаваньні. «Калі мы будзем, абапіраючыся на свой пакет каштоўнасьцяў, патрабаваць ад дзяржаўных органаў расправы над нашымі апанэнтамі, то чым мы тады будзем адрозьнівацца ад уладаў?» – паставіў пытаньне рубам адзін з удзельнікаў дыскусіі.
Прафэсія журналіста вымагае прагаворваць розныя аспэкты любой праблемы, і цяперашняе абмеркаваньне тэмы ўнівэрсальнасьці правоў чалавека прадэманстравала як шматварыянтнасьць успрыманьня ўзьнятых пытаньняў, гэтак і складанасьць іх усьведамленьня для кожнага грамадзяніна краіны.
С. Горкі