Дэпартамэнт выкананьня пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь ня даў дазволу незалежнаму журналісту наведаць установы пэнітэнцыярнай сыстэмы. З адпаведнай заявай зьвярнуўся ў дэпартамэнт віцебскі сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Кастусь Мардзьвінцаў. «Кіраўніцтва дэпартамэнту лічыць немэтазгодным наведваньне Вамі папраўчых калёніяў крымінальна-выканаўчай сыстэмы МУС Рэспублікі Беларусь», – паведаміў заяўніку першы намесьнік начальніка ДВП С.І. Працэнка.

Падлеткавую папраўчую калёнію ў Віцебску плянуюць зачыніць. Пра гэта паведаміў намесьнік начальніка аддзелу ўпраўленьня прафіляктыкі Міністэрства ўнутраных спраў Валер Мялешка. “Паступова мы прыйшлі да таго, што ў нас застанецца адна падлеткавая калёнія - у Бабруйску, дый там зьмяшчаецца зусім ня шмат зьняволеных. Раней такіх калёніяў было тры - яшчэ дзьве ў Віцебску. Адна зь іх зачыненая некалькі гадоў таму, другую таксама плянуецца зачыніць”, - распавёў Валер Мялешка.