Спадарыня Таня, распавядзіце, калі ласка, пра Ваша спатканьне з братам. Як доўга яно працягвалася?
Насамрэч нам далі магчымасьць мець не адну, а дзьве сустрэчы. Дзьве гадзіны – першая сустрэча, і на наступны дзень – яшчэ дзьве гадзіны. Але гэта не былі спатканьні ў поўным разуменьні слова. Не было ніякай прыватнасьці, мы не знаходзіліся побач – нам адно дазволілі размаўляць праз слухаўку. Я спытала ў супрацоўнікаў турмы, ці можна будзе сустрэцца як-небудзь яшчэ. Яны адказалі: не, дазволена толькі адзін раз.
Якое Ваша ўражаньне ад сустрэчы? Як Алан трымаецца?
Трымаецца ён бадзёра. Але бачна, наколькі яму нялёгка. Моцна схуднеў. За час знаходжаньня ў турме страціў 15 кіляграмаў. Казаў, што ўвесь час мусіць сядзець у маленькім пакойчыку, бяз шпацыраў.
Што яшчэ казаў Алан пра ўмовы утрыманьня?
У пакоі, дзе ён сядзіць, брудна. Толькі раз на тыдзень можна прымаць душ. Таксама толькі раз на тыдзень ёсьць магчымасьць праць бялізну. Неяк мой брат адчуў сябе кепска, прасіў, каб выклікалі да яго лекара – дык просьбу не задавальнялі доўгі час. Калі ж лекар нарэшце прыйшоў, то даў яму пратэрмінаваныя пігулкі. У выніку стала яшчэ горш.
У Алана мэталёвы пратэз у руцэ, і ён мае патрэбу ў фізычных практыкаваньнях, але неабходныя практыкаваньні яму забараняюць, забараняюць расьцягваць ці нават падымаць руку. Яму патрэбная таксама псыхатэрапія, але і гэта не дазволена.
Кожны месяц нейкія незвычайныя ахоўнікі ў масках і ўніформе зь вялікай зброяй наведваюцца ў камэры. Гэта вельмі палохае сядзельцаў. Алан не разумее, што гэта такое.
Магдалена, жонка Алана, казала нам, што да яе не даходзяць яго лісты – цягам апошняга месяца яна атрымала толькі адзін ліст. Таксама віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік казаў, што накіраваў ліст Алану яшчэ ў сьнежні, але так і не атрымаў ніякага адказу. Ці можаце нешта сказаць наконт гэтага?
Гэта сапраўды вялікая праблема. Мы пішам рэгулярна лісты Алану. Але большасьць зь іх ён ніколі ня бачыў. І сам Алан – ён піша лісты нам ледзь ня штодня. Аднак мы іх не атрымліваем.
Пытаньне наконт сутнасьці справы. Мы толькі ведаем, што Алан абвінавачаны паводле артыкулу 371¹ Крымінальнага кодэксу – арганізацыя незаконнай міграцыі. Але больш ня маем ніякіх зьвестак.
Цяпер сьледзтва скончанае. Алан і ягоная адвакатка вывучаюць матэрыялы справы. Але насамрэч ён ні ў чым не вінаваты! Адзіны іхны доказ – гэта здымак, як ён дапамагаў жанчыне з інваліднасьцю з Іраку сесьці ў машыну. Гэта – усё, што яны маюць. Хіба яны могуць адправіць чалавека ў турму толькі за здымак?!
Неўзабаве матэрыялы справы будуць перададзеныя пракурору на разгляд. Ці можа пракурор скасаваць справу?
Тэарэтычна, можа. Але зыходзячы з практыкі ў Беларусі, наўрад ці зробіць гэта. Дык што рыхтуйцеся да суду. На тое, што і ў судзе справа будзе выйграная – асабліва не спадзявайцеся...
Калі ўсё-такі суд будзе, мы ўсе прыедзем на яго. Спадзяюся, на судзе будуць і журналісты, і праваабаронцы. Я ўпэўненая, што Алан суд выйграе. Бо ён ні ў чым не вінаваты!
Кастусь Дзьвінскі