Сваю прапанову актывіст праваабарончага руху абгрунтаваў тым, што меркаванае ўзьвядзеньне згаданага храму нэгатыўна ўспрымаецца вялікай часткай месьцічаў, і рэфэрэндум можа стаць цывілізаваным спосабам вырашэньня канфлікту паміж прыхільнікамі і праціўнікамі будаўніцтва.
Адказ праваабаронцу прыйшоў за подпісам старшыні гарсавету Ўладзімера Бялевіча. Ён паведаміў, што праект будаўніцтва атрымаў станоўчую ацэнку дзяржаўных экспэртыз, у тым ліку экалягічнай. І з выкананьнем неабходных працэдураў яго ўхваленьня ўсё нібыта добра: калісьці было, маўляў, грамадзкае абмеркаваньне і архітэктурна-пляніровачнай канцэпцыі праекту, і справаздачы аб ацэнцы ўплыву на навакольнае асяродзьдзе. Больш таго, «работы па будаўніцтве Сафійскага сабору ў г. Віцебску прыпыненыя».
«Зыходзячы з вышэйпададзенага, ініцыяваць правядзеньне мясцовага рэфэрэндуму дзеля дадатковага грамадзкага абмеркаваньня гэтага пытаньня мяркуем немэтазгодным», – напісаў праваабаронцу ў заключэньне спадар Бялевіч.
Што будуць рабіць мясцовыя дэпутаты Віцебску, калі будаўніцтва ўсё ж будзе адноўленае і працягнуцца пратэсты грамадзян, і ці ня зьменяць яны сваю думку наконт мэтазгоднасьці рэфэрэндуму ў такім разе, старшыня гарсавету не паведаміў.
Кастусь Дзьвінскі