Леанід Валянцінавіч ласкава пагадзіўся даць невялічкае інтэрвію нашаму выданьню.
З 24 па 29 кастрычніка Вы знаходзіліся ў Жэнэве, дзе праходзіла 65-я сэсія Камітэту па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын. Скажыце некалькі словаў пра Вашу паездку.
Візыт быў арганізаваны польскай праваабарончай арганізацыяй «Хэльсынская фундацыя правоў чалавека», якая знаходзіцца ў Варшаве. Мэтай паездкі было пазнаёміць беларускіх праваабаронцаў з працай міжнародных грамадзкіх арганізацыяў, якія ўзаемадзейнічаюць практычна з усімі падразьдзяленьнямі ААН.
Важнай часткай візыту стала знаёмства са штодзённай дзейнасьцю дамоўных органаў ААН. Адбыліся сустрэчы з высокапастаўленымі супрацоўнікамі Ўправы Вярхоўнага камісара па справах уцекачоў і з работнікамі сакратарыяту Ўправы Вярхоўнага камісара па правох чалавека.
Падчас візыту мне было цікава, як працуюць спэцыяльныя працэдуры Рады па правох чалавека ААН, і як іх выкарыстоўваць у сваёй праваабарончай дзейнасьці.
Галоўнай жа падзеяй, несумненна, стала 65-я сэсія Камітэту па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын, на якой быў разгледжаны восьмы пэрыядычны даклад Рэспублікі Беларусь.
І якія Вашы ўражаньні ад дакладу?
Даклад Рэспублікі Беларусь зачытвала намесьніца старшыні Савету Рэспублікі Марыяна Шчоткіна. Як і кожная бюракратычная справаздача, ён утрымліваў мала фактычнага матэрыялу, у ім было шмат агульных і спрэчных сьцьверджаньняў наконт становішчы жанчын у Беларусі. З боку дзяржавы практычна адсутнічала самакрытыка. Агульны пасыл дакладу сусьветнай супольнасьці – у Беларусі з правамі жанчын проста цудоўна, а асобныя дробныя хібы, што маюцца, найбліжэйшымі гадамі будуць цалкам ліквідаваны.
Апроч таго, даклад ня быў адаптаваны да прачытаньня на міжнародным узроўні, зьмяшчаў скарочаныя назвы беларускіх органаў і арганізацыяў, быў насычаны мноствам спэцыяльных тэрмінаў, што рабіла яго цяжкім для дакладнага перакладу і, як вынік, даклад аказаўся складаным для ўспрыняцьця прысутнымі.
Як трымалася афіцыйная беларуская дэлегацыя падчас выступу і абмеркаваньня дакладу?
Трэба адзначыць, што да выступу перад камітэтам урад падрыхтаваўся сур'ёзна. Апроч кіраўніка Марыяны Шчоткінай, у складзе дэлегацыі знаходзіліся спэцыялісты з многіх беларускіх міністэрстваў і ведамстваў. Стварылася ўражаньне, што гэтыя чыноўнікі сярэдняга зьвяна глыбока ведаюць праблемы жаночага насельніцтва краіны. Яны мелі адэкватныя статыстычныя дадзеныя і наконт стану здароўя дзяўчынак і жанчын, і пра ўмовы ўтрыманьня жанчын у папраўчых установах, і пра цяжкасьці рэгістрацыі жаночых праваабарончых груп. Можна адзначыць, што яны тонка разьбіраюцца ў праблемах беларускай прастытуцыі, жаночага алькагалізму, ВІЧ і СНІДу, аральнай і вагінальнай кантрацэпцыі, у цяжкасьцях жанчын нацыянальнасьці рома, складанасьцях адаптацыі мігрантаў, у нюансах выжываньня пажылых жанчын і малалетніх дзяўчынак і ў шмат якіх іншых аспэктах, што да правоў і свабод жанчын.
Аднак кідалася ў вочы і тое, што шараговыя сябры афіцыйнай дэлегацыі краіны ўспрымалі адбывалае як бітву, у якой неабходна любымі сродкамі перамагчы суперніка – міжнародную грамадзкасьць і прысутных беларускіх праваабаронцаў. Нават падчас перапынку трымаліся насьцярожана, хадзілі па Палацы Нацыяў толькі ў складзе групы. На прапанову сфатаграфавацца разам зь землякамі-праваабаронцамі неадэкватна адказалі катэгарычнай адмовай.
А якія моманты дакладу сталі самымі запамінальнымі асабіста для Вас?
Мне запомніўся адказ спадарыні Шчоткінай на пытаньне пра тое, чаму жанчыны – хатнія гаспадыні павінны плаціць падатак за «дармаедзтва», калі іх дзеці старэйшыя за сем гадоў. У гэтым, паводле сьцьверджаньня аднаго з чальцоў камітэту, тоіцца наўпроставая дыскрымінацыя беларускіх хатніх гаспадынь.
Марыяна Акіндзінаўна доўга і блытана пераконвала сябраў камітэту і ўсіх прысутных у тым, што працэдура вызначэньня сацыяльных утрыманцаў знаходзіцца яшчэ ў стадыі апрабаваньня. Што ёсьць прапановы грамадзкасьці падняць узрост дзяцей, пачынаючы зь якога будзе вылічацца падатак іх бацькам, з 7 да 14 гадоў.
На жаль, у прысутных праваабаронцаў не было працэдурнай магчымасьці злавіць на хлусьні былога міністра па працы і сацыяльнай абароне. Бо вось ужо больш за месяц, як беларускія «дармаеды» сталі знаходзіць у сваіх паштовых скрынях «лісты шчасьця» ад падатковых інспэкцыяў з просьбай аплаціць гэты дыскрымінацыйны, ганебны падатак.
Тым ня менш з дапамогай міжнародных арганізацыяў беларускія ўрад і грамадзянская супольнасьць нарэшце сталі весьці дыялёг на міжнародных пляцоўках. Гэта факт. Што Вы можаце сказаць наконт гэтага?
Я толькі вітаю тое, што ў праваабаронцаў і іншых прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасьці зьяўляюцца магчымасьці падыскутаваць з прадстаўнікамі нашага ўраду на трыбунах міжнародных форумаў. Пакуль гэта нельга назваць дыялёгам. Але я перакананы аптыміст і веру, што ўдзел у мерапрыемствах міжнароднага ўзроўню дапаможа грамадзкім актывістам дагрукацца да ўрадавых чыноўнікаў і быць імі пачутымі.
https://vitebskspring.org/news/pravaabaroncy/item/2061-pravaabarontsa-leanid-svetsik-ya-perakanany-aptymist#sigProId76f8bf6e5b
Лявон Яфрэменка