Алану Сьміту выстаўленыя абвінавачаньні паводле артыкулу 371¹ Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (арганізацыя незаконнай міграцыі). Як распавяла Магда, яна гатовая зрабіць усё, што ад яе залежыць, каб даказаць у судзе, што Алан ня зьдзяйсьняў таго, што прад'явіла яму сьледзтва.
Зыходзячы з высокіх памкненьняў, Магда піша скаргі ў разнастайныя дзяржаўныя органы, даводзячы да ведама кіраўнікоў гэтых органаў факты парушэньняў правоў і законных інтарэсаў свайго мужа.
Так, у апошнім лісьце да начальніка ўправы Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС па Віцебскай вобласьці палкоўніка ўнутранай службы Аляксандра Сівохі яна скардзіцца на тое, што ўтрыманьне Алана ў СІЗА №2, якое знаходзіцца ў Віцебску, не адпавядае міжнародным стандартам гуманнага стаўленьня да чалавека. Магда Валінска падае ў сваёй скарзе канкрэтныя прыклады парушэньняў з боку сьледзтва ў дачыненьні да ейнага мужа.
«Перш за ўсё, яму ня быў забясьпечаны законны перакладчык. Я была разам з Аланам, калі нас спынілі. Чалавек, які тады нам перакладаў, наогул не валодаў ангельскай мовай. Таму ў паказаньнях Алана было шмат непаразуменьняў. Калі Алана перавялі ў Віцебск, яму не далі перакладчыка і ягоныя правы не былі яму зачытаныя прыкладна на працягу месяца. Ён ня ведаў, у чым яго вінавацяць», – піша Магда.
У яе скарзе паведамляецца пра дзіўныя забароны, якія існуюць у СІЗА №2: «У Алана праблемы са здароўем. Ён перанёс апэрацыю каля году таму, у яго ўстаўленая пласьціна ў ключыцу. Яму трэба выконваць пэўныя практыкаваньні, але ў СІЗА гэта яму забаронена. Яму нават не дазваляецца падымаць рукі. Я разумею, што СІЗА – гэта месца зьняволеньня, і ў ім ёсьць свае правілы і абмежаваньні. Але ён жа чалавек, і зь ім трэба абыходзіцца як з чалавекам».
Далей жонка брытанца з жахам, уласьцівым заходняму чалавеку, які пазнаёміўся зь беларускімі рэаліямі, паведамляе, што яе мужу не дазвалялі падкладаць падушку пад сьпіну, калі той сядзеў цэлы дзень, прыхінуўшыся да халоднай сьцяны, а калі ў Алана не было пасьцельнай бялізны, то турэмныя ўлады не дазволілі перадаць яму прасьціны і навалачку».
Вялікія пытаньні да беларускіх уладаў у Магды выклікае ліставаньне з абвінавачаным: «Я пішу яму па тры лісты на тыдзень. А ён іх не атрымліваў, а калі атрымліваў, то яны ўжо былі старымі па датах».
На ўсе выкладзеныя ў скарзе факты парушэньняў правоў Алана Сьміта, начальнік УДВП па Віцебскай вобласьці палкоўнік А. Сівоха коратка і па-ваеннаму дакладна паведаміў скаржніцы наступнае:
«Супрацоўнікамі ўпраўленьня ДВП МУС Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласьці была праведзеная адпаведная праверка. Па пытаньнях тлумачэньня ў СІЗА № 2 Сьміту Алану Полу, які ўтрымліваецца пад вартай, яго правоў, аказаньня апошняму мэдычнай дапамогі ва ўстанове, неадпраўкі яго карэспандэнцыі адрасатам супрацоўнікамі ўпраўленьня ДВП МУС Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласьці раней праводзіліся праверкі, падчас якіх фактаў парушэньня дзейнага заканадаўства з боку супрацоўнікаў СІЗА № 2 у дачыненьні да Сьміта Алана Пола ня выяўлена, пра што Вам былі накіраваныя адпаведныя адказы.
Паведамляю, што пасьцельнай бялізнай Сьміт Алан Пол быў забясьпечаны ў поўным аб'ёме ў дзень прыбыцьця ва ўстанову (01.10.2016), далей зьмена пасьцельнай бялізны ажыцьцяўляецца штотыдзень пасьля мыцьця ў душы. Фактаў недаваньня пасьцельнай бялізны Сьміту Алану Полу, які ўтрымліваецца пад вартай, ва ўстанове не было».
Цяпер Алана, яго родных і блізкіх чакае новае выпрабаваньне – знаёмства зь беларускім правасудзьдзем. І ня факт, што гэта знаёмства не ператворыцца ў чарговае суцэльнае расчараваньне.
Лявон Яфрэменка