Палова юрыстаў – удзельнікаў праваабарончай ініцыятывы ўжо знаходзяцца на пэнсіі. Яны спадзяюцца, што іх прафэсійныя і іншыя веды, навыкі і досьвед стануць карысным унёскам у агульную справу. Праваабаронцы, што аб'ядналіся, маюць юрыдычную адукацыю і, дадаткова, скончылі курсы павышэньня кваліфікацыі «Імплемэнтацыя дэ-факта міжнародных забавязаньняў Рэспублікі Беларусь у галіне грамадзянскіх правоў і свабод» пры Беларускім доме правоў чалавека.
Адзін з праваабаронцаў, юрыст Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) Мікалай Шарах, зьяўляецца сябрам Рады па пытаньнях удасканаленьня заканадаўства ў сацыяльна-працоўнай сфэры пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Беларусі. Кажа спадар Мікола: «Словам "праваабаронца" ў нас прынята называць толькі тых, хто адстойвае грамадзянскія і палітычныя правы грамадзян. Мы ж лічым ня менш важнымі працоўныя, сацыяльна-эканамічныя і іншыя правы, у якіх ушчамляюцца нашы грамадзяне. Дзеля дапамогі нашым людзям у адстойваньні гэтых правоў і створанае ў Полацку Простае таварыства па аказаньні дармовых юрыдычных паслуг».
Па суботах, у другой палове дня, юрысты-праваабаронцы пачалі прымаць грамадзян для кансультацыяў. Абвесткі пра прыём юрыстаў у Полацку на вуліцы Усьпенскай, 3, пакой 13, распаўсюджваюцца на дошках аб'яваў. Першыя, хто зьвярнуўся, заявілі пра парушэньні правоў работнікаў падчас звальненьня: дырэктары з жаданьня зэканоміць на рабочых спрабуюць іх звольніць за ўяўныя парушэньні. Зьвярталіся за дапамогай і індывідуальныя прадпрымальнікі наконт пытаньняў абароны іх правоў і законнасьці арганізацыі мітынгу ў Полацку.
Юрысты-праваабаронцы мяркуюць аказваць палачанам дапамогу ў напісаньні заяваў, скаргаў (у тым ліку калектыўных) і пазоваў у розныя інстанцыі. Таксама яны гатовыя праводзіць кансультацыі па пытаньнях працоўных адносінаў з наймальнікам, парушэньняў правоў спажыўцоў, абароны ад самавольства чыноўнікаў.
Аляксандар Марозаў