Мы папрасілі праваабаронцаў, незалежных журналістаў, грамадзкіх і палітычных актывістаў, якім давялося надоечы адседзець ў ІЧУ, падзяліцца сваімі ўражаньнямі ад знаходжаньня ў няволі і распавесьці пра ўмовы, зь якімі сутыкнуліся там. Прычым вырашылі зьвярнуцца ня толькі да тых, хто сядзеў у Віцебску, але і да тых, хто пабываў у месцах ўтрыманьня правапарушальнікаў іншых гарадоў вобласьці.
Вось жа, прадстаўляем нашым чытачам першае сьведчаньне з цыклу «Я І ІЧУ. Асабісты погляд». Распавядае Леанід Сьвецік, праваабаронца. Адседзеў у ІЧУ 15 сутак за маніторынг масавых мерапрыемстваў, якія праходзілі ў Віцебску 25 і 26 сакавіка.
У віцебскім сьледчым ізалятары часовага ўтрыманьня я адбываў адміністрацыйны арышт ўпершыню. Што мяне ўразіла?
Рэжым утрыманьня – камэрны, г.зн. поўная ізаляцыя ад зьнешняга сьвету. У камэрах цесна, дрэнная вэнтыляцыя.
Прыбіральня – у выглядзе ўнітаза, адкрытага для агульнага агляду, у якога змыў ручны.
Сьцены – не разгладжаны бэтон, шэрыя і халодныя.
У камэры ёсьць стол. Ёсьць прыкручаныя да падлогі крэслы, але не ва ўсіх камэрах. У кожнага вязьня ляжак: заключаны ў зялезны каркас дашчаны насьціл.
Вада з крана ідзе чыстая, халодная, прыдатная для піцьця. Мыла – 6-ая частка кавалка гаспадарчага мыла.
Сьвятло гарыць у камэры круглыя суткі. Ахова пэрыядычна зазірае ў камэру празь дзьвярную шчыліну – вочка. Відэаназіраньне ў камэры ажыцьцяўляецца 24 гадзіны ў суткі.
Матрац і падушку выдаюць на ўвесь тэрмін, пасьцельную бялізну і ручнік выдаюць 1 раз на сем сутак. Душ мае быць раз на тыдзень.
Курэньне дазволенае, прычым у адных і тых жа камэрах разам разьмяшчаюцца арыштанты, якія кураць, і якія ня кураць.
Прыбіраньне памяшканьняў, згодна з правіламі, робяць самі арыштанты. За 15 дзён вільготнай прыборкі не зьдзяйсьнялася, бо ня выдалі анучы і швабры. Дэзінфэкцыя ўнітаза і яго чыстка былі праведзеныя толькі адзін раз за два тыдні – працаўніца ізалятара засынала туды жменьку ачышчальнага парашку.
Раніцай і ўвечары праверкі, падчас якіх усіх, хто ўтрымліваецца ў камэры, выводзяць у калідор, ставяць тварам да сьцяны, рукі з апорай на сьцяну. Абшукваюць і людзей, і камэру. Падчас праверак дзяжурныя пытаюцца пра скаргі на здароўе і пра тое, ці ёсьць якія-небудзь пытаньні.
Тэлефанаваць на волю даюць толькі пасьля разгляду пісьмовай заявы начальнікам ізалятара, які павінен накласьці на заяву станоўчую рэзалюцыю.
Ежа – тры разы на суткі. Без асабенак: палова баханкі чорнага і белага хлеба на суткі, неспажыўныя супы-баршчы, кашы, адзін раз на суткі – падсалоджаная гарбата. Зь мясных страваў – вечная катлета з інгрэдыентаў невядомага паходжаньня. Посуд – мэталёвы: міскі, талеркі, лыжкі і кубкі бяз ручак.
Пасылкі харчовыя і рэчавыя прымаюць ад сваякоў без абмежаваньня вагі, але толькі дазволеныя законам прадметы і ежу.
У працоўныя дні можна зьвярнуцца да фельчара ІЧУ, якая можа зьмераць ціск і тэмпэратуру, паслухаць дыханьне, зрабіць абеззаражаньне ранаў і перавязаць іх. У яе адсутнасьць дзяжурны на патрабаваньне арыштанта выклікае хуткую мэдычную дапамогу.
Шпацыры адбываюцца на працягу паўгадзіны ў адмыслова абсталяваным памяшканьні, без вываду ў двор ІЧУ.
З 6:00 да 22:00 пастаянна гучыць радыё FM-дыяпазонаў. Выбіраюцца такія станцыі, па якіх перадаецца поп-музыка і мінімум інфармацыйных праграмаў. Гук уключаецца, як толькі па радыё адыграе дзяржаўны гімн.
Ёсьць бібліятэка, у якой маецца некалькі старых падраных кнігаў. У работнікаў ІЧУ можна папрасіць шашкі. Калі будзе свабодны камплект – выдадуць.
Пэрсанал ізалятара ў сваёй масе зьяўляецца работнікамі міліцыі. Яны трымаюцца з арыштантамі на афіцыйнай адлегласьці, не вядуць размоваў, не аказваюць паслугаў па-за патрабаваньнямі правілаў распарадку ўстановы. Лісты перадаюць зьняволеным грамадзянам пасьля рэгістрацыі ў кнізе уваходнай/выходнай карэспандэнцыі. Ня чыняць перашкодаў працы абаронцаў. Сустрэчы са сваякамі не дазваляюцца. У выпадку парушэньня рэжыму работнікі ўжываюць спэцсродкі да парушальнікаў. За час майго знаходжаньня я чуў, як парушальнікі прасілі зьняць зь іх кайданкі, бо ім было балюча, і яны больш ня будуць парушаць правілы знаходжаньня ў ізалятары.
За два тыдні толькі адзін раз камэры абыходзіў работнік пракуратуры, у абавязкі якога ўваходзіць нагляд за працай ізалятара.
Аплачвае ўтрыманьне арыштант з уласных сродкаў па тарыфе 11 рублёў 50 капеек за суткі знаходжаньня ў ІЧУ.