Ідэя навучаць дарослых людзей узьнікла ва ўладаў пасьля ўдзелу ў міжнародным праекце «Рэгіён, які вучыцца: адукацыя для ўсіх пакаленьняў», што быў рэалізаваны інстытутам разьвіцьця адукацыі пры фінансавай падтрымцы прадстаўніцтва таварыства Deutscher Volkshochschul-Verband e.V. (ФРГ) у Беларусі.
Для адкрыцьця НСУ былі адрамантаваныя памяшканьні ТЦСАН Першамайскага раёну Віцебску, закупленае і ўстаноўленае спартовае абсталяваньне, кампутары і новая мэбля. І увосень 2014 году Народны сацыяльны універсітэт як пункт атрыманьня бясплатнай нефармальнай адукацыі для людзей, якім ужо за 30, запрацаваў.
У цяперашні час на 11 факультэтах унівэрсытэту элементарную адукацыю атрымліваюць больш за 200 чалавек. Тут ёсьць факультэты праваслаўя і каталіцкай асьветы, факультэт замежных моваў і факультэт псыхалёгіі, ахвотныя могуць асвоіць асновы журналістыкі, атрымаць веды пра турызм і краязнаўства, занурыцца ў сьвет новых тэхналёгіяў, таксама ва ўнівэрсытэце маюцца факультэт фізычнай і рухальнай актыўнасьці, музычна-тэатральны факультэт, творчыя майстэрні.
Даведаўшыся пра зьяўленьне народнага ўнівэрсытэту ў Віцебску, праваабаронцы з Рэспубліканскага грамадзкага аб'яднаньня «Беларускі Хэльсынскі Камітэт» вырашылі, што гэта адкрыла добрую магчымасьць для асьветы народу ў галіне правоў чалавека. У траўні 2015 году яны прапанавалі дырэктару ТЦСАН спадарыні Старынскай утварыць адпаведны факультэт. Тая зацікавілася ідэяй праваабаронцаў і прапанавала ім скласьці праграму факультэту правоў чалавека.
Цягам месяца праграма была складзеная і перададзеная на разгляд дырэктару. І ў адказ – маўчаньне. Пачакаўшы некаторы час і не дачакаўшыся ніякай далейшай рэакцыі на сваю прапанову, праваабаронцы зноў зьвярнуліся да кіраўніцтва ТЦСАН. Высьветлілася, што праграма была згубленая кімсьці з работнікаў, і давялося перадаваць яе ў цэнтар паўторна.
Гэтым разам праграму не згубілі. Яна была адпраўленая на экспэртызу ў Віцебскі дзяржунівэрсытэт і Ўпраўленьне юстыцыі Віцебскай вобласьці. А праваабаронцаў дырэктар Старынская чамусьці папрасіла прадставіць дакумэнты, якія пацьвярджаюць іх адукацыю.
Час ішоў, а факультэт ўсё не адкрываўся. Пасьля шасьцімесячнай бюракратычнай цяганіны праваабаронцы атрымалі паведамленьне пра тое, што іх прапанова па навучаньні жыхароў Віцебску абароне сваіх сацыяльна-эканамічных, грамадзянскіх і культурных правоў адхіленая. Прычына: у праваабаронцаў адсутнічае юрыдычная адукацыя.
Такое нечаканае рашэньне вельмі зьдзівіла праваабаронцаў. Бо яны прапанавалі адкрыць факультэт правоў чалавека пры Народным сацыяльным унівэрсытэце, а не прапаноўвалі сябе ў якасьці выкладчыкаў!
Актывісты праваабарончага руху меркавалі, што выкладаць правы чалавека на новым факультэце НСУ будуць выкладчыкі юрыдычных дысцыплін віцебскіх ВНУ, пракурорскія работнікі, судзьдзі, работнікі міліцыі і органаў юстыцыі.
Дырэктар ТЦСАН Тацьцяна Старынская не зразумела ці не захацела зразумець прапанову праваабаронцаў. І зрабіла апошніх вінаватымі ў тым, што факультэт правоў чалавека так і не зьявіўся. Маўляў, нейкія некампэтэнтныя і неадукаваныя грамадзяне захацелі адкрыць факультэт, ня маючы фармальнага права выкладаць адпаведныя дысцыпліны.
Гэта ня першы выпадак, калі віцебскія чыноўнікі адхілілі ініцыятыву актывістаў у галіне грамадзянскай адукацыі. У горадзе даўно ўжо немагчыма атрымаць ад уладаў на ўмовах арэнды памяшканьня для правядзеньня адукацыйных мерапрыемстваў.
Як сьведчыць шматгадовая практыка, чыноўнікі адмаўляюцца супрацоўнічаць з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацыяў і ініцыятываў, калі справа тычыцца грамадзянскай адукацыі і прасоўваньня ведаў аб правох чалавека. А ў выпадку з адкрыцьцём факультэту правоў чалавека, якое так і не адбылося, нават нямецкім настаўнікам не ўдалося пераканаць беларускіх прадстаўнікоў улады ў неабходнасьці і важнасьці супрацоўніцтва дзяржавы з праваабаронцамі.
Лявон Яфрэменка